Мікалай Мікалаевіч Трафімчук нарадзіўся 3 студзеня 1950 г. ў вёсцы Восаўцы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Нават не ў самой вёсцы, а на невялікім хутары аккурат на мяжы Драгічынскага і Іванаўскага раёнаў у сялянскай сям’і. Скончыў Белінскую сярэднюю школу.
Затым Мікалай Трафімчук скончыў Брэсцкае ГПТВ-65 будаўнікоў, служыў у Савецкай арміі. Пасля службы ў 1968 г. паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. У 1971 г. перавёўся на завочнае аддзяленне, працаваў у школах Драгічынскага і Бярозаўскага раёнаў. Пасля атрымання дыплома, з 1975 г., – у рэдакцыях раённых газет «Чырвоная звязда» (Іванава) і «Запаветы Леніна» (Драгічын), на Брэсцкім тэлебачанні, у газетах «Звязда» і «Мінская праўда», карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1994 г. – у рэдакцыі газеты «Наша доля».
Калі працаваў у Драгічынскай раёнцы, з’яўляўся членам літаратурнага аб’яднання «Світанак», а з 1984 г. – яго кіраўніком. Вершы Міколы Трафімчука з 1973 г. змяшчаюцца на старонках газет і часопісаў, у зборніках «Дзень паэзіі». Ён адзін з аўтараў зборніка маладых паэтаў «Нашчадкі» (1979) і зборніка дзіцячых паэтаў «Цвіце верас» (1987).
Першая асобная кніжка паэта пад назвай «Трыванне» выйшла ў свет у 1990 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Нешта ёсць сімвалічнае ў гэтай назве, аўтару доўга давялося чакаць, пакуль кніга дайшла да чытача. А можа стойкасць – гэта жыццёвае крэда пісьменніка. У кнізе ажываюць дакладныя прыкметы нашага часу, змястоўна прадстаўлена тэма адказнасці за ўсё жывое на зямлі. Некаторыя творы напісаны ў публіцыстычнай манеры. У зборніку нямала вершаў прысвечана сяброўству і каханню. Потым выйшлі зборнікі вершаў «Траекторыя» (1992), «Фэст, альбо Трыяда» (1993), «Нішто не вернецца ніколі» (1995), «Любіць Бог Беларусь» (1996) і інш.
Паэзія Міколы Трафімчука цэласная, заснаваная на зямных рэаліях, часам суровых, але заўсёды чалавечых духоўных каштоўнасцей – вернасці, сумленнасці, працавітасці. Паэт – актыўны прапагандыст беларускай мовы. Калі працаваў у рэдакцыі Іванаўскай раённай газеты, ён адзін з усяго калектыву паўсядзённа размаўляў па-беларуску. Нязвыкла гэта звучала ў той час, а ён быў перакананы ў перамозе роднага слова.
У многіх вершах Мікола Трафімчук паўстае як публіцыст. Непакорнасць, нязгода са стэрыатыпамі, шэрасцю, імкненне змагацца з негатыўнымі з’явамі жыцця праходзяць праз усю яго творчасць. Але не здрадзіў сябе паэт і як лірык, у ім заўсёды ўжываліся два такія бакі чалавечага характару, не замінаючы адзін другому. У творчасці Міколы Трафімчука прысутнічае і тэма кахання, сяброўства. Шмат вершаў прысвечана інтымнай лірыцы, жанчыне. Шмат вершаў паэт прысвяціў маці, аднавяскоўцам, сябрам па пяру. Многія вершы Міколы Трафімчука пакладзены на музыку: «Драгічынскі вальс», «Павуцінка», «Бацькоўскі сад» і інш.
Паэт жыве на трывожнай планеце. Яго жыццё напоўнена паўсядзённымі турботамі, справамі, роздумам пра дзень мінулы і дзень сённяшні. У асобе Міколы Трафімчука ўдала спалучыліся дар паэта і дар празаіка, дар арганізатара. Пісьменнік дбаў не толькі пра выданне ўласных кніг, дзякуючы яго намаганням убачылі свет зборнікі і паявіліся ў друку творы мясцовых літаратараў.
Член Саюза пісьменікаў Беларусі з 1994 г. (цяпер у Саюзе беларускіх пісьменнікаў). У 2005 г. М. Трафімчук стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага альманаха «Гоман». Не змераць дарог, якія прайшоў і праехаў паэт на шляху да чытача, не злічыць радкоў, запісаных на паперы. Не ўсё яшчэ асэнсавана, не ўсё вылілася ў вершах, многае яшчэ наперадзе. Гэта значыць, наперадзе – новыя сустрэчы з паэтам.