Васіль Іванавіч Сянкевіч нарадзіўся 19 сакавіка 1959 г. на хутары Паянтрый бліз вёскі Асіпавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі працавалі ў калгасе, бацька – трактарыстам, а маці, Алена Міхайлаўна, была перадавой даяркай. З ранняга дзяцінства вучылі сыноў – Мікалая і Васіля – сумленнасці і прыстойнасці, павагі да людзей і любові да роднай зямлі.
Старэйшы брат Мікола з зачараваннем чытаў кнігі, яго захапляла навакольная прырода. У душы вясковага хлопчыка пасяліўся паэт-лірык, ён рана пачаў пісаць вершы. А вось як успамінае пра малодшага брата Васіля яго класны кіраўнік, настаўніца гісторыі, Любоў Мацвееўна Тарасюк: «Васю ў класе ўсе любілі. Ён быў вельмі чулым хлопчыкам, заўсёды гатовым падставіць плячо аднакласнікам. Да таго ж, Вася адрозніваўся добрай памяццю. На ўроках гісторыі ён слова ў слова паўтараў апублікаваныя ў газетах матэрыялы партыйнага з’езду…». Васіль удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах класа і школы. Любіў мастацкую літаратуру, шмат чытаў, быў эрудыраваным хлопчыкам.
Вася Сянкевіч захапляўся лёгкай атлетыкай, кідаў дыск і штурхаў ядро. Аднойчы на спаборніцтвах у Антопалі яго запрыкмеціў трэнер з рэспубліканскай спартыўнай школы. Бацькі не хацелі адпускаць сына ў сталіцу, але трэнер іх угаварыў. Два гады правёў Васіль ў Мінску. Адчуўшы, што спартсменам яму не стаць, вярнуўся ў сваю вёску Навасёлкі і ў родную Асіпавіцкую школу.
У 1976 г. Васіль Сянкевіч паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, які ў 1980 г. закончыў на выдатна. Падчас вучобы напісаў дыпломную працу па лінгвістычнай тэрміналогіі, і дзяржаўная камісія пакінула яго на кафедры ў якасці выкладчыка.
У 1984 г. паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. В. І. Сянкевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю «Категория аценки в белорусском и русском языках» (1987). Малады кандыдат філалагічных навук неўзабаве атрымаў званне дацэнта, з 1992 г. узначаліў кафедру беларускай і рускай моў з методыкай выкладання педагагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута.
Навука зачароўвала яго, клікала да адкрыцця новых гарызонтаў. Даследаваў праблемы прагмалінгвістыкі, семантыкі беларускай, польскай і рускай моў. У 1991 г. паступіў у дактарантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, абараніў доктарскую дысертацыю «Семантыка і прагматыка рэферэнцыяльных адносін у беларускай мове» (1996).
Доктар філалагічных навук (1997), член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі (1998) В. І. Сянкевіч свае веды і вопыт перадае студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна. Заслужыў званне прафесара (2000), стварыў навуковую школу намінатыўнай і функцыянальнай лінгвістыкі, напісаў больш за 80 навуковых прац.
Брат, Мікалай Іванавіч Сянкевіч (1957), працаваў настаўнікам малодшых класаў у школах, старшым выкладчыкам Брэсцкага універсітэта імя А.С. Пушкіна, карэспандэнтам абласной газеты «Народная трыбуна», аўтар артыкулаў па праблемах выхавання малодшых школьнікаў. Мікола Сянкевіч – член Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006), выдаў чатыры зборнікі прозы і вершаў, лаўрэат Берасцейскай літаратурнай мядовай прэміі (2016).