“Уся сіла чалавека — у зямлі. І сіла ўся, і радасць! Няма зямлі — няма, лічы, і чалавека!”, так гаварыў, аўтар славутай “Палескай хронікі” Іван Мележ.
Ёсць у беларускай літаратуры асобы, якія ва ўсе часы прыцягваюць да сябе ўвагу і даследчыкаў, і чытачоў. На іх творах вучацца маладыя літаратары, іх жыццё служыць матэрыялам для мастацкіх твораў і навуковых прац. Такой асобай з’яўляецца Іван Паўлавіч Мележ. У цэнтральнай раённай бібліятэцы для вучняў старэйшых класаў СШ №1 быў праведзены літаратурныя вернісаж “Палескай зямлі волат”, прымеркаванны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі.
З бібліятэкарамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ вучні зрабілі падарожжа па жыццёвых і творчых сцяжынках Івана Паўлавіча. Даведаліся аб некаторых цікавых фактах з біяграфіі пісьменніка, пра гісторыю стварэння першага апавядання і аб тым, як ён любіў роднае Палессе, зямлю свайго маленства- адсюль яго выключная дабрыня і спагадлівасць. Калі сёння мы перачытваем яго “Палескую хроніку”, адчуваем, як аўтар быў заклапочаны лёсам палешукоў, якія маюць прыроджаную кемлівасць, чулую душу, высакароднасць і адоранасць.
Да мерапрыемства была арганізавана выстава – партрэт “Жыў лёсам людзей на балоце” на якой прадстаўлены зборы твораў Івана Мележа розных гадоў выдання, асобныя творы аўтара, апавяданні і аповесці пра мірнае жыццё, п’есы, раман “Мінскі напрамак” і таксама галоўны твор – “Палеская хроніка”. Вучні паглядзелі відэафільм “Запіскі на палях”. Напрыканцы мерапрыемства з прысутнымі была праведзена літаратурная віктарына аб жыцці і творчасці Івана Мележа.
Праходзяць гады, але памяць аб нашым славутым земляку застанецца шматлікім пакаленням.
Закончылася мерапрыемства радкамі Рыгора Барадуліна “Не веру”.
Ён ёсць!
Ён ёсць!
Ён з намі,
Ён жыве,
Ён не жывым не можа быць ніколі!