УСТАЛЯВАННЕ НЯМЕЦКАГА ПРЫГНЁТУ - Дрогичинская районная централизованная библиотечная система
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

УСТАЛЯВАННЕ НЯМЕЦКАГА ПРЫГНЁТУ

У гарадах і раёнах новыя ўлады стваралі гарадскія і раённыя ўправы, у сельскай мясцовасці — валасныя ўправы, у вёсках жа назначалі стараст, якіх у заходніх абласцях называлі солтысамі.

Гарнізоны і ўмацаваныя пункты вермахта, тэрытарыяльныя органы нямецкіх паліцэйскіх служб не толькі ахоўвалі камунікацыі і ваенныя аб’екты, лагеры ваеннапалонных, але і вялі барацьбу з партызанскім рухам. Гестапа, паліцыя і служба бяспекі, паліцыя падтрымання парадку, тайная палявая паліцыя і іншыя карныя органы акупантаў выяўлялі савецкіх патрыётаў і ўчынялі над імі крывавыя расправы. Яны ўдзельнічалі ў карных аперацыях супраць партызан, падпольшчыкаў і мірнага насельніцтва, стваралі агентурную сетку, сачылі за настроем людзей.

У канцы 1941 г. акупанты пачалі ствараць у буйных населеных пунктах паліцэйскія ўчасткі з мясцовага насельніцтва. У Драгічынскім раёне яны размясцілі іх у Хомску, Брашэвічах, Закозелі, Валаўлі, Осаўцах, Папіне, Ляхавічах, Бездзежы, Драгічыне. Служыць у паліцыю, як правіла, ішлі здраднікі, крымінальнікі, былыя служачыя панскай Польшчы. Былі сярод іх і тыя, хто згаджаўся служыць «новай уладзе» толькі дзеля таго, каб не ехаць на цяжкія работы ў Германію. Нямецкія спецслужбы ўсяляк дэзарыентавалі насельніцтва: маўляў, Чырвоная Армія вось-вось будзе разбіта, хутка наступіць канец Савецкай уладзе. Трубіла гітлераўская прапаганда і аб хуткім падзенні Масквы. Вядома, самым цяжкім было тое, што ніхто не ведаў, як далёка на ўсход адкацілася вайна. Сярод пэўнай часткі насельніцтва панавала разгубленасць. Не выпадкова, што пад уплывам гэтай ашалелай прапаганды некаторыя юнакі траплялі ў сетку карычневай павуціны, ішлі служыць у паліцыю.

Нямецкія ўлады стваралі таксама асобыя ахоўныя атрады. У нашым краі яны канцэнтраваліся ў Пінску і Кобрыне. У Кобрыне, напрыклад, знаходзіўся штаб батальёна «зялёнай паліцыі», у задачу якой уваходзіла ахова мастоў, шлюзаў і іншых важных аб’ектаў, а таксама барацьба з партызанамі.

На тэрыторыі Драгічынскага і Антопальскага раёнаў былі створаны лясныя каманды, у абавязкі якіх уваходзіла ахова лясоў, у тым ліку і ад партызан. Але актыўнасці гэтыя каманды не праяўлялі. Вялі ў асноўным распрацоўку і нарыхтоўку лесу, і па рацэ Ясельда, Дняпроўска-Бугскаму, Белаазёрскаму, Агінскаму, Грушаўскаму каналах сплаўлялі яго на ніжнія склады для адпраўкі ў Германію. Спешна аднаўляліся таксама некаторыя былыя панскія маёнткі. Неўзабаве яны пачалі дзейнічаць у Пярковічах, Закозелі, Орлавічах, Грудковічах, Гуце, Снітава і іншых месцах.

Літаральна з першых дзён вайны насельніцтва раёна адчула на сабе «новы парадак». Гітлераўцы знішчалі яўрэйскае насельніцтва, расстрэльвалі камуністаў, камсамольцаў, дэпутатаў, а таксама акружэнцаў-чырвонаармейцаў, якія часова знайшлі сабе прытулак у мясцовых жыхароў. Толькі за адзін дзень у жніўні 1941 г. карнікі знішчылі ў в. Хомск каля 2-х тысяч яўрэяў. У першыя месяцы акупацыі фашысты расстралялі актыўных калгаснікаў з в. Гурка, старшыню Асіпавіцкага сельсавета жыхара в. Навасёлкі А.Т. Бобрыка, савецкага актывіста з в. Радастава В.I. Дзмітрука. Жудасным днём увойдзе ў гісторыю раёна 1 студзеня 1942 г., калі ў траскучы мароз фашысцкія каты сагналі на рыначную плошчу насельніцтва Драгічына і на вачах людзей падверглі здзекам 7 ваеннапалонных, а затым закатавалі іх. У пачатку ліпеня 1942 г. гітлераўцы спалілі в. Галік і хутарскую гаспадарку ва ўрочышчы Макавішча, расстралялі 26 мужчын, жанчын і дзяцей. 23 жніўня таго ж года ў в. Усходы карнікі забілі 25 мірных жыхароў, спалілі многія дамы. Шмат сялянскіх пабудоў было знішчана гітлераўцамі ў пачатку вайны на Радастаўскіх, Сварынскіх, Вялікалескіх хутарах. 15 лістапада 1942 г. фашысты правялі масавы расстрэл яўрэйскага насельніцтва ў Антопалі.

Гітлераўскія ўлады трымалі людзей у пастаянным страху, імкнуліся задушыць усялякае іх імкненне да барацьбы. У многіх населеных пунктах дзейнічаў каменданцкі час. З 19 да 8 гадзін забараняліся ўсялякія пераходы і пераезды з вёскі ў вёску, з раёна ў раён без спецыяльнага дазволу. Тых, хто не падпарадкоўваўся гэтаму і іншым загадам, чакала смяротная кара. Расстрэльвалі людзей і за нявыхад на работу, за несвоечасовую яўку на перарэгістрацыю, за з’яўленне паблізу чыгункі, леса, за слуханне савецкіх радыёперадач і г.д. Смяротная кара пагражала за ўкрыццё камуністаў, актывістаў Савецкай улады і сем’яў партызан.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?