З успамінаў Мікалая Якаўлевіча Галаха, жыхара в. Хомск
Той далёкі чэрвень быў сонечным, шчодрым на цяпло. Мае малодшыя браты літаральна не вылазілі з Ясельды. Карцела і мне хоць разок бултыхнуцца з разбегу ў празрыстую ваду. Але не меў часу: разам з маці рыхтаваў на балоце сена для ўласнай жывёлы.
Памятаю, у суботу, апошнюю мірную, мы паставілі стажок. Меркавалі яго раніцай перавезці дамоў. У нядзелю громам пракацілася чутка аб тым, што пачалася вайна. Адразу адпалі ўсе дамашнія справы. На падворкі пачалі выходзіць суседзі. Кожнага пачутае хвалявала. Некаторыя сцвярджалі, што фашысты задумалі правакацыю. Аднак пасля абеда ўсе жыхары Хомска паверылі ў пачатак вайны: у небе з’явіліся нямецкія самалёты. Каля Заточча яны скінулі некалькі бомб у статак кароў. У вёсцы пачалася паніка, пасыпаліся праклёны ў адрас фашыстаў.
Адвячоркам праз Хомск прайшлі чырво- наармейцы, сем’і ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона. Сярод іх было много параненых. Хто з іх сядзеў на фурманках, а хто — на машынах. Мясцовыя жыхары пачалі распытваць прыбыўшых, дапамагаць ім харчамі.
У панядзелак, ледзь толькі ўзышло сонца, за Ясельдай фашысцкія сцярвятнікі збілі два нашых самалёты. Лётчыкі, а іх было трое, на парашутах уратаваліся. Яны прыйшлі ў Хомск, запыталі, дзе знаходзіцца медпункт. Воіны былі параненыя, ім фельчар зрабіла перавязкі. Пасля гэтага адзін з лётчыкаў сказаў:
— Калі немцам удасца ўглыбіцца ў Расію, дык там яны да зімы ўсё роўна будуць разбіты. Запомніце маё слова…
Хоць і са спазненнем, але прароцтва яго збылося.
Між тым абстаноўка рабілася ўсё больш і больш трывожнай. Актывісты Савецкай улады пагрузілі свае скарбы на падводы і надвячоркам рушылі на ўсход.
У аўторак у вёсцы ў форме савецкіх салдат з’явіліся нейкія матацыклісты. Мы спачатку прынялі іх за сваіх. Але незнаёмцы неўзабаве самі сябе выдалі. На дарозе Хомск-Старамлыны нашы, відаць, з-за адсутнасці гаручага кінулі танк. Пераапранутыя варожыя лазутчыкі, што прыбылі на матацыклах, абстралялі яго, думалі, што там укрыліся танкісты.
Праз некалькі гадзін пачалі рухацца асноўныя сілы нямецкіх войск. На машынах, матацыклах і веласіпедах. Ажно трое сутак ад варожай тэхнікі дрыжэла зямля і аглушалася наваколле…
З успамінаў Данілы Мікалаевіча Раманюка, жыхара в. Сіманавічы
Месяцы за два да апісваемых падзей я пачаў працаваць рахункводам Вулькаўскага сельпо. Было такое да вайны. Памятаю, быў аўрал: рыхтаваліся да квартальнай і паўтадовай справаздачы. Дамовіліся, што будзем працаваць у нядзелю. А ўсуботу адпачывалі. Кожны марыў аб чымсьці сваім, будаваў планы, дзяліўся думкамі наконт іх з сябрамі. Таму разышліся далёка за поўнач.
Раніца 22 чэрвеня выдалася дзівоснай: неба без адзінай хмаркі, свяціла сонейка. А дзевятай гадзіне я пайшоў на работу. Раптам бачу: на ўсход высока ў небе ляцяць эскадрыллі самалётаў. І да гэтага вялікімі групамі ляталі самалёты. Але сёння ўсё неяк насцярожвала — надта ж іх было многа.
Калі ўсе сабраліся ў бухгалтэрыі, пачалі дзяліцца думкамі наконт самалётаў. Некаторыя выказвалі меркаванне, што гэта звычайныя манеўры. Самалёты, маўляў, перабіраюцца на новыя аэрадромы, якія па тым часе будаваліся ў многіх месцах.
Ніхто нават і не падумаў, што пачалася вайна.
Мы працягвалі працаваць. У нас тады не было яшчэ тэлефоннай сувязі з райцэнтрам. Не было і радыё. Праўда, умясцовых жыхароў было некалькі батарэйных прыёмнікаў. Але Масква пакуль нічога не паведамляла. Каля 12 гадзін з Драгічына прымчаўся пасыльны і паведаміў страшэнную вестку: вайна! На вуліцы групамі пачалі збірацца людзі, ажыўлена абмяркоўвалі гэту навіну. Знайшліся такія, што гаварылі: у немцаў добрая тэхніка, таму Чырвоная Армія не стрымае іх націск. Другія сцвярджалі, што Расію яшчэ ніхто ніколі не перамагаў, што Напалеон нават заняў Маскву, але быў неўзабаве вытураны, што такі лёс чакае і Гітлера.
З успамінаў Марыі Ігнатаўны Супрун, жыхаркі в. Калонія Белін (цяпер в. Малінаўка)
У пачатку чэрвеня 1941 г. ў нас нарадзіўся сын — трэцяе па ліку ў сям’і дзіця. У суботу, 21 чэрвеня, па праваслаўнаму звычаю звазілі яго ў Осаўцы ў царкву, ахрысцілі.
Назаўтра, у нядзелю, намецілі правесці хрэсьбіны. На гэтую падзею былі запрошаны родзічы, суседзі. У суботу клаліся спаць позна: як-ніяк прыйдуць госці, таму спраў было неўправарот.
Раніца выдалася ціхая, сонечная. Дзень абяцаў быць гарачым. Адразу ж заняліся хатнімі клопатамі: выгналі ў поле жывёлу і пачалі рыхтавацца да прыёму гасцей. Прыкладна каля 9 гадзін раніцы цішыню парушыў гул самалётаў. Было іх у небе, як ніколі, многа. Нешта трывожнае адчувалася ў гэтым гуле. Хваля за хваляй самалёты ішлі на ўсход. Ляцелі яны пераважна над Дняпроўска- Бугскім каналам: водная артэрыя, відаць, служыла ім своеасаблівым арыенцірам.
Сонца было ўжо даволі высока, чакалі з поля статак, які ў абедзенны час заганялі ў хлеў, калі прыбег старэйшы брат мужа. Быў ён вельмі ўсхваляваны.
—Бяда, – ледзь не з парога пачаў ён.
—Толькі што з Беліна, з сельсавета, быў пасыльны. Пачалася, кажа, вайна. У Брэсце ўжо немец. Загадана праз гадзіну быць у сельсавеце…
Стала зразумела: вось што значылі ў небе самалёты! Неўзабаве прыйшлі яшчэ некалькі суседзяў, пераважна мужчын. Усе яны былі хмурыя, без настрою. Па запрашэнню гаспадара селі за стол, крыху перакусілі і разышліся па дамах. Дамовіліся праз паўгадзіны сабрацца і разам ісці ў сельсавет. З цяжкім сэрцам праводзілі мы іх з дому, трывожна на душы было і ў мужыкоў. Што прынясе вайна, як яна скончыцца?…
Уначы мяне разбудзіў стук у акно. Вярнуўся муж. Аказваецца, у сельсавеце, куды яны прыйшлі апоўдні, ужо нікога не было. Групай адтуль пешшу рушылі ў Драгічын. Але да горада не дайшлі. Перад чыгункай ім сустрэліся знаёмыя мужчыны, якія вярталіся назад у Белін. Яны паведамілі, што ў Драгічыне ўжо гаспадараць немцы.
У першыя дні вайны спыніўся рух на Дняпроўска-Бугскім канале. Там былі кінуты дзве баркі. Каманды з іх, відаць, пераселі на параходы і ўцяклі дамоў у Пінск. Адна барка была гружана збожжам, якое везлі ў Германію, другая – газай. Больш тыдня мясцовыя жыхары пераносілі (пераважна ноччу) гэтае дабро – не прападаць жа яму – сабе дамоў.
Фронт пакаціўся далей на ўсход, а нам, простым сялянам, лягчэй ад гэтага не стала. Жылі мы ў нейкім пастаянным страху і няведанні. Добрага, вядома, ніхто не чакаў. А вось бяды за вайну хапіла спаўна. Немцы ў нас спалілі дом, неаднойчы ад іх даводзілася ўцякаць у лес, дзе стаялі партызаны…