22 мая 1943 г. Мікола Федзюковіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Гадаваўся ў маці-калгасніцы, таму з маленства ведаў усю сялянскую працу. Школьнікам добра маляваў, захапляўся спортам, гуляў у футбол, абараняў гонар раёна на першынствах вобласці. Пасля заканчэння Гутаўскай сярэдняй школы ў 1960 г. Мiкола працаваў у калгасе, затым літсупрацоўнікам Драгічынскай раённай газеты «Запаветы Леніна», фотакарэспандэнтам лунінецкай «раёнкі» «Ленінскі шлях». Служыў у Савецкай Арміі ў Пячах, наборшчыкам пры дывізійнай газеце «Звезда Советов» (1962-1965).
Любоў да мастацкай літаратуры і паэтычнага слова праявілася ў Міколы вельмі рана. Блакітныя гарызонты, веснавая ралля, пах сена, усход сонейка… і прывабная яго воку зорка Мілавіца (Венера), а таксама іншыя атрыбуты вясковага жыцця натхнялі маладога паэта на творчасць. Мiкола стаў адным з актыўных удзельнiкаў лiтаратурнага аб’яднання пры iванаўскай раённай газеце. У многіх яго вершах праглядаецца праца селяніна на нялёгкай хлебнай ніве, бо сам Мікола быў паэтам ад зямлі.
У 1970 г. закончыў аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Прыехаў у Мінск, працаваў у выдавецтве «Народная асвета», у рэдакцыях газеты «Чырвоная змена», бюлетэня «Служба быту Беларусі». З 1993 г. – літкансультант газеты «Белорусская нива» i адначасова кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры «Чырвонай змене». Многа часу аддаў ён маладзейшым калегам, ахвяруючы сабой, не напісаўшы сваіх вершаў.
Першыя вершы Міколы Федзюковіча ў раённым друку з’явіліся ў 1960-м, у рэспубліканскім – у 1964 гг. З 1972 г. Мiкола Федзюковіч стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. Аўтар зборнікаў вершаў «Зямля – магніт» (1968), «Мілавіца» (1971), «Птушыны грай» (1976), «Птичье дерево» (1976), «Макаў цвет» (1979), «Красадзён» (2009). Яго творы перакладаліся на ўкраінскую, літоўскую і рускую мовы.
Ён належыў да таго пакалення, дзяцінства якіх прыпала на ваенныя і пасляваенныя гады. I таму тэма вайны так хвалявала яго. М. Федзюковіч пісаў пра гора, што прынесла вайна, пра свае галоднае і халоднае дзяцінства. Бацька паэта Мікалай Іванавіч не вярнуўся з франтавых дарог Вялiкай Айчыннай – загінуў у 1942-м, гэта была першая значная страта. Потым трагічна загінуў брат, не стала адзінага сына, якi загiнуў дарослым. За год да смерці паэта памерла яго маці Ксенія Пракопаўна, якую ён з вёскі забраў да сябе ў Мінск, і якой прысвяціў не адзін верш. Бязлітасны лёс выпрабоўваў яго на трываласць, грамадзянскую мужнасць. Тэму Радзімы, сяброўства, кахання паэт лічыў галоўнай у сваёй творчасці.
Неадступнымі спадарожнікамі няўрымслівага героя яго твораў з’яўляюцца вятры і навальніцы, сонца і хмары, дажджы і травы, лясы і рэкі. Яшчэ ў першым паэтычным зборніку «Зямля – магніт» (1968) ён нібы прадказаў свой лёс, заявіў пра сваё крэда, агучыў праграму свайго «хуткаплыннага» жьцця. Кніга вершаў «Макаў цвет», выдадзеная ў 1979 г. выдавецтвам «Мастацкая літаратура», стала, на жаль, апошняй пры жыцці Мікалая Мікалаевіча.
Паэт «маўчаў» 18 гадоў. Рукапіс новай кніжкі з незвычайна прыгожай назвай «Красадзён» праляжаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» больш за 10 год, а ў свет пры жыцці паэта так і не выйшаў. Красадзён – гэта прыгожая травянiстая раслiна, звычайная для палескiх мясцiн.
Лёс не песціў паэта, але ён не скарыўся яму і, як мог, даражыў сваім прызначэннем паэта. Пра яго паэзію гаварылі ў літаратурных колах Беларусі, Расіі і іншых краін. Шырокая вядомасць і папулярнасць паэта яшчэ і ў тым, што ён быў перакладчыкам вершаў на беларускую мову з французскай, балгарскай, а таксама з грузiнскай, казахскай, кіргізскай, рускай, таджыкскай, татарскай, украінскай i іншых моў народаў СССР.
Шмат ездзiў па Беларусі, пісаў нарысы і рэпартажы з маладзёжных будоўляў, выступаў з імі ў друку і на радыё. Вёў на Беларускім радыё перадачу «Шчырага сэрца парывы». Мікола Федзюковіч пісаў сумленную публіцыстыку, рэцэнзіі, нарысы і артыкулы.
Жыў адкрыта, не страхаваў сябе, лічыў сваім адзіным паратункам родны абсяг, да якога і прыхінаў галаву. Яго малая радзіма – палескі край. У душы паэта ён быў нечым незвычайным, таямнічым. Здавалася, яму там сонца ярчэй свяціла і людзі былі ласкавейшымі. Паэт любіў сваіх землякоў і як Айчыне, прысягаў ім вернасцю, тым самым плаціла паэту і Бацькаўшчына.
На жаль, жыццё паэта абарвалася рана – не дажыў да 54-х, засталіся яго творы, якія вучаць разумнаму, добраму, вечнаму. Мікалай Мікалаевіч Федзюковіч нечакана, раптоўна памёр 8 студзеня 1997 года. Пахаваны на Паўночных могілках г. Мінска.
Паэтычная спадчына паэта застаецца запатрабаванай. У 2009 г. у серыi «Беларуская паэзiя ХХ стагоддзя» выйшла кнiга вершаў і перакладаў М. Федзюковіча «Красадзён» (укладальнік Віктар Гардзей). На радзiме паэта, у Гутава Драгічынскага раёна, у 1998 г. было наладжана літаратурнае свята, прысвечанае 55-годдзю з дня нараджэння земляка. Яго імем названа адна з вуліц Гутава. У 2013 г. адбыўся дзень памяцi «Мілавіца над Гутавам», прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Міколы Федзюковіча.