З даўніх часоў у гутаўскай мясцовасці вядома пляценне з лазы, саломы, бяросты. Плеценыя вырабы былі вельмі разнастайнымі па свайму прызначэнню. Зробленыя з саломы і лазы «шыёны» – ёмістасці да 1,5 м. вышынёй і 1-1,5 м. шырынёй выкарыстоўваліся для захавання збожжа. Плеценыя з малакіты кошыкі служылі для пераносу бульбы, ягад, грыбоў і для захавання сыроў, яек, каўбас. З малакіты плялі яшчэ калыскі і палукашы («палупышкі») на вазы.
Сапраўдны майстар пляцення ў нашай вёсцы Федзюковіч Канстанцін Рыгоравіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Людвінова Драгічынскага раёна, працаваў у калгасе «Сцяг Леніна» в. Гутава.
Яго плеценыя вырабы дэманстраваліся ў Драгічыне, Брэсце. Канстанцін Рыгоравіч удзельнічаў у конкурсе майстроў лозапляцення ў Мінску, узнагароджаны шматлікімі граматамі і дыпломамі
Яшчэ адным майстрам пляцення быў Максімовіч Уладзімір Данілавіч, які па-майстэрску плёў саламяныя капелюшы розных формаў. Яго галаўныя ўборы носяць самадзейныя артысты гуртоў «Палешукі» і «Мотальскія музыкі» Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Адзін са сваіх капелюшоў Уладзімір Данілавіч падараваў класу-музею народнай культуры і побыту Гутаўскай школы.