Традыцыйнае адзенне - Дрогичинский район
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Традыцыйнае адзенне

Назад

Традыцыйнае адзенне

Традыцыйнае адзенне

Комплекс традыцыйнага мужчынскага адзення вёскі Гутава складаўся з белай палатнянай кашулі, такіх жа нагавіц, рознакаляровага тканага ці плеценага пояса з махрамі ці дробнымі кутасікамі на канцах. Летнія палатняныя («пачысныя») нагавіцы заўсёды былі белага колеру, а зімовыя з сукна («чынаватыя») – ткаліся звычайна «у елачку» і былі шэрага колеру.

Калашыны нагавіц абгортвалі белымі палатнянымі анучамі і запраўлялі ў плеценыя з лыка пасталы («постулы»). Зімой для цяпла пад палатняныя анучы закручвалі яшчэ і суконныя («суконкы»), абкладвалі ступні ног сенам. Плеценыя з ліпавых ці лазовых лыкаў пасталы не мелі сярэдняга вялікага вушка («стракі») для прадзявання валок. Кароткі, з адкрытым верхам насок ствараў «вока» лапця. Таму такі тып лапцяў атрымаў у літаратуры назву «зрачыя».

Найбольш заможныя сяляне на святы абувалі скураныя боты («чоботы»), а жанчыны – чаравікі («чырывыкы»). Да 30-х г. боты былі выключна святочным абуткам. Звычайна на ўсю вёску іх было адна ці дзве пары, у якіх вянчалася ўсё мужчынскае насельніцтва .

Мужчынскія сарочкі кроілі з плечавымі ўстаўкамі, адкладным ці стаячым каўняром. Насілі іх навыпуск, падпярэзваючы нізка, на бёдрах, поясам. Сарочкі, якія насілі ў буднія дні, ніколі не ўпрыгожвалі. Каўнер, манжэты, пазуха, а часам і падол святочных сарочак аздаблялі тканым ці вышытым (звычайна раслінным) арнаментам. Вышывалі «простым крыжам» баваўнянымі чырвонымі ніткамі ў спалучэнні з чорнымі. Падрыхтаваная на смерць сарочка заўсёды была чыста белай.

Мужчынскімі галаўнымі ўборамі летам былі плеценыя з саломы «у зубкі» брылі («капалушы») і сшытыя з сукна шапкі з казырком («казыркі»), а зімой – невысокія шапкі з аўчыны з круглым суконным верхам, падбітыя кудзеляй.

Традыцыйны касцюм палешука сярэдняга ўзросту, калі ён ішоў у царкву, на кірмаш, у госці абавязкова дапаўняўся кайстрачкай – калітой, якую насілі на раменьчыку цераз плячо або падвешвалі да пояса. Гэта была невялікая прамавугольная скураная сумачка з клапам, у якой захоўвалі крэсіва, сцізорык, люльку, грошы.

Найвышэйшым майстэрствам, прыгажосцю і фантазіяй вызначаўся ў Гутаве традыцыйны жаночы касцюм. Па якасці палатна на сарочках і фартухах, іх мастацкаму аздабленню, якасці і фарбоўцы тканін паяснога адзення аднавяскоўцы меркавалі аб майстэрстве, працавітасці дзяўчыны, і ад гэтага ў многім залежалі адносіны да яе сябровак і сталых жанчын.

                                          Мужчынскі строй  Жаночы строй

                                                     Мужчынскі строй                       Жаночы строй

Аснову летняга жаночага касцюма складалі сарочка, спадніца і фартух. Сарочку шылі з тонкага кужэльнага палатна з прамымі плечавымі ўстаўкамі, шматлікімі драбнюсенькімі складачкамі вакол стаячага ці невялікага адкладнога каўняра і доўгімі прамымі рукавамі, якія заканчваліся каўнерцам альбо фальбонкай. Сарочку сціпла аздаблялі вузенькімі пасачкамі тканага ці вышытага чырвонага ці чырвона-чорнага арнамента па верху рукавоў, каўнерцаў, пазусе.

Паясным адзеннем летам служыла спадніца-палатнянка, якую называлі «фартухом», а зімой сшытая ў чатыры полкі з даматканага сукна ці паўсукна спадніца тыпу андарака. Фартухі («затулкі») рабілі з кужэльнага палатна ў 1-3 полкі, ля вузкага паяска («куміра») прызборвалі. На таліі затулка мацавалася пры дапамозе матузоў («паўрузаў»). Летнія спадніцы-фартухі шылі з белага або фарбаванага палатна. Белыя фартухі часам аздаблялі на прыполу нешырокімі чырвонымі плячкамі натыканнем. Зімнія спадніцы рабілі ў 4 полкі часцей за ўсё з аднатоннага чырвонага, бурачковага, фіялетава-сіняга даматканага сукна.

Затулкі (фартухі) у Гутаве былі карацейшыя і больш шырокія, чым у іншых вёсках раёна. Шылі іх у 2-3 полкі, каб яны закрывалі не толькі перад, але і бакі спадніцы. Па прыполу іх аздаблялі тканым ці вышытым арнаментам, карункамі або ператыкалі ўсё поле фартуха рэдка размешчанымі вузенькімі папярочнымі пасачкамі.

Галаўны ўбор гутаўскіх жанчын складаўся з хусткі і вязанага чапца, пад які валасы закручвалі на «тканіцу» – тонкі абручык з кудзелі па аб’ёму галавы, абшыты палатном. Дзяўчаты ў летнюю пару звычайна хадзілі з непакрытай галавой. Хусткі павязвалі толькі ў час палявых работ, на святы і ў царкву.

Жаночы касцюм дапаўняўся завушніцамі, пярсцёнкамі, стужкамі, пацеркамі з рознакаляровага шкла, каралаў; абразкамі. Крыжыкамі на ланцужках.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?