Самымі пашыранымі жаночымі рамёствамі былі апрацоўка льну і воўны, прадзіва і ткацтва. Лён рвалі, пасля часалі лапатападобным грэбнем, у выніку чаго атрымлівалі высакаякаснае валакно (кужаль) і абдзіркі (пачэссе), якія ішлі на выраб зрэбнага палатна.
Прасці пачыналі звычайна глыбокай восенню на піліпаўскі пост. Пасля Каляд пачыналі ладзіць (снаваць) кросны і прыступалі да ткацтва. На кроснах ткалі разнастайныя па якасці, прызначэнню і арнаментыцы тканіны. Сярод узорных тканін пераважалі клятчастыя і паласатыя.
Новік Вера Міхайлаўна
Складаны лёс выпаў на долю Веры Міхайлаўны. Нарадзілася яна ў 1926 г. у вёсцы Равіны Драгічынскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны была вывезена на работы ў Германію, там сустрэлася з жыхаром вёскі Гутава і пасля выйшла за яго замуж.
Вера Міхайлаўна – выдатная ткачыха. Яе тканыя вырабы адрозніваюцца высокім мастацкім густам і адмысловымі ўзорамі.
Асаблівае месца ў калекцыі работ Веры Міхайлаўны займаюць тканыя шторы (на фатаздымку), выраб якіх – працяглая і крапатлівая праца: на аснове з белых нітак каляровымі ніткамі выкладваюцца цудоўныя ўзоры.
Вельмі прыгожымі ў Веры Міхайлаўны атрымліваюцца абрусы, тэхніку ткацтва якіх яна пераняла яшчэ ў сваёй маці. Абрусы ткалі ў чатыры-восем нітоў у традыцыйнай для вёскі Гутава бела-шэрай гаме «у шашкі» ці «у елачку». Сшывалі абрус з дзвюх полак ажурным швом або паскай карункаў. Часта па перыметру ўвесь абрус таксама абвязваўся карункамі.
Быцко Надзея Васільеўна
Надзея Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна. Гадавалася ў вялікай сям’і, з чатырох гадоў прывучылася да сялянскай гаспадарчай працы. Выйшла замуж за свайго аднавяскоўца – прыгажуна Пятра. Але нядоўгім было шчаслівае жыццё: Пятро хутка памёр, а Надзея засталася адна з малым Міколкам на руках. Цяжка прыйшлося, але не апусціла рук Надзея Васільеўна, а яны ў яе аказаліся залатымі. Днём яна працавала ў калгасе, а вечарамі ткала і вышывала: сурвэткі розных узораў, посцілкі, ходнікі. А ручнікі Надзеі Васільеўны – сапраўдныя шэдэўры ткацкага мастацтва.
У вёсцы Гутава заўсёды значная ўвага надавалася ручнікам, якія акрамя свайго прамога утылітарнага прызначэння ігралі вялікую ролю ў вясельных і пахавальных абрадах, упрыгожванні хатняга інтэр’еру. Да ўпрыгожаных вышыўкай, натыканнем, карункамі канцоў ручнікоў у вёсцы прышывалі крыху вузейшыя за ручнік «трапкы» даўжынёй 25-30 см., якія таксама вышывалі, аздаблялі карункамі. У такіх «ступеньчатых» ручніках толькі «трапкі» мелі утылітарнае прызначэнне. Аб іх выціралі твар і рукі, а пры забруджванні адпарвалі і мылі, а потым зноў прышывалі.
Яромская Надзея Васільеўна
Надзея Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Гутава, дзе і пражыла ўсё жыццё. Працавала ў калгасе «Сцяг Леніна» і ў школе.
На ўсю ваколіцу славіцца Надзея Васільеўна сваімі тканымі вырабамі, асабліва посцілкамі (на фатаздымку). У вёсцы яны называюцца «закладаны» ці «пырыборы» па спосабу вырабу.
Выраб посцілак заўсёды займаў асаблівае месца ў быце сялянскай сям’і. У якасці коўдры выкарыстоўвалася «дзяруга», тканая «у рады» чатырохнітовай тэхнікай. Для посцілак-пакрывал частку пражы фарбавалі натуральнымі фарбамі, прыгатаванымі з адвараў і настояў кары і лісцяў дрэў, шышак і каранёў розных раслін. Напрыклад, чырвоны колер можна было атрымаць пры дапамозе атвару кораня лугавой марэны і душыцы, жоўты – з крушыны і вольхі, чорны – з талакнянкі і бабоўніку. Пра ўсе гэтыя сакрэты даведалася Надзея Васільеўна ад сваіх бабулі і матулі. А ў наш час пры ператыканні і перабіранні выкарыстоўваюць фабрычныя ніткі.