Сялянская сядзіба - Дрогичинская районная централизованная библиотечная система
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Сялянская сядзіба

Сялянская сядзіба

Сялянская сядзіба

Пры ўездзе ў старадаўнюю вёску стаялі высокія, упрыгожаныя ручнікамі і фартушкамі драўляныя крыжы. Калі ў сялянскай сям’і хто-небудзь моцна хварэў – на крыж вешалі ручнічок і абракаліся не рабіць граху, таму і крыжы называліся аброчнымі.

Структурна-планіровачнай адзінкай вёскі была сядзіба, якая складалася з жылой хаты, гаспадарчых пабудоў, двара з аборай, агарода і надзела воранай зямлі. Пры пагоннай застройцы сядзібы ўсе пабудовы ставіліся ў адзін суцэльны рад пад агульнай страхой або ў два паралельныя рады. Пры гэтым заўсёды на першым месцы ад вуліцы тарцовым бокам стаяла хата.

Пры аднародным пагоне за хатай з сенцамі размяшчалася камора, затым сцёпка, шурка (павець для дроў), хлявы, кашара з жэрдак ды лазы, клуня з токам, у якую зімой звозілі з балотаў сена. У найбольш заможных сялян між хлявамі і клуняй будаваўся яшчэ сенавал.

У пачатку XX ст. пачалі распаўсюджвацца сядзібы, калі жылыя і гаспадарчыя пабудовы ставіліся бессістэмна (як каму было зручней) на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго.

На кожнай сядзібе меўся калодзеж са зрубнай шахтай і «жураўлём», на якім вісела драўлянае вядро. Каля калодзежа стаяла выдзеўбанае з калоды «карэто», з якога паілі хатнюю жывёлу.

 Асноўным відам жылля была хата. Для яе будаўніцтва выкарыстоўвалі   сасну, яліну, зрэдку асіну. Бярвенне нарыхтоўвалі зімой, калі не было работы ў полі. Рубілі хаты «з кругляка» (абчэсаных ад кары бярвенняў),  абсклюдаваных з двух ці чатырох бакоў брусоў. У канцы XIX ст., калі ў вясковым будаўніцтве сталі шырока выкарыстоўвацца пілаваныя дылі, пачалася інтэнсіўная замена простага вугла вуглом «у каню» («канюк», «рыбін хвост», «у палец»), які ў паўднёва-заходнім Палессі стаў амаль адзіным спосабам звязкі бярвенняў у зрубе і застаецца самым  распаўсюджанным і ў нашы дні.

 Пад вуглы зруба клалі вялікія камні ці ўкопвалі моцныя дубовыя штэмпалі (тоўстыя калоды да 1 метра вышынёй), так як няўстойлівыя пясчаныя глебы патрабавалі моцнага фундаменту. Першы вянок зруба таксама рабілі з дуба.

Для ўцяплення хаты сцены імшылі, а столь засцілалі мохам і зверху засыпалі пяском. З гэтай жа мэты вакол хаты рабілася прызба, якая ўмацоўвалася з вонкавага боку плятнём, жэрдкамі ці дошкамі. Прастора паміж агароджай і сценамі хаты засыпаліся зямлёй, кастрыцай ці хваёвай ігліцай. Аплеценыя лазой і бяррозавымі пруткамі прызбы сустракаліся толькі на Палессі і складалі адну з адметных рыс матэрыяльнай культуры гэтага рэгіёна.

Самы старадаўні тып жылля – аднакамерная хата без сенцаў, у якую ўваходзілі прама з вуліцы. Больш складаным з’яўляецца двухкамернае жыллё – хата з рубленымі сенцамі.

Да апошняй чвэрці XIX ст. пераважная большасць сялянскіх хат былі курнымі, не меўшыя дымахода, печы тапіліся «па-чорнаму». Пад столлю ў глухой сцяне такой хаты рабілася невялікая квадратная адтуліна з засоўкай для выхаду дыму. У канцы XIX – пач. XX ст. ужо пераважалі печы з дымаходамі, хаця адзінкавыя курныя хаты існавалі яшчэ ў XX ст.

Традыцыйная палеская хата звычайна мела тры акны: два кутнія (з двух бакоў кута) і адно прыпечнае – насупраць печы. Вокны былі маленькія, вышынёй на два-тры бервяны. У курных хатах яны зачыняліся дашчатай засоўкай, зацягваліся каровіным ці свіным пузыром.

Падлога была глінабітнай. Драўляная падлога атрымала пашырэнне на тэрыторыі раёна толькі ў 1920-30 гг.

Стрэхі хат былі двухсхільныя, радзей – чатырохсхільныя. Традыцыйным матэрыялам пакрыцця стрэх была салома, часам яе замяняў чарот. Крыліся хаты звязанымі снапамі коласам уніз.

 У хаце селяніна-палешука ўсё было зроблена сваімі рукамі, пачынаючы ад мэблі, і канчаючы самым апошнім прадметам хатняга начыння. Асаблівым майстэрствам, дасканаласцю і мастацкім густам вылучаліся драўляныя вырабы, у якіх паляшук не меў сабе роўных.

 За стагоддзі склаўся традыцыйны падзел прасторы жылой хаты, які характэрызуецца бліжнім ад уваходу вуглавым распалажэннем печы, павернутай вусцем да акна прадольнай сцяны і дыяганальным размяшчэннем да печы чырвонага кута («покуці»), дзе віселі абразы і сыходзіліся дзве нерухомыя, прымацаваныя да сцен шырокія лавы, стаяў стол. На стале заўсёды ляжаў хлеб, накрыты абрусам. З боку хаты да стала прыстаўлялася лаўка («услон»). Да тарцовай сцяны стол паварочваўся доўгім бокам толькі тады, калі на пярэдняй лаве клалі нябожчыка. Ад печы ўздоўж глухой сцяны насцілаўся з дошак «прэмост» – нары, дзе спалі ўсёй сям’ёй.

На «прэмосце» у цёмным вуглу ляжала загорнутая пасцель, якую расцілалі вечарам, калі лажыліся спаць. Складалася яна з доўгай падушкі, набітай пер’ем ці балотным камышовым пухам, і двайных, сшытых з тоўстага радна, дзяруг, на якіх спалі ўсе ўпокат і якімі накрываліся. Пад столлю над прэмастам уздоўж сцяны ўмацоўвалася жэрдка, на якой вісела адзенне, ніткі, кудзелі і іншыя рэчы. Каля прэмаста з боку хаты да двух балак таксама прымацоўвалася жэрдка, да якой на вяроўцы вешалі сплеценую з тонкіх лазовых прутоў калыску. Паміж прэмастам і сталом стаяў куфар («скрыня»), дзе пад замком захоўвалася асноўнае багацце сялянскай сям’і: святочная вопратка, посцілкі, палатно, жаночыя ўпрыгожванні, пасаг жонкі і дочак, бялізна, грошы і г.д. У зімовы час інтэр’ер хаты дапаўняўся кроснамі, пралкай і іншымі прыстасаваннямі, звязанымі з ткацтвам.

Каля ўваходу, насупраць печы, на ўслончыку стаялі вёдры з вадой, а на падлозе цэбар для памый. Тут жа на сцяне звычайна прымацоўвалі паліцу для посуду, якая мела бакавыя сценкі і адтуліны для лыжак. Насупраць печы на лаве, на паліцах і загнеце размяшчаўся посуд: гаршкі, міскі, чугуны, патэльні. На лаве ў куце стаяла дзяжа, у якой расчынялі і мясілі цеста для выпечкі хлеба.

Палеская хата вызначалася чысціней і парадкам. Лаўкі і стол заўсёды былі чыста вымыты, абразы ў куце абведзены бялюсенькім з вышыўкай ручніком, паліца ўстаўлена паліваным посудам.

Да хаты прымыкалі рубленыя сенцы, якія звычайна не мелі столі і служылі для выканання «чорнай» работы. У іх малолі на жорнах муку, таўклі ў ступе зерне, скрэблі скуры, сталярнічалі, гатавалі ежу хатняй жывёле. З сенцаў рабіўся ўваход у камору, дзе захоўвалі муку, збожжа, салёнае сала, каўбасы, зімовую вопратку, запас лыкаў і лапцей, начоўкі, ліпавыя кадушкі з мёдам і г. д.

У комплекс традыцыйных гаспадарчых пабудоў акрамя каморы ўваходзілі розныя хлявы. Лазняў не будавалі. Летам мыліся ў рацэ, возеры, зімой у хаце ў начоўках ці цэбры.

Унутранае ўбранства хаты. У чырвоным кутку віселі абразы

Сялянская сядзібаСялянская сядзібаСялянская сядзіба                                                                                 Сялянская сядзіба Сялянская сядзіба

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?