ПАДПОЛЬНЫ І ПАРТЫЗАНСКІ РУХ - Дрогичинская районная централизованная библиотечная система
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

ПАДПОЛЬНЫ І ПАРТЫЗАНСКІ РУХ

У абставінах нянавісці да крывавага акупацыйнага рэжыму расло імкненне людзей да барацьбы з ім. Мясцовыя патрыёты разам з уцёкшымі ваеннапалоннымі і ваеннаслужачымі, якія адсталі ў час абарончых баёў ад сваіх часцей і засталіся ў навакольных вёсках, аб’ядналіся ў адзіным жаданні змагацца з ворагам. Ужо восенню 1941 г. ў шэрагу вёсак раёна па ініцыятыве мясцовых актывістаў і акружэнцаў былі створаны невялікія падпольныя патрыятычныя групы, якія рыхтавалі людзей да партызанскай барацьбы, фарміравалі ва ўмовах глыбокай канспірацыі будучыя партызанскія групы і атрады. Такія патрыятычныя арганізацыі дзейнічалі ў Гурцы, Закозелі, Валаўлі, Галіку, Ямніку, Галоўчыцах, Ляхавічах, Осаўцах, Хомску, Маркавічах, Гошаве і іншых населеных пунктах.

Першыя партызанскія групы і невялікія атрады з мясцовага насельніцтва і чырвонаармейцаў пачалі афармляцца ў канцы 1941 — пачатку 1942 гг. Так, каля вёсак Худлін, Грушава і Дзямідаўшчына ў кастрычніку лістападзе 1941 г. была створана партызанская група М.Ц. Шыша і Д.К. Удовікава. З пачатку 1942 г. сталі дзейнічаць групы А.А. Літвінчука і П.П. Бандарука ў Галіку і Гурцы, В.Я. Мысліўчука, В.С. Еўчыка і В.Н. Сямёнава на Ляхавіцкіх хутарах (пасля аб’яднання гэтых груп камандзірам атрада стаў В.Н. Сямёнаў). Каля вёсак Хомск, Гошава, Маркавічы, Аляксеевічы базіравалася група Я.Г. Макарэвіча. У Сварынскіх і Радастаўскіх лясах з’явілася група П.П. Паталаха. Буйную партызанскую групу ў канцы 1941 г. стварыў з падпольных камсамольскіх арганізацый сакратар Мотальскага сельсавета I.М. Калілец.

З цягам часу гэтыя групы раслі, аб’ядноўваліся, ствараючы на сваёй аснове баявыя і даволі грозныя для ворагаў партызанскія фарміраванні. Так, ва ўрочышчы Дубраўкі на паўднёвым баку Дняпроўска-Бугскага канала ў пачатку красавіка 1942 г. быў створаны партызанскі атрад, у які ўвайшлі групы А.А. Літвінчука-П.П. Бандарука (дзейнічалі па абодва бакі канала паблізу вёсак Гурка, Сулічава, Галік, Ямнік, Асіпавічы) і група Б.К. Лукашука, якая прыбыла сюды з Турнянска-Грушаўскіх лясоў. Камандзірам атрада стаў Б.К. Лукашук.

У раёне Антопаля (вёскі Худлін, Грушава, Дзямідаўшчына, Дзеткавічы) з некалькіх партызанскіх груп у студзені-лютым 1942 г. сфарміраваўся атрад М.Ц. Шыша, вядомага падпольшчыка часоў панскай Польшчы, члена КПЗБ з в. Худлін. Яго атрад у 50 чалавек з баямі прайшоў за Дняпроўска-Бугскі канал і 27 чэрвеня ў раёне Белаазёрскага канала аб’яднаўся з атрадам Б.К. Лукашука і групай П.П. Паталаха. У адным з баёў на Дняпроўска-Бугскім канале каля в. Ямнік М.Ц. Шыш загінуў, і атраду, у якім налічвалася 136 байцоў, было прысвоена яго імя. Змянілася і структура атрада: ён складаўся з 3 баявых і гаспадарчага ўзводаў, аддзялення разведкі, меў медслужбу. Камандзірам атрада быў выбраны былы армейскі старшына М.I. Герасімаў, камісарам Б.К. Лукашук, начальнікам штаба Д.К. Удовікаў.

У верасні 1942 г. адбылося аб’яднанне партызанскай групы Я.Г. Макарэвіча з групай I.М. Калільца. Гэты атрад дзейнічаў у пойме ракі Ясельда на тэрыторыі Іванаўскага, Драгічынскага і Бярозаўскага раёнаў.

У канцы чэрвеня 1942 г. ў раён Белага возера (на мяжы Драгічынскага і Ка- мень-Кашырскага раёнаў) з баямі з Шчэбрынска-Чарнянскіх лясоў прабілася група партызан А.С.Кузічкіна. Яна папоўнілася за кошт патрыятычных груп I.К. Прыходзькі, М.П. Таранчука, М.Кухарыка, I.Р. Кушнірука, М.I. Маліеўскага, I.I. Навумчыка, П.М. Зубача з суседніх украінскіх вёсак Вётлы, Нявір, Вялікая Глуша, Мукашын, Боркі, Малая Глуша, Выдзерта, Варапомль. Гэтая група дзейнічала на тэрыторыі Драгічынскага і Камень-Кашырскага раёнаў.

Партызанскія групы нападалі на паліцэйскія ўчасткі, разбівалі малочныя пункты і маслабойні, абразалі тэлефонную сувязь, знішчалі здраднікаў, якія здзекаваліся над мірным насельніцтвам, усё часцей і часцей уступалі ў баявыя сутычкі з фашыстамі. Так, 24 красавіка 1942 г. ў лесе ля в. Дзеткавічы 28 партызан на чале з М.Ц. Шышом трапілі ў акружэнне немцаў і паліцыі. На прапанову здацца адказалі агнём. Каля сутак працягваўся жорсткі бой, у якім загінула 9 партызан. Астатнія выйшлі з акружэння. На полі бою засталося шмат забітых немцаў і паліцэйскіх. 25 чэрвеня гэты ж атрад атакаваў акупантаў, што знаходзіліся на баржы на Дняпроўска-Бугскім канале ля в. Ямнік і забяспечвалі пад’ём пантоннага шматкаўшовага экскаватара. Крыху раней ён быў затоплены партызанамі Б.К. Лукашука, і тым самым перашкаджаў суднаходству. Пры штурме баржы было знішчана 10 нямецкіх афіцэраў, два ўзяты ў палон. Панеслі страты ў гэтым баі і партызаны, загінулі камандзір атрада М.Ц. Шыш і яго ад’ютант С.А. Жокін. Пазней фашысты спагналі сваю злосць на мірных жыхарах в. Ямнік. Яны поўнасцю спалілі вёску, а частку яе жыхароў, пераважна састарэлых мужчын, жанчын і дзяцей, пагналі ў Драгічын і Кобрын, дзе і расстралялі. Гэта была першая вёска ў Драгічынскім раёне, якая стала ахвярай карнікаў.

У чэрвені 1942 г. група М.М. Папова, якая дзейнічала ў Іванаўскім раёне, разграміла паліцэйскі ўчастак у в. Вавулічы, пусціла пад адхон нямецкі эшалон каля хутара Сухое, што паблізу ад чыгуначнай станцыі Янаў. У маі чэрвені таго ж года партызаны Я.Г. Макарэвіча разграмілі паліцэйскія ўчасткі ў Хомску і Брашэвічах, некалькі малакапрыёмных пунктаў, лясніцтва, гміну.

Актыўную падтрымку партызанам паўсюдна аказвала мясцовае насельніцтва. Сувязныя партызан былі амаль укожнай вёсцы. Нямала, напрыклад, было праведзена паспяховых баявых аперацый дзякуючы каштоўнай і своечасовай інфармацыі, якую перадавалі народным мсціўцам бацька і сын А.Н. і М.А. Чопкі, В.В. Расіч, А.С. Краўчук, В.П. Сяргунчык з в. Галоўчыцы, А.Т. Кавальчук з в. Татарнавічы, В.Ц. Ярац з в. Вулька Антопальская. Многія сувязныя і самі актыўна ўдзельнічалі ў баявых аперацыях, сярод іх — былыя члены КПЗБ А.М. Даўгун, П.Р. Сахашчык, Т. Пракопчык і інш. Партызанам Я.Г. Макарэвіча актыўна дапамагалі А.Ц. Мулярчык, С.Г. Мулярчык і С.А. Аляксейчык з Пярэспы, А.I. Папеня, С.I. Папеня і Ф. Мулярчык з в. Усходы, М.В. Каштальян з в. Скрыпялі.

У раённым цэнтры Антопаль на біржы працы працаваў А.М. Угляніца. Ён пастаўляў у атрад М.Ц. Шыша «аўсвайсы», перадаваў каштоўныя звесткі аб намерах немцаў і паліцэйскіх. За ім і яго таварышам С. Угляніцай неўзабаве пачалі сачыць фашысцкія спецслужбы. Даведаўшыся аб гэтым, патрыёты пайшлі ў партызанскі атрад. Але з Антопалем патрэбна была сувязь. Па заданню штаба атрада імя М.Ц. Шыша для разведвальнай работы ў пасёлак была накіравана сувязная з в. Дзятлавічы М.П. Панюська. Фашысты выкрылі яе, арыштавалі і пасля жорсткіх здзекаў расстралялі. За сувязь з партызанамі расстралялі яны і шэфа Антопальскай біржы працы Арцішэўскага.

Акупанты жорстка распраўляліся з сувязнымі і іх сем’ямі. Дом К.С. Шо-стака стаяў каля лесу ва ўрочышчы Макавішча паміж вёскамі Ямнік і Галік. Праз гаспадара дома партызанскія групы трымалі сувязь з многімі вёскамі. Фашысты пранюхалі пра гэта. Яны напалі на хутар Шостака, расстралялі яго і сям’ю партызана М. Казельскага з маленькімі дзецьмі, якія жылі ў гэтым доме, спалілі гаспадарку. Трагічна загінула сям’я сувязнога B. Крапіневіча з в. Сулічава. Адбылося гэта ў пачатку красавіка 1942 г., праз некалькі дзён пасля разгрому буйнога паліцэйскага ўчастка ў Закозелі. Карнікі акружылі дом Крапіневіча. Маці Віктара загаласіла: «Сыночкі мае родныя, ратуйцеся, яны расстраляюць нас!». Але ратавацца было позна ўжо. Бацька і сыны занялі кругавую абарону. Вось ужо ад іх куль загінула некалькі фашыстаў. «Здавайцеся, вы акружаны!» крычалі паліцэйскія. Чарга з кулямёта, прабіўшы сцяну дома, забіла маці Віктара. Браты ўзмацнілі агонь. Немцы ўбачылі, што так проста ўзяць дом ім не ўдасца, і пачалі страляць у яго запальваючымі кулямі. Зашугаў полымем дах дома, чорныя клубы дыму павалілі з надворных пабудоў. Але нават і з палаючага дома раз-пораз раздаваліся стрэлы. Але вось у агні затрашчаў, а затым рухнуў дах, а затым і столь. Агонь паглынуў смельчакоў…

Пастаянныя рэпрэсіі супраць сем’яў патрыётаў вымушалі іх ісці ў партызанскія атрады, Паказальны лёс сям’і жыхара в. Галік, дэпутата Асіпавіцкага сельсавета А.А. Літвінчука, які ўдзельнічаў у падпольнай і партызанскай барацьбе з 1941 г. У пачатку 1942 г. ў партызанскую групу, якая пазней увайшла ў атрад імя М.Ц. Шыша, уступілі яго брат Пётр, дачка Люба. Састарэлая маці Наталля Іванаўна і жонка Варвара Іванаўна, дарэчы, маці шасці дзяцей, пяклі хлеб, рыхтавалі абеды, мылі і рамантавалі адзенне партызанам. Крыху пазней ляснымі байцамі сталі 15-гадовая дачка Тася і 13-гадовы сын Васіль. А ўсяго ў партызанскім руху ўдзельнічала 13 членаў і сваякоў гэтай сям’і.

У атрадзе імя Суворава мужна змагаліся з нямецкімі акупантамі пяць братоў Ярошчыкаў з в. Галоўчыцы: Сцяпан, Барыс, Каленік, Пётр і Уладзімір. У гэтым жа атрадзе быў і жыхар в. Ляхавічы Я.В. Мысліўчук са сваімі чатырма сынамі. Пасля ўцёкаў з-пад расстрэлу ў атрад імя Калініна прыбыў жыхар в. Каралін сувязны М.М. Голуб, а з ім яго жонка Кацярына Рыгораўна і дачка Тася.

Сіраты В.Ф. Цітавец і яго сёстры Дамініка і Уляна з в. Орлавічы пайшлі ўпартызанскі атрад асобага назначэння В.А. Цвяткова пасля выканання Дамінікай рызыкоўнай аперацыі па знішчэнню камандзіра ахоўнага падра-здзялення. Дамініка падклала міну замаруджанага дзеяння ў спальню нямецкага афіцэра, якая знаходзілася ў цаглянай казарме ў Орлавічах. Выбухам забіла фашысцкага афіцэра, да таго ж узнік пажар, у якім згарэла нямала ўзбраення і боепрыпасаў. Аднымі з першых у в. Гурка звязалі свой лёс з партызанскім атрадам браты Павел, Іван і Васіль Бандарукі, а пазней і іх сястра Ганна з мужам.

Актывізацыя баявых дзеянняў партызан вясной 1942 г., разгром шэрагу паліцэйскіх участкаў і невялікіх нямецкіх гарнізонаў выклікалі ў акупацыйных улад трывогу. Для знішчэння партызан яны накіравалі буйныя карныя атрады, якія літаральна па пятах праследавалі лясных байцоў. Абстаноўка настолькі ўскладнілася, што атрад імя М.Ц. Шыша і група Я.Г. Макарэвіча вырашылі з баямі прабірацца да фронту, каб злучыцца з Чырвонай Арміяй. 22 ліпеня 1942 г. сярод белага дня партызаны атрада імя М.Ц. Шыша, дзякуючы ўмела распрацаванай аперацыі, без бою знялі нямецкую ахову шлюза і паромнай пераправы праз Дняпроўска-Бугскі канал у раёне в. Дубае, паспяхова перайшлі яго, а таксама шасэйную дарогу і чыгунку Кобрын-Пінск і спыніліся ў Кротаўскіх лясах. Тут да атрада далучылася група М.М. Папова, якая рухалася на ўсход, а таксама група Я.Г. Макарэвіча. Карнікі працягвалі праследаванне партызан. Атрад імя М.Ц. Шыша ў навакольных лясах в. Долгая Целяханскага раёна зноў апынуўся ў блакадзе. На трэція суткі з вялікімі цяжкасцямі і баямі атрад здолеў выйсці з акружэння, а затым правёў аперацыі па разгрому нямецкага гарнізона ў Бастыні, паліцэйскіх участкаў у Пагосце, Парахонску, Вялікіх Чучэвічах і Хораставе.

Пасля выхаду з акружэння каля в. Долгая група Я.Г. Макарэвіча вырашыла вярнуцца ў раён Ясельды, дзе аб’ядналася партызанамі I.М. Калільца. С.Ц. Шыш, брат М.Ц. Шыша, па рашэнню штаба атрада быў накіраваны на Антопальшчыну, удзельнічаў у фарміраванні атрада імя С.М. Кірава і стаў яго камандзірам.

У Хорастаўскіх лясах адбылася сустрэча камандавання атрада імя М.Ц. Шыша з В.З. Каржом, буйны атрад якога дзейнічаў на тэрыторыі Ленінскага раёна. Па прапанове В.З. Каржа шышоўцы не пайшлі далей на ўсход, а засталіся граміць ворага ў яго тыле. Сумесна з атрадамі імя С.М. Кірава і «Камарова» (В.3. Каржа) яны 12 верасня 1942 г. разбілі нямецкі гарнізон у раённым цэнтры Ленін, а 30 кастрычніка — на чыгуначнай станцыі Сінкевічы.

У кастрычніку 1942 г. на тэрыторыі Пінскай вобласці ўжо дзейнічала 7 атрадаў: В.З. Каржа («Камарова»), імя М.Ц. Шыша, А.П. Савіцкага («Пятровіча»), В.А. Васільева, імя М.А. Шчорса, імя В.I. Чапаева і імя П.К. Панамарэнкі. Усе яны, як правіла, былі самастойнымі. Агульнага кіраўніцтва тады яшчэ не было. Гэты недахоп бачылі камандзіры атрадаў. Ведалі аб гэтым і ў ЦК КП(6)Б, які сваёй пастановай ад 25 жніўня 1942 г. вызначыў састаў Пінскага падпольнага абкома партыі і абавязаў яго ўзмацніць падпольную работу, паскорыць стварэнне новых партызанскіх атрадаў. З гэтай мэтай у Пінскую вобласць быў накіраваны ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б А.Я. Кляшчоў. Ён адначасова з’яўляўся і сакратаром абкома партыі. У састаў абкома быў таксама ўведзены і В.З. Корж. Яны былі ўпаўнаважаны ажыццяўляць кіраўніцтва дзейнасцю ўсіх партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Пінскай вобласці. У лістападзе 1942 г. было сфарміравана і створана Пінскае партызанскае злучэнне на чале з В.З. Каржом. Камандаванне злучэння пашырыла зону ўплыву Савецкай улады. У гэтых мэтах у Драгічынскі, Іванаўскі, Жабчыцкі раёны былі накіраваны дзве групы з мясцовых партызан: адна (на чале з Ф.С. Куньковым) у Іванаўскі, другая (пад кіраўніцтвам Б.К. Лукашука) у Драгічынскі. 23 лістапада 1942 г. ў Сварынскіх лясах на базе дзеючай тут групы А.С. Кузічкіна быў сфарміраваны атрад імя А.В. Суворава. Камандзірам атрада стаў Б.К. Лукашук, камісарам Б.М. Міхайлоўскі, начальнікам штаба С.Д. Чубараў, намеснікам камандзіра атрада A.С. Кузічкін. У гэтым жа месяцы Ф.С. Кунькоў стварыў на базе буйной групы I.Р. Канатопава атрад імя C.Г. Лазо. Камандзірам атрада быў назначаны П.Р. Кузняцоў, камісарам С.I. Няпышны, намеснікам камандзіра I.Р. Канатопаў. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі Жабчыцкага, Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў. У студзені 1943 г. ўтвораны атрад імя М.I. Кутузава. 1 студзеня 1943 г. ў раёне Іванава-Драгічын для цэнтралізаванага кіраўніцтва атрадамі быў створаны міжраённы штаб на чале з упаўнаважаным штаба злучэння Ф.С. Куньковым. Штабу падпарадкоўваліся атрады імя С.Г. Лазо, А.В. Суворава і М.І. Кутузава. У лютым міжрайштаб устанавіў сувязі з падпольнымі групамі і падпольшчыкамі-адзіночкамі ў дзесятках населеных пунктаў Іванаўскага, Драгічынскага і Пінскага раёнаў.

Па ўказанню штаба Пінскага злучэння ў раён Дняпроўска-Бугскага канала быў перакінуты атрад імя М.Ц. Шыша. 4 красавіка 1943 г. ён разбіў свой лагер у вялікіх Сварынскіх лясах. 4 красавіка па рашэнню Іванаўскага падпольнага РК КП(б)Б і загадам па Пінскаму злучэнню атрады імя М.Ц. Шыша, А.В. Суворава, С.Г. Лазо і М.I. Кутузава аб’яднаны ў партызанскую брыгаду імя В.М. Молатава. Камандзірам яе быў назначаны М.І. Герасімаў, які раней камандаваў атрадам імя М.Ц. Шыша, камісарам Ф.С. Кунькоў, начальнікам штаба М.Л. Прахоцкі, пазней Д.К. Удовікаў. Памочнікам камісара брыгады па камсамолу быў назначаны Э.Б. Нордман. Такім чынам міжрайштаб быў рэарганізаваны ў брыгаду.

26 чэрвеня 1943 г. стаў дзейнічаць Драгічынскі падпольны райком КП(б)Б, а з кастрычніка 1943 г. райком камсамола. Сакратар Жаўноў I.Я. (26.6.1943-30.3.1944). Члены райкома: Нецвятаеў Я.П., Хурбатаў Я.К. (абодва з 25.8.1943). Райком выдаваў газету «Красная заря» (рэдактар Пчолка Я.П.).

ДРАГІЧЫНСКІ ПАДПОЛЬНЫ РАЙКОМ ЛКСМБ

Сакратар Ціхаміраў В.В. (1.10.1943-30.3.1944). Сакратар па прапагандзе Лаўрэнаў М.Р. (да 1.1.1944). Члены райкома: Пчолка Я.П. (да 14.1.1944), Кір’янаў А.Е., Шаўцоў А.П.

Па рашэнню Іванаўскага РК КП(6)Б ад 30 ліпеня 1943 г. і штаба брыгады было праведзена разбуйненне атрадаў. З атрада імя А.В.Суворава быў выдзелены атрад імя Г.К. Арджанікідзе, з атрада імя С.Г. Лазо — атрад імя I.В. Сталіна, з атрада імя М.Ц. Шыша атрад імя М.I.Калініна. 28 чэрвеня 1943 г. быў арганізаваны атрад імя У.Р. Нямытава, 10 ліпеня — атрад імя В.I. Чапаева. У ліпені быў створаны польскі атрад імя Тадэвуша Касцюшкі. Такім чынам, у састаў брыгады імя В.М. Молатава ўвайшлі атрады імя С.Г. Лазо, імя А.В. Суворава, імя М.Ц. Шыша, імя М.I. Калініна, імя М.I. Кутузава, імя Г.К. Арджанікідзе, імя У.Р. Нямытава і імя Тадэвуша Касцюшкі. Да 30 жніўня 1943 г. брыгада налічвала 1335 чалавек.

У жніўні 1943 г. загадам па штабу партызанскага злучэння Пінскай вобласці на базе атрадаў імя В.I. Чапаева, імя I.В. Сталіна, імя Г.К. Арджанікідзе, імя У.Р. Нямытава і імя Тадэвуша Касцюшкі, якія ўваходзілі ў брыгаду імя В.М. Молатава, была створана Пінская партызанская брыгада. Асноўныя баявыя дзеянні яна вяла ў Пінскім, Жабчыцкім, Іванаўскім раёнах Пінскай вобласці і Любяшоўскім раёне Валынскай вобласці.

Тэрыторыі Драгічынскага і Антопальскага раёнаў баявымі дзеяннямі ахоплівалі атрад асобага назначэння, якім камандаваў В.А. Цвяткоў, атрады імя А.П. Чарткова, імя С.М. Кірава, імя Я.Г. Макарэвіча, імя С.М. Будзённага, імя М.А. Шчорса, імя А.А. Жданава Брэсцкага злучэння, атрад імя Г.І. Катоўскага, які дзейнічаў самастойна, спецгрупа «Іскра».

З верасня 1943 г. пачалі дзейнічаць Антопальскі падпольны РК КП(6)Б і падпольны РК ЛКСМБ.

АНТОПАЛЬСКІ ПАДПОЛЬНЫ РАЙКОМ КП(6)Б

Сакратар Хромава А.I. (вер. 1943-12.7.1944).

Члены райкома: Дудко Р.А., Рэва Р.Я., Кераў С.В., Сідарук П.С. (усе са студз. 1944).

АНТОПАЛЬСКІ ПАДПОЛЬНЫ РАЙКОМ ЛКСМБ

Сакратары: Міранюк К.М. (вер. 1943-1.1.1944), Кераў С.В. (1.1.1944-12.7.1944). Сакратар па прапагандзе Міранюк К.М. (1.1.1944-12.7.1944). Члены райкома: Дзенісюк З.З. (да крас. 1944), Каралёў I.К. (да сак. 1944), Вышынскі I.К., Ламака В.С., Філімановіч П.П. (усе з 9.5.1944).

Падпольныя райкомы партыі і камсамола праводзілі масава-палітычную работу сярод насельніцтва, арганізоўвалі распаўсюджванне газет і лістовак, ума- цоўвалі сувязі з падполлем.

Вялікім аўтарытэтам і попытам сярод партызан і насельніцтва карысталіся ўзноўленыя газеты «Партизан Полесья» орган Іванаўскага падпольнага РК КП(б)Б, якую рэдагаваў I.I. Антонаў, і «Красная заря» — орган Драгічынскага РК КП(6)Б (рэдактар Я.П. Пчолка). За час баявых дзеянняў было выпушчана 127 баявых лісткоў і насценных газет, 53 нумары газеты «Партизан Полесья» агульным тыражом 20 тысяч экземпляраў і 36 нумароў «Красной зари» тыражом 4400 экземпляраў. На машынцы было надрукавана 45 тысяч экземпляраў зводак Саўінфармбюро, у друкарні — 33 тысячы экземпляраў. Рэдакцыя газеты «Партизан Полесья» і яе друкарня знаходзіліся пры штабе брыгады імя B.М. Молатава і размяшчаліся ў асобнай зямлянцы ў лагеры, што базіраваўся ў лясным масіве паміж хутарамі в. Калонія Белін і ўкраінскай вёскай Мукашын, на стыку граніц Драгічынскага, Іванаўскага і Любяшоўскага раёнаў. Некаторая колькасць шрыфтоў, паперы, партатыўная друкарская машынка былі дастаўлены з Масквы праз Украінскае партызанскае злучэнне генерала A.С. Фёдарава. Частку паліграфічных матэрыялаў даставіў з Пінска падпольш- чык А. Шахновіч. Ён і стаў загадчыкам партызанскай друкарні. З кастрычніка 1943 г. калектыў друкарні забяспечваў таксама выпуск газеты «Красная заря».

Вясной і летам 1943 г. партызанскія атрады актывізавалі баявыя дзеянні і нанеслі адчувальныя ўдары па варожых камунікацыях і гарнізонах. На працягу сакавіка 1943 г. Групамі I.Р. Канатопава і В.М. Галыбіна атрада імя С.Г. Лазо былі знішчаны ахова і збудаванні 5-ці шлюзаў на Дняпроўска-Бугскім канале, у выніку чаго важная водная артэрыя была поўнасцю выведзена са строю. Канал перастаў быць дзеючым. 20 сакавіка атрадімя А.В. Суворава знішчыў паліцэйскі ўчастак у в. Закозель, вывеў са строю спіртзавод. Партызаны забралі нарабаваную гітлераўцамі ў людзей буйную рагатую жывёлу, коней, а затым раздалі насельніцтву. У чэрвені партызаны гэтага ж атрада разграмілі нямецкі гарнізон у раённым цэнтры Камень-Кашырскі (Украіна). У ліпені атрады імя М.Ц. Шыша, імя С.Г. Лазо і імя М.І. Кутузава брыгады імя В.М. Молатава напалі на раённы цэнтр Любяшоў Валынскай вобласці. Баявая задача састаяла ў тым, каб не даць гітлераўцам вывезці нарабаваныя ў мясцовых жыхароў сельгаспрадукты, разграміць гарнізон, папоўніць запасы брыгады боепрыпасамі і зброяй. Кіраваўаперацыяй камбрыг М.I. Герасімаў. Зрабіўшы засады вакол Любяшова, атрады імя М.Ц. Шыша і імя С.Г. Лазо непрыкметна выйшлі на рубяжы атакі, разведчыкі знялі паставых, штурмавыя групы блакіравалі фашыстаў у бункерах. Партызаны атрада імя М.I. Калініна нагрузілі 300 фурманак зернем, мукой, боепрыпасамі, а астатнюю маёмасць, якая засталася ўскладах, падпалілі. Галоўныя сілы брыгады пад прыкрыццём ар’ергарда (узвода партызан, які прыняў на сябе ўдар прыбыўшага падмацавання гітлераўцаў і не прапусціў праследавальнікаў) адышлі на свае базы. У гэтым баі партызаны знішчылі 25 фашыстаў, страціўшы забітымі некалькі сваіх таварышаў. У верасні 1943 г. атрад імя А.В. Суворава брыгады «Савецкая Беларусь» Брэсцкага злучэння зрабіў засаду ля Заточча, каб адабраць у фашыстаў абоз з нарабаванай маёмасцю. У выніку кароткага, але жорсткага бою было забіта 24 і ранена 15 гітлераўцаў. Партызаны захапілі 58 фурманак з маёмасцю і харчаваннем. 112-ы партызанскі атрад брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага Брэсцкага злучэння 11 кастрычніка 1943 г. разграміў нямецкі карны атрад паміж вёскамі Гутава і Вавулічы. Праўда, перамога партызанам дасталася вялікай цаной. У баі загінулі камандзір атрада А.П.Чарткоў, камісар М.Ф. Паршын, камандзіры аддзяленняў К.I. Курынны, А.I. Звераў, Л.Гурвіч, партызаны Т.Я.Якаўлеў, C.А. Мультан, Ц.В. Должыкаў, М.Р. Янушкевіч і С.Д. Шмакаў.

Актыўныя баявыя дзеянні партызан адзначаліся і на чыгунках Брэст-Баранавічы і Брэст-Пінск. Шмат варожых эшалонаў запісалі на свой рахунак у гэты перыяд дыверсійныя групы П.В. Сянчука (атрады імя М.Ц. Шыша і М.I. Калініна), Г.Д. Сянчука і К.М. Мячыкава (атрад імя А.В. Суворава), Г.П. Давыдзюка і I.Р. Кокшына (атрад імя М.Ц. Шыша), П.С. Сіманенкі (атрад імя С.Г. Лазо). Да прыкладу, толькі дыверсійная група К.М. Мячыкава пусціла пад адхон 23 варожыя эшалоны з жывой сілай і тэхнікай. Каля 20 эшалонаў падарвала група Г.Д. Сянчука. З 20 красавіка па кастрычнік 1943 г. дыверсійныя групы брыгад імя В.М. Молатава пусцілі пад адхон 37 варожых эшалонаў.

Шырокае наступленне партызан на варожыя гарнізоны, іх разгром або выцясненне з населеных пунктаў дазволілі значна расшырыць межы існуючых партызанскіх зон, а таксама ўтварыць новыя за кошт адваяваных тэрыторый. Самая буйная партызанская зона была ўтворана паміж Дняпроўска-Бугскім каналам і ракой Прыпяць. На поўнач ад Драгічына партызанская зона распасціралася ў пойме ракі Ясельда, ахоплівала частку Бярозаўскага, Дра- гічынскага і Іванаўскага раёнаў.

Драгічынскі, Іванаўскі і Антопальскі райкомы партыі аднаўлялі ў партызанскай зоне Савецкую ўладу. У некаторых вёсках былі адноўлены сельскія Саветы, але часцей ролю і функцыі сельсаветаў выконвалі заставы, або камендатуры, на чале з начальнікам ці камендантам, якія ствараліся ў зоне ўплыву партызанскіх атрадаў. На поўдні раёна і прылягаючых сюды тэрыторыях актыўна дзейнічалі заставы (камендатуры) брыгады імя B.М. Молатава ў Хідрах, Зарэчцы, Адамове, Беліне, Ямніку, Дубраўках Галіцкіх, Гліннай, Жураўку, Адрыжыне, Любязі, Горках, Вётлах, Нявіры, Вялікай Глушы.

Пры некаторых партызанскіх атрадах ствараліся сямейныя лагеры, а дзе- нідзе і школы, у якіх вучыліся дзеці партызан. Такія школы працавалі пры чатырох сямейных лагерах атрада імя Я.Г.Макарэвіча ў Спораўскіх лясах і балотах, ініцыятарамі і настаўнікамі гэтых школ былі Р.М. Побат, А.С. Прадун, В.Р. Іванова, Я.А. Чарняўская, А.А. Калілец, В.З. Харужая, Г.Г. Сямёнава.

Далейшае разгортванне партызанскага руху, імклівы рост атрадаў за кошт мясцовага насельніцтва запатрабавалі расшырэння сувязі Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) з партызанскімі фарміраваннямі паўднёва-заходняй зоны, якая распасціралася за Дняпроўска-Бугскім каналам. Вясной 1943 г. ў брыгаду імя В.М. Молатава прыбылі радысткі з рацыяй, праз якіх і ішоў абмен радыёграмамі з БШПР і штабам Пінскага злучэння. Сувязь партызан з Вялікай зямлёй была наладжана і пры дапамозе авіяцыі. Савецкія самалёты дастаўлялі зброю, а назад, за лінію фронту, перапраўлялі параненых, грашовыя сродкі і каштоўнасці, якія былі сабраны насельніцтвам у фонд абароны краіны, а таксама разведданыя аб праціўніку, звесткі аб баявой, арганізатарскай і палітычнай рабоце, пісьмы партызан родным і таварышам, што знаходзіліся ў савецкім тыле.

Для прыёму самалётаў каля в. Сварынь, якая знаходзілася ў глыбіні партызанскай зоны, сіламі народных меціўцаў Брэсцкага і Пінскага злучэнняў быў пабудаваны аэрадром. Асабліва адчувальнае падмацаванне зброяй, боепрыпасамі і ўзрыўчаткай атрымалі партызаны гэтых злучэнняў летам 1943 г. на пачатку «рэйкавай вайны».

Каб поўнасцю паралізаваць на пэўны тэрмін работу варожага транспарту, ЦК ВКП(б) і Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання ставілі задачу больш цеснай увязкі баявых дзеянняў партызан на камунікацыях праціўніка з планамі наступальных аперацый Чырвонай Арміі. 24 чэрвеня 1943 г. ЦК КП(б)Б прыняў пастанову «Аб разбурэнні чыгуначных камунікацый праціўніка метадам «рэйкавай вайны», у якой падкрэслівалася, што зрыў варожых перавозак можа быць дасягнуты не толькі шляхам крушэння паяздоў, разгромам чыгуначных станцый, вываду са строю мастоў, цягнікоў, вагонаў, але і масавага падрыву чыгуначных рэек. БШПР накіраваў у партызанскія злучэнні спецыяльны загад аб «рэйкавай вайне», а 30 ліпеня па радыё перадаў загад камандзірам і камісарам гэтых злучэнняў аб пачатку аперацыі. Першы сумесны ўдар — 3 жніўня.

Пачатку «рэйкавай вайны» папярэднічала масавая падрыхтоўка партызан усіх атрадаў, у тым ліку і тых, што дзейнічалі ў Драгічынскім і суседніх раёнах. У час абучэння падрыўнікоў у Пінскае злучэнне прыбыў «Віктар» К.Т. Мазураў, упаўнаважаны БШПР, сакратар ЦК ЛКСМБ. У канцы верасня яго сустрэў на хутарах вёскі Зарэчка начальнік штаба брыгады імя B.М. Молатава Д.К. Удовікаў. Мазураў правёў нараду з партызанскім актывам, расказаў аб задачах па выкананню прынятых ЦК КП(6)Б і ЦК камсамола Беларусі пастаноў аб разгортванні партызанскага руху ў Заходняй Беларусі і аб разбурэнні чыгуначных камунікацый праціўніка.

Штурмавыя групы і падрыўнікі атрадаў імя М.Ц. Шыша, М.I. Калініна, A.В. Суворава і С.Г. Лазо брыгады імя B.М. Молатава 1 верасня 1943 г. атакавалі чыгунку Кобрын-Пінск ад Гарадца да Іванава, партызаны Пінскай брыгады ад Іванавада Пінска. Атрады Брэсцкага злучэння вялі падрыў чыгункі на ўчастку ад Гарадца да Жабінкі, а таксама на ўчастку Брэст-Баранавічы. Толькі 23 кастрычніка атрады брыгады імя В.М. Молатава ўзарвалі 450 рэек, што склала 4,5 км. За два меслцы «рэйкавай вайны» (верасень астрычнік 1943 г.) партызаны-молатаўцы знішчылі 2400 рэек, або 24 іх км. Дарога бяздзейнічала 300 гадзін, ці звыш 12 сутак. У данясенні аператыўнаму аддзелу БШПР камандзір брыгады імя В.М. Молатава М.I. Герасімаў паведамляў, што за ўвесь перыяд дзейнасці брыгады ёю пушчана пад адхон 129 вайсковых эшалонаў, з іх: 6 на чыгунцы Ковель-Брэст, 4 — на прагоне Лунінец-Баранавічы, 119 — на ўчастку Брэст-Пінск і Брэст-Бяроза.

Каб збіць напал партызанскага наступлення на варожыя гарнізоны і абараніць чыгунку і шасэйныя дарогі, гітлераўскае камандаванне перакідвала ў раёны асабліва актыўных дзеянняў партызан свежыя сілы карнікаў. Адначасова фашысты ўзмацнялі патруліра-ванне, мініравалі падыходы да дарог, рабілі карныя экспедыцыі ў партызанскія зоны, зганяючы злосць на мірных грамадзянах. 1 лістапада 1943 г. некалькі соцень карнікаў уварваліся ў в. Кублік, падпалілі крайнія хаты, сагналі ў хлеў для адпраўкі ў Германію да дзесятка сялян. Партызаны атрадаў імя М.Ц. Шыша і М.I. Калініна пад кіраўніцтвам камандзіра атрада імя М.Ц. Шыша М.М. Папова атакавалі карнікаў. Завязаўся жорсткі бой. Фашысты не вытрымалі націску партызан і вымушаны былі спешна адступіць у Драгічын. У снежні буйны карны атрад імкнуўся прарвацца ў партызанскую зону па дарозе праз спаленую в. Адрыжын і трапіў у добра замаскіраваную засаду партызан з атрадаў імя А.В. Суворава і С.Г. Лазо. Кіраваў абаронай на гэтым участку канала камісар атрада імя А.В. Суворава С.Д. Чубараў. Партызаны адкрылі па ворагу мінамётны і ружэйна-кулямётны агонь. Праціўнік спыніўся ў разгубленасці, але затым пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі рашуча пайшоў у атаку. З цяжкасцю, цаной неймаверных намаганняў партызаны адбілі атаку. Немцы і легіён крымскіх татар, які ўваходзіў у састаў карнікаў, не прайшлі ў зону, адступілі. 18 снежня 1943 г. каля в. Адамова і на рубяжы Дняпроўска-Бугскага канала адбылася жорсткая сутычка атрада імя М.1. Калініна (камандзір Ю.М. Самаркін) з армейскім падраздзяленнем мадзьяр. Заняўшы абарону ў дзотах і акопах, партызаны не далі магчымасці праціўніку перайсці праз канал і трапіць у партызанскую зону. У гэты ж час самааддана адбівала наступленне мадзьяр рота Г.П. Давыдзюка з атрада імя М.Ц. Шыша (каля в. Сулічава) і рота I.Р. Кокшына гэтага ж атрада (у ваколіцах урочышча Дошнік).

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?