Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч (беларускі грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч, педагог)
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч (беларускі грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч, педагог)

Назад

Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч (беларускі грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч, педагог)

Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч (беларускі грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч, педагог)

Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч

Сяргей Канстацінавіч Паўловіч нарадзіўся 13 верасня 1875 г. у вёсцы Осаўцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і святара.

Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, пасля вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе вялікая ўвага надзялялася вывучэнню гісторыі Царквы на Украіне і Беларусі, таму тэмай дысертацыі быў абраны Замойскі уніяцкі сабор 1720 г. Кандыдацкую дысертацыю С.К. Паўловіч абараніў са ступенню кандыдата багаслоўя (1900).

Першым прызначэннем маладога педагога было Каргопальскае духоўнае вучылішча на Украіне, а з восені 1903 г. ён перабраўся ў Беларусь, выкладаў у Жыровіцкім духоўным вучылішчы. У сувязі з адкрыццём у 1909 г. Рагачоўскай мужчынскай настаўніцкай семінарыі С.К. Паўловіч прызначаны выкладчыкам Закону Божага. Неўзабаве педагагічныя здольнасці С.К. Паўловіча былі заўважаны кіраўніцтвам Віленскай вучэбнай акругі, і ў 1913-1918 гг. ён служыў інспектарам народных вучылішч Ваўкавыскага павета.

Асаблівае месца ў жыцці і дзейнасці С.К. Паўловіча займае Вільня – цэнтр культурнага і грамадска-палітычнага жыцця Заходняй Беларусі. Туды сям’я Паўловічаў перабралася ў пачатку 1920-х гг., калі вярнулася з эвакуацыі, дзе яна апынулася ў сувязі з Першай сусветнай вайной. У Вільні Сяргей Канстанцінавіч працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, быў інспектарам, а ў навучальным годзе 1927-1928 займаў пасаду дырэктара гэтай гімназіі. Дзякуючы С.К. Паўловічу ў гімназіі шмат увагі надавалася рэлігійнаму выхаванню вучняў.

Пэдагагічная і грамадская дзейнасць С.К. Паўловіча была цесна звязана з Таварыствам беларускай школы, некаторы час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі. Ён рэдагаваў часопісы «Летапіс Таварыства беларускае школы» (з 1936 г. – «Беларускі летапіс») і «Беларускі каляндар», якія выдаваліся ТБШ. Акрамя таго, С.К. Паўловіч дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, выступаў з рэфератамі па гісторыі хрысціянства на яго пасяджэннях.

Праца С.К. Паўловіча на пасадзе дырэктара Віленскай беларускай гімназіі і асабліва ў Галоўнай управе Таварыства беларускай школы па-свойму была ацэненая польскай адміністрацыяй. Яго двойчы, у 1930 і 1933 гг., арыштоўвалі ў Лукішскі астрог, хоць ён не належаў ні да якой партыі. У канцы 1936 г. дзейнасць Таварыства была забаронена польскім урадам.

Вялікую ўвагу С.К. Паўловіч надаваў адукацыі сялянскіх дзяцей і самаадукацыі простага люду. Ужо ў 1926 г. была надрукавана падрыхтаваная С.К. Паўловічам «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій». Падручнік карыстаўся вялікай папулярнасцю, што выклікала незадаволенасць польскай адміністрацыі. «Свяшчэнную гісторыю Новага Завету» аўтару ўдалося выдаць толькі праз дзесяць гадоў, у 1936 г., пасля захадаў створанай у Вільні спецыяльнай камісіі па падрыхтоўцы беларускіх падручнікаў.

Таксама выйшлі «Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (I-V аддзелы)» (Варшава, 1935) і «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі» (Вільня, 1936). У гэтых выданнях С.К. Паўловіч выкладае асноўны змест гісторыі Старога і Новага Запавету на роднай мове, у даступнай і цікавай для дзяцей форме.

У 1936 г. у Варшаве пабачыў свет укладзены С.К. Паўловічам падручнік «Першая навука Закону Божага» (2-е выданне, папраўленае і дапоўненае), які ўключаў раздзелы «Аб малітве», «Кароткая Свяшчэнная гісторыя», «Праваслаўная вера», «З царкоўнай гісторыі», «Праваслаўная вера на Беларусі». Арыгінальнасць падручніка не толькі ў аўтарскіх перакладах Свяшчэннага пісання і дакладным тлумачэнні асноўных палажэнняў праваслаўнай веры у ім упершыню па-беларуску прыводзяцца жыціі беларускіх святых, апісанні шанаваных цудатворных ікон, даецца нарыс па гісторыі Праваслаўнай царквы ў Беларусі.

З канца 1920-х гг. беларускае школьніцтва і культурна-асветніцкае жыццё ў Заходняй Беларусі трапляе пад жорсткі кантроль, а затым і забарону польскіх уладаў. З 400 беларускіх пачатковых школ, якія існавалі да 1921 г. на заходне-беларускіх тэрыторыях, да 1934 г. засталося толькі 16, а да 1939 г. – ніводнай. Былі закрыты таксама дзве настаўніцкія семінарыі і восем беларускіх гімназій. У такіх умовах Сяргей Канстанцінавіч працягвае напружаную педагагічную і асветніцкую дзейнасць.

У 1929 г. у Вільні, у Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, быў выданы яго падручнік «Пішы самадзейна. Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускай школы і самавукаў. Ч. 1: першы год навучання (пасля азбукі)». У тым жа годзе выйшлі ў свет і «Метадычныя ўвагі да пасобніка». Гэтая кніга была дапушчана Міністэрствам асветы ў настаўніцкія бібліятэкі пачатковых школ з беларускай мовай навучання. Самай арыгінальнай працай С.К. Паўловіча лічыцца яго буквар «Першыя зерняткі» (Вільня, 1936).

Нацыянальнай азбукай беларусаў Сяргей Канстанцінавіч лічыў кірыліцу і абгрунтоўваў гэта прычынамі гісторыка-культурнага характару. Тым не менш, ва ўмовах паланізацыі ён быў вымушаны надрукаваць другое выданне буквара лацінкай пад назвай «Zasieuki» (1937). Нягледзячы на гэта, тыраж быў канфіскаваны польскімі ўладамі, якіх напалохала папулярнасць беларускага падручніка.

С.К. Паўловіч з вялікай увагай ставіўся да духоўных патрэб дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Таму ў 1937 г. ён узяў на сябе клопат па рэдагаванні дзіцячага царкоўна-культурнага ілюстраванага часопіса «Снапок». Разнастайнасць матэрыялаў, высокая патрабавальнасць да тэкстаў і мастацкага афармлення сталі прычынамі шырокай папулярнасці часопіса, таму польскія ўлады ўжо праз год забаранілі выданне. Сяргею Канстанцінавічу прыйшлося перажыць нямала нягод і расчараванняў, што не магло не адбіцца на стане яго здароўя.

Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч памёр ад хваробы сэрца 16 верасня 1940 г., пахаваны на Ліпаўскіх могілках у Вільні.

Спадчына С.К. Паўловіча даволі вялікая. Педагог на практыцы рэалізоўваў прынцыпы рэлігійнай адукацыі і выхавання як неабходнай часткі паўнавартаснай класічнай адукацыі і выхавання чалавека. Несумненна гэта не згубіла актуальнасці і ў наш час. Кнігі С.К. Паўловіча і сёння не маюць аналагаў, пры пэўнай дапрацоўцы яны маглі б выкарыстоўвацца ў беларускіх нядзельных школах.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?