Майсей Калінікавіч Юскавец (вучоны, акадэмік, заслужаны дзеяч навук Беларусі)
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Майсей Калінікавіч Юскавец (вучоны, акадэмік, заслужаны дзеяч навук Беларусі)

Назад

Майсей Калінікавіч Юскавец (вучоны, акадэмік, заслужаны дзеяч навук Беларусі)

Майсей Калінікавіч Юскавец (вучоны, акадэмік, заслужаны дзеяч навук Беларусі)

Майсей Калінiкавіч Юскавец нарадзіўся 16 жніўня 1898 г. у в. Заверша Бездзежскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губернii (цяпер в. Заверша Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці).

З ранняга дзяцінства, як і многія вясковыя дзеці, Майсей дапамагаў бацькам па гаспадарцы, пасвіў кароў. Гэта не перашкодзіла яму закончыць Завершскую школу, дзе хлапчук атрымаў пачатковую адукацыю. Прагу і цікавасць да ведаў і навукі Майсею ў многім прывіваў і старшы брат Пётр, які працаваў настаўнікам пачатковых класаў у сваёй жа вёсцы. Але ранняя, заўчасная страта бацькі прымушае Майсея Юскаўца думаць не толькі пра навуку, але і пра кавалак хлеба надзённага. І ў непаўналетнім узросце ён пайшоў на будоўлю Брэсцкай крэпасці, дзе тады вяліся пэўныя работы па яе ўмацаванню. А ў 1914 г., у 16-гадовым узросце, яго прызвалі ў дзеючую армію Заходняга фронту і накіравалі на вучобу ў ваенную ветфельчарскую школу ў Парахонску. Пасля яе заканчэння ў 1915 г. Майсея Юскаўца залічылі ветэрынарам у 13-ю інженерна-будаўнічую дружыну Заходняга фронта. А закончыў свой ваенны шлях Майсей Калінкавіч на франтах грамадзянскай вайны, у часцях пад камандаваннем М.В. Фрунзе.

Пазней М. Юскаўца накіроўваюць на вучобу ў Маскоўскі вышэйшы заатэхнічны інстытут імя Баўмана, на ветэрынарны факультэт. Яшчэ будучы студэнтам, у 1922 г. Майсей выявіў ачаг небяспечнага захворвання сярод буйной рагатай жывёлы ў адной з падмаскоўных вёсак. Намаганнямі навукоўцаў і практыкаў пагроза распаўсюджвання інфекцыі была спынена. Аб гэтым паведамлялася тады ў газетах «Беднота» і «Крестьянская газета».

Па рашэнню Маскоўскага абласнога аддзела студэнтаў М. Юскаўцу была дадзена магчымасць працягваць вучобу ў інстытуце, адначасова працуючы па сваёй спецыяльнасці ў адной з буйных гаспадарак Падмаскоўя. Да таго ж, за выяўленне эпізаатыі чумы ў якасці ўзнагароды Майсею Юскаўцу на час вучобы ў інстытуце была назначана стыпендыя. Гэта было неблагім заахвочваннем, якое акрыляла на далейшыя пошукі і адкрыцці. Тым больш, што нястомнай працавітасці і мэтанакіраванасці выхадцу з сялянскага роду было не займаць.

У 1925 г. М.К. Юскавец скончыў Маскоўскі інстытут. З 1935 г. ён працуе загадчыкам лабараторыі, а пазней – намеснікам дырэктара Усесаюзнага інстытута эксперыментальнай  ветэрынарыі.

У першыя днi Вялiкай Айчыннай вайны дабравольцам пайшоў у армію. Служыў ваенным ветэрынарным урачом 2 рангу у частках 48-й Чырвонай Арміі. У 1943 г. быў адазваны з арміі, па 1951 г. Майсей Калінікавіч узначальваў кафедру эпізааталогіі ў Маскоўскім хіміка-тэхналагічным інстытуце. У 1952-1957 гг. – ва Усесаюзным інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі, адначасова ў 1950–1956 гг. – у Інстытуце жывёлагадоўлі АН БССР.

Ён быў адным з арганізатараў ў Беларусі Навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута. Сваю пазіцыю Майсей Калінікавіч абгрунтаваў тым, што Беларусь з’яўлялася варотамі СССР у Заходнюю Еўропу, а значыць, тут пастаянна існуе рызыка ўвозу і заражэння жывёл і людзей малавывучанымі інфекцыямі. У 1956 г. Навукова-даследчы ветэрынарны інстытут быў адкрыты, а яго дырэктарам зацвярджаецца М.К. Юскавец. З 1961 г. – загадчык аддзела мікрабіялогіі і імуналогіі гэтага інстытута.

У 1957 г. ён быў абраны акадэмікам-сакратаром Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР. Задачай вялікай дзяржаўнай важнасці М.К. Юскавец лічыў поўную ліквідацыю туберкулёзу сярод  жывёлы, які мог быць крыніцай захворвання і сярод людзей.

Майсей Калінікавіч Юскавец вучоны з сусветным іменем, ён быў удзельнікам многіх міжнародных канферэнцый, аўтар 150 навуковых прац, 5 манаграфій і зборнікаў па эпізааталогіі, мікрабіялогіі, імуналогіі сельскагаспадарчых жывёл, па пытаннях барацьбы з туберкулёзам, бруцэлёзам і іншымі хваробамі сельскагаспадарчых жывёл, выдадзеных у СССР і замежных краінах (Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Чэхаславакія, Кітай). Распрацаваў метад прыгатавання вакцыны са штаму бруцэл.

У 1958 г. за заслугі ў галіне ветэрынарнай навукі указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР М.К. Юскаўцу прысвоена званне ганаровага дзеяча навукі БССР. Ён узнагароджаны ардэнамi Леніна (1954), «Знак Пашаны» (1958, 1968), медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Майсей Калінікавіч Юскавец пасля працяглай і цяжкой хваробы памёр 23 красавiка 1969 г. Пахаваны на Усходнiх магілках г. Мінска. Ён застаўся ў памяці ветэрынарнай грамадскасці, як эталон высокай гуманнасці, дабрасумленнасці, справядлівасці і як клапатлівы настаўнік маладых вучоных.

Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР на памяшканнi БелНДУЭВ устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар стваральніка і першага кіраўніка эксперыментальнай ветэрынарыі М.К. Юскаўца. 24 лютага 1989 г. Савет Міністраў БССР выдаў пастанову аб прысваенні імя М.К. Юскаўца Завершскай базавай школе Драгiчынскага раёна.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?