Майсей Калінiкавіч Юскавец нарадзіўся 16 жніўня 1898 года ў в. Заверша Бездзежскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губернii (цяпер в. Заверша Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці).
З ранняга дзяцінства, як і многія вясковыя дзеці, Майсей дапамагаў бацькам па гаспадарцы, пасвіў кароў. Гэта не перашкодзіла яму закончыць Завершскую школу, дзе хлапчук атрымаў пачатковую адукацыю. Прагу і цікавасць да ведаў і навукі Майсею ў многім прывіваў і старшы брат Пётр, які працаваў настаўнікам пачатковых класаў у сваёй жа вёсцы. Але ранняя, заўчасная страта бацькі прымушае Майсея Юскаўца думаць не толькі пра навуку, але і пра кавалак хлеба надзённага. І ў непаўналетнім узросце ён пайшоў на будоўлю Брэсцкай крэпасці, дзе тады вяліся пэўныя работы па яе ўмацаванню. А ў 1914 годзе, у шаснаццацігадовым узросце, яго прызвалі ў дзеючую армію Заходняга фронта і накіравалі на вучобу ў ваенную ветфельчарскую школу ў Парахонску. Пасля яе заканчэння ў 1915 годзе Майсея Юскаўца залічылі ветэрынарам у 13-ю інженерна-будаўнічую дружыну Заходняга фронта. А закончыў свой ваенны шлях Майсей Калінкавіч на франтах грамадзянскай вайны, у часцях пад камандаваннем М. В. Фрунзе.
Пазней М. Юскаўца накіроўваюць на вучобу ў Маскоўскі вышэйшы заатэхнічны інстытут імя Баўмана, на ветэрынарны факультэт. Яшчэ будучы студэнтам, у 1922 годзе Майсей выявіў ачаг небяспечнага захворвання сярод буйной рагатай жывёлы ў адной з падмаскоўных вёсак. Намаганнямі навукоўцаў і практыкаў пагроза распаўсюджвання інфекцыі была спынена. Аб гэтым паведамлялася тады ў газетах “Беднота” і “Крестьянская газета”.
Па рашэнню Маскоўскага абласнога аддзела студэнтаў М. Юскаўцу была дадзена магчымасць працягваць вучобу ў інстытуце, адначасова працуючы па сваёй спецыяльнасці ў адной з буйных гаспадарак Падмаскоўя. Да таго ж, за выяўленне эпізаатыі чумы ў якасці ўзнагароды Майсею Юскаўцу на час вучобы ў інстытуце была назначана стыпендыя. Гэта было неблагім заахвочваннем, якое акрыляла на далейшыя пошукі і адкрыцці. Тым больш, што нястомнай працавітасці і мэтанакіраванасці выхадцу з сялянскага роду было не займаць.
У 1925 годзе М. К. Юскавец скончыў Маскоўскі інстытут. З 1935 года ён працуе загадчыкам лабараторыі, а пазней – намеснікам дырэктара Усесаюзнага інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі.
У першыя днi Вялiкай Айчыннай вайны дабравольцам пайшоў у армію. Служыў ваенным ветэрынарным урачом 2 рангу у частках 48-й Чырвонай Арміі. У 1943 годзе быў адазваны з арміі, па 1951 год Майсей Калінікавіч узначальваў кафедру эпізааталогіі ў Маскоўскім хіміка-тэхналагічным інстытуце. У 1952–1957 гадах працуе ва Усесаюзным інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі, адначасова ў 1950–1956 гадах – у Інстытуце жывёлагадоўлі АН БССР. Ён быў адным з арганізатараў ў Беларусі Навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута. Сваю пазіцыю Майсей Калінікавіч абгрунтаваў тым, што Беларусь з’яўлялася варотамі СССР у Заходнюю Еўропу, а значыць, тут пастаянна існуе рызыка ўвозу і заражэння жывёл і людзей малавывучанымі інфекцыямі. У 1956 годзе Навукова-даследчы ветэрынарны інстытут быў адкрыты, а яго дырэктарам зацвярджаецца М. К. Юскавец. З 1961 года – загадчык аддзела мікрабіялогіі і імуналогіі гэтага інстытута.
У 1957 годзе ён быў абраны акадэмікам-сакратаром Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР. Задачай вялікай дзяржаўнай важнасці М. К. Юскавец лічыў поўную ліквідацыю туберкулёзу сярод жывёлы, які мог быць крыніцай захворвання і сярод людзей.
Майсей Калінікавіч Юскавец вучоны з сусветным іменем, ён быў удзельнікам многіх міжнародных канферэнцый, аўтар 150 навуковых прац, 5 манаграфій і зборнікаў па эпізааталогіі, мікрабіялогіі, імуналогіі сельскагаспадарчых жывёл, па пытаннях барацьбы з туберкулёзам, бруцэлёзам і іншымі хваробамі сельскагаспадарчых жывёл, выдадзеных у СССР і замежных краінах (Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Чэхаславакія, Кітай). Распрацаваў метад прыгатавання вакцыны са штаму бруцэл. У 1958 годзе за заслугі ў галіне ветэрынарнай навукі ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР М. К. Юскаўцу прысвоена званне ганаровага дзеяча навукі БССР. Ён узнагароджаны ардэнамi Леніна (1954), “Знак Пашаны” (1958, 1968), медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Майсей Калінікавіч Юскавец пасля працяглай і цяжкой хваробы памёр 23 красавiка 1969 года. Пахаваны на Усходнiх магілках г. Мінска.
Майсей Калінікавіч застаўся ў памяці ветэрынарнай грамадскасці, як эталон высокай гуманнасці, дабрасумленнасці, справядлівасці і як клапатлівы настаўнік маладых вучоных.
Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР на памяшканнi БелНДУЭВ устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар стваральніка і першага кіраўніка эксперыментальнай ветэрынарыі М. К. Юскаўца. 24 лютага 1989 года Савет Міністраў БССР выдаў пастанову аб прысваенні імя М. К. Юскаўца Завершскай базавай школе Драгiчынскага раёна.
На прыкладзе жыцця Майсея Калінікавіча не адно пакаленне тутэйшых школьнікаў магло пераканацца, што калі чалавек настойліва і сумленна імкнецца да ведаў, калі прыстойна і старанна служыць сваёй справе, не выбіраючы пры гэтым лёгкіх і ўтульных месц, то пашана і вядомасць сярод людзей і ў грамадстве яго абавязкова знойдуць.
Літаратура
- Юсковец Моисей Каллиникович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 700.
- Юскавец Майсей Калінiкавіч// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск : БелЭн, 2004. Т. 18. Кн.1. С. 220.
- Моисей Калинникович Юсковец(к 110-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Серыя аграрных навук. 2008. № 4. С. 111–112.
- Моисей Каллиникович Юсковец(к 110-летию со дня рождения) // Экология и животный мир. 2008. № 2. С. 80.
- Ковалев, Н. А. Моисей Каллиникович Юсковец : к 100-летию со дня рождения / Н. А. Ковалев, А. П. Лысенко // Ветеринария. 1998. № 9.
- Ковалев, Н. А. К100-летию со дня рождения академика Моисея Каллиниковича Юсковца / Н. А. Ковалев, А. П. Лысенко // Весцi Акадэмii аграрных навук Рэспублiкi Беларусь. 1998. № 4. С. 95–96.
- Юсковец Моисей Каллиникович // Ветеринарная энциклопедия : в
6 т. Москва, 1976. Т. 6. С. 754. - Аляксейчык, Я. Я. Юскавец Майсей Калінiкавіч / Я. Я. Аляксейчык // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Драгічынскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1997. С. 438.
- Мінзер, М.Акадэмік з Заверша… : [аб М. К. Юскаўцы, ураджэнцы вёскi] / Марыя Мінзер // Драгічынскі веснік. 2003. 21 мая (№ 39). С. 2.
- Мінзер, М.Славуты зямляк : [да 90-годдзя з дня нараджэння
М. К. Юскаўца, уражэнца Драгiчыншчыны] / Марыя Мінзер // Запаветы Леніна (Драгiчын). 1988. 16 жн. - Калесніковіч, Ф. А нарадзіўся ён у Завершы… : [пра акадэміка АН БССР М. К. Юскаўца] / Ф. Калесніковіч // Запаветы Леніна (Драгiчын). 1979. 20 лют.
- Библиографиянаучных трудов академика АН БССР М. К. Юсковца : к 80-летию со дня рождения / сост. С. М. Юсковец ; подгот.
Х. С. Горегляд, И. С. Жариков и др. Минск : Наука и техника, 1978. 24 с., порт. - Магіла Юскаўца Майсея Калінікавіча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. Мінск, 1988. С. 309.
- М. К. Юсковец : [некролог] / В. Ф. Мицкевич, В. Е. Лобанок,
В. И. Баврин, Н. Ф. Капич и др. // Сельская газета. 1969. 25 апр. - Юсковец, М. К. Туберкулёз сельскохозяйственных животных и птиц / М. К. Юсковец. 3 изд., перераб. и доп. Минск : Сельхозгиз БССР, 1963. 448 с. : ил.
- Юсковец, М. К.Бруцеллез сельскохозяйственных животных /
М. К. Юсковец. 2 изд., перераб. и доп. Москва : Сельхозгиз, 1960. 496 с. : ил.