Уладзімір Мікалаевіч Сітуха нарадзіўся 16 чэрвеня 1950 г. у вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Гутаўскай сярэдняй школе. Сярод дзяцей выдзяляўся кемлівасцю, прагнасцю да вучобы. Мабыць, ад бацькі, гарманіста-самавучкі, цудоўнага спевака, якога называлі Міронычам і ведалі ва ўсёй акрузе, перадаліся хлопцу рысы таленавітасці.
Уладзімір Сітуха друкавацца пачаў у школьныя гады, першыя літаратурныя творы былі змешчаны на старонках раённай газеты. Неаднаразова станавіўся пераможцам раённых літаратурных конкурсаў, быў заўважаны пісьменнікамі і крытыкамі.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі быў запрошаны на працу ў Іванаўскую раённую газету «Чырвоная звязда». Тут, у рэдакцыі раёнкі, ён спасцігаў азы журналістыкі, пісаў цёплыя замалёўкі, нарысы аб лепшых людзях, ветэранах вайны і працы, штодзённа сустракаючыся з імі і пераймаючы ў іх жыццёвую мудрасць і шчодрасць душы.
Служыў у Савецкай арміі, але таксама актыўна супрацоўнічаў са шматлікімі выданнямі. Пасля службы працаваў у рэдакцыях раённых газет, на абласным радыё. Вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ імя У.І. Леніна. Дыпломную работу ў 1986 г. абараніў сваёй толькі што выйшаўшай з друку кніжкай «Автограф на ниве», чым прыемна здзівіў членаў дзяржаўнай камісіі.
Працяглы час працаваў уласным карэспандэнтам абласной газеты «Заря» па Іванаўскай акрузе. У гэты час кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Ясельда», дапамог многім пачынаючым літаратарам.
У 1987 г. стаў лаўрэатам прэміі Саюза журналістаў Беларусі. Быў пераведзены на працу ў г. Брэст у абласную газету «Заря», таксама працаваў у «Народнай трыбуне» і іншых выданнях. З 2013 г. быў кіраўніком прадстаўніцтва рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда» па Брэсцкай вобласці.
Адна за другой выходзяць яго кнігі прозы і паэтычныя зборнікі «Сваты», «Акорды душы», «Акрылены верай», выходзяць шматлікія цікавыя творы для дарослых і дзяцей. Убачылі свет мастацка-дакументальныя кнігі «Званы над Шкловам» – аб знакамітых людзях Шклоўскага краю і першым Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнку, «Карысны бязмежна сыры Белавежжа», «Паклон вам, людзі ў белых халатах», «Аб Веры, Вернасці і Вечнасці», «Землякі», «Райскі куток Палесся» (у сааўтарстве з А. Марціновічам і А. Бадаком), «Возвышенно сердце стучит», буклеты з нотнымі варыянтамі «Александрыя» і «Брэсцкаму «Дынама». Вялікім поспехам стала стварэнне Уладзімірам Сітухам паэмы «Споведзь пра Бядулю» (2004).
З’явай у літаратурным жыцці краіны з’явілася стварэнне аўтарам трылогіі «Скакуны» (2005–2006). Прэзентацыі дзвюх кніг гэтай серыі «Скакуны» і «Генералы зямлі» паспяхова прайшлі ў Маскве, Мінску, на Украіне, па ўсёй Беларусі. Урыўкам з кнігі «Генералы зямлі» было адкрыта рэспубліканскае свята «Дажынкі-2005» у Слуцку. Пасля выхаду кнігі «Генералы Зямлі» яе аўтара сталі называць Генералам Слова. Творца дасягнуў галоўнага – прызнання ўдзячных чытачоў.
Творы Уладзіміра Сітухі часта з’яўляліся на старонках часопісаў «Маладосць», «Полымя», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», іншых перыядычных выданняў. У розны час на словы Уладзіміра Сітухі кампазiтарамi створаны песні, у тым ліку «Гимн Бресту» (2007; муз. В. Васіленкі).
Высокую адзнаку творчасці Уладзіміра Сітухі далі пісьменнікі: Мікалай Чаргінец, Валянціна Паліканіна, Віктар Гардзей, Анатоль Крэйдзіч і інш. Аўтар, паводле выказвання М. Чаргінца, апявае сутнасць і подых часу, узбагачае чытачоў духоўна, узнімае іх на чарговы прыступак узаемапаразумення. Даючы благаслаўленне на выданне кнігі «Аб Веры, Вернасці і Вечнасці», Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Экзарх усея Беларусі Філарэт наказаў Уладзіміру Мікалаевічу: «Ваш талент – дар Божы. А таму гэта – набытак усяго народа. Тварыце і тварыце на карысць людзей».
Уладзімір Мікалаевіч Сітуха заўчасна памёр 22 кастрычнiка 2014 г. Ён застаецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў вялікім жыццялюбам, аптымістам і здзіўляюча творчай асобай.