Адным з найбольш значных помнікаў заказельскага комплексу з’яўляецца капліца, якая знаходзіцца на тэрыторыі парка, на невялікім штучным узгорку. Капліца пабудавана ў неагатычным стылі. У «Геаграфічным слоўніку» аб капліцы пішацца ў мінулым часе, бо ў 1885 г. яна была закрыта, аднак паведамляецца таксама, што раней капліца была прыпісана да брашэвіцкага прыходу. Аўтар працы «Біскупства Віленскае» Ян Бурчэўскі паведамляе, што ў пачатку XX ст. капліца ў Закозелі была далучана да Янаўскага касцёла.
У «Пераліковай ведамасці» за 1867-68 гг. Кобрынскага павета паведамляецца, што заказельская фамільная капліца была пабудавана ў 1839 г. «… за дозволеннем Виленского Епископа Клончевича».
У выніку бібліяграфічных даследаванняў удалося ўстанавіць аўтара праекта заказельскай капліцы: гэта вядомы польскі і беларускі архітэктар Францішак Яшчольд, па праектах якога былі ўзведзены многія выдатныя архітэктурныя збудаванні, у тым ліку — у нашай рэспубліцы.
Капліца была ўзведзена ўладальнікамі маёнтка з пэўпай мэтай: пасля заканчэння будаўніцтва ў ёй былі змешчаны труны памёршых у розны час прадстаўнікоў роду Ажэшкаў.
У 1866 г. у адпаведнасці з загадам Галоўнага начальніка краю заказельская капліца павінна была быць закрыта. Удава апошняга ўладальніка маёнтка – Фердынанда Ажэшка, якая ў гэтыя гады не пражывала ў Закозелі, звярнулася да Кобрынскага ваеннага начальніка з просьбай пакінуць капліцу ў такім выглядзе, у якім яна існавала да загаду аб яе закрыцці. У абласным архіве ў Гродна выяўлена багатая перапіска па гэтаму пытанню.
Са зместу дакументаў відаць, што «католическая каплица в им. Закозель была устроена для погребения усопших рода Оржешков; в оной уже погребены Осип Оржешко, его сын Никодим, дочь его Феофила, по мужу Буховецкая, и отец жены покойного Иван Хржановский». Да закрыцця ў капліцы па святах і нядзельных днях вялося богаслужэнне, сюды з’язджаліся памешчыкі (прыхаджан рымска-католікаў не было).
У адным з данясенняў гродзенскаму губернатару ўтрымліваецца апаска, што «… оставление каплицы имело бы дурное влияние на многочисленную прислугу Закозеля, а уединенное положение двора препятствует надзору за польской пропагандой…»
Спадчынны ўладальнік маёнтка Калікст Ажэшка, як ужо адзначалася вышэй, знаходзіўся за мяжой, а яго маці, якая валодала толькі невялікай часткай маёнтка і жыла ў Валынскай губерні, праз сваіх давераных асоб спрабавала захаваць капліцу ў якасці сямейнага склепа, прасіла дазволу пахаваць у ёй памерлага да гэтага часу ў Парыжы другога сына — Юлія. Дазвол на перазахаванне быў дадзены, але ў той жа час з канцылярыі губернатара было атрымана ўказанне: «… Каплица быть открытой не может. Что касается имущества и здания, то поскольку каплица эта была бесприходной и составляла собственность владельца имения, то имущество и здание возвратить г. Ожешко, с тем, однако, чтобы каплица была переделана в надгробный склеп с уничтожением на нем церковных глав и, чтобы в здании не осталось алтаря и никаких принадлежностей священнодействия…»
У 1867 г. капліца ўсё-такі была закрыта, а ключы перададзены валавельскаму свяшчэнніку: паступіла новая прапанова вышэйшага начальства аб перадачы капліцы ў праваслаўнае ведамства.
«… Алтарь будет снят, но так как он сооружен из мрамора и железа и плотно заделан в кирпичные стены, то потребуется некоторое время на прислание способного мастера для этой работы. Что касается церковных глав, то снятие их и переделка здания невозможны без архитектора и искусных рабочих и сопряжены с большими издержками — просьба оставить в настоящем виде», — так пісаў у сваім прашэнні павераны графіні Ажэшка памешчык Бельскі. Перапіска па гэтаму пытанню працягвалася месяцы і ўскладнялася адсутнасцю ўладальнікаў і тым, што давераныя асобы не маглі прыняць рашэння ні «за», ні «супраць» думкі начальства. Нарэшце, у рапарце павятовага спраўніка, які быў пададзены ў пачатку лістапада 1867 г., паведамлялася, што «… работы по переделке каплицы должны быть закончены к 1 мая следуюшего года».
У 1868 г. заказельская капліца разам з вопісам маёмасці была перададзена свяшчэннікам валавельскай царквы Балабушэвічам прыставу 4 стана.
З інвентарных апісанняў капліцы XIX ст. вядома, што будынак з востраканцовым купалам завяршаўся чыгунным крыжам; у сярэдзіне вежаў з чыгуннымі востраканцовымі шпілямі, размешчанымі па вуглах, знаходзіліся ў паглыбленнях таксама ў чыгунных ківотах 4 фігуры ў чалавечы рост. Перад уваходам у капліцу стаялі два драўляныя слупы з ліхтарамі. Інтэр’еры будынка ўпрыгожвалі драўляныя разныя пераплёты, рознаколернасць аконнага шкла, гіпсавыя фігуркі, чыгунныя рашоткі цудоўнай работы, а таксама выдатныя абразы, напісаныя на палатне… Хоры і галоўны алтар таксама былі выкананы з чыгуна, — усё вылучалася высокім густам і майстэрствам. У XIX ст. на ўзгорку, побач з капліцай, была зроблена на адным драўляным слупе званіца, крытая гонтай з невялічкім званочкам.
Нягледзячы на тое, што капліца была закрыта, галоўны ўваход у яе шчыльна замураваны і атынкованы, просьбы аб тым, каб пакінуць вонкавы выгляд яе без змяненняў, працягваліся. Так, у 1868 г. міністру ўнутраных спраў паступіла просьба наступнага зместу: «… Устроенная 20 лет назад каплица в имении Закозель, показанная в списках 1853 г., закрыта по ненадобности, так как кроме помещицы и дворовой прислуги католиков почти нет,… цель закрытия будет достигнута, если в ней не будет совершаться богослужение… Переделка здания с каменными украшениями в готическом вкусе сопряжена с издержками и обезображиванием здания, что оставленная в настоящем виде каплица не может никогда принести вреда, тем более, что каплица построена в отдельной месте, вблизи господского двора… Просим оставить без изменений как снаружи, так внутри…». Просьба была накіравана дваранамі Кобрынскага павета: магчыма, і яна, сярод іншых, садзейнічала таму, што будынку не была нанесена шкода і капліца хоць і была на доўгія гады закрыта, але не пашкоджана значнымі пераробкамі.
Сапраўды дастойным «акаймаваннем» пабудовам прысядзібнага комплексу ў Закозелі з’яўляецца парк. Ён раней займаў тэрыторыю ў некалькі дзесяткаў гектараў. Большая частка парка знаходзілася з правага боку цэнтральнай алеі; шырокая алея са старых ліп вяла да палаца, пераходзячы ў прыгожы газон перад галоўным фасадам, а потым як бы працягвалася з тыльнага боку будынка, таксама пачынаючы ад маляўнічых кветкавых газонаў, утвараючы ідэальную прамую лінію, якая перарывалася толькі сядзібным домам.
Тая частка парку, дзе размяшчалася капліца, і раней і цяпер — найбольш прыгожая: гэта тэрыторыя каля 7 га была засаджана рознымі пародамі дрэў, кустоўем, упрыгожана сажалкамі і каналамі дзівосных абрысаў.
28 кастрычніка 2022 г. капліцу наведала калегія, ў якую ўваходзілі начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў і структурных падраздзяленняў Міністэрства культуры. Удзельнікі выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства культуры пазнаёміліся з аб’ектамі, якія ўвайшлі ў праграму рэканструкцыі, кансервацыі, капітальнага рамонту.
У Драгічынскім раёне яны праінспекціравалі ход рэстаўрацыйных работ на капліцы-усыпальніцы рода Ажэшкаў. Такая ўвага да аб’екта невыпадковая: на працягу некалькіх гадоў сродкі на рэканструкцыю выдзяляюцца з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Духмяным караваем віталі ўдзельнікаў калегіі ў Закозелі, пацвярджаючы тым самым сваю гатоўнасць гасцінна прымаць на драгічынскай зямлі турыстаў з усіх куточкаў Беларусі і з замежжа. Аб ходзе рэстаўрацыйных работ на аб’екце, выкарыстанні грашовых сродкаў на гэтыя мэты і аб далейшым выкарыстанні турыстычнага патэнцыялу капліцы-усыпальніцы падрабязна расказаў намеснік старшыні Драгічынскага райвыканкама Уладзімір Іванавіч Нерад.
Сродкі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва на рэканструкцыю капліцы-усыпальніцы рода Ажэшкаў выдаткоўваюцца з 2020 года. За гэты час з фонду атрымана 948,5 тысячы рублёў. Яшчэ 858 тысяч рублёў на рэканструкцыю аб’екта выдзеліў раённы бюджэт. Да гэтага выкарыстоўваліся сродкі, заробленыя на раённым і абласным суботніках, спонсарская дапамога. Уладзімір Нерад падрабязна пералічыў усе работы, якія ўжо выкананы на аб’екце, і заверыў удзельнікаў калегіі, што яны выконваюцца якасна, у запланаваныя тэрміны. Што ж тычыцца турыстычнага патэнцыялу капліцы-усыпальніцы, дык яна ўжо з’яўляецца адным з аб’ектаў турыстычных маршрутаў Драгічыншчыны. Яшчэ да пачатку рэстаўрацыйных работ сюды прыязджалі турысты. I цяпер у Закозель з цікаўнасцю наведваюцца як арганізаваныя турыстычныя групы, так і асобныя кампаніі вандроўнікаў, неабыякавых да мінуўшчыны роднага краю. Падчас экскурсій, якія пакуль праводзяцца бясплатна, выкарыстоўваюцца элементы тэатралізацыі, у прыватнасці, да гасцей выходзіць «Эліза Ажэшка». Матэрыялы аб гісторыі рода Ажэшкаў, гістарычных экспанатах, якія былі знойдзены ў капліцы падчас рэканструкцыі, аб ходзе рэстаўрацыйных работ друкуюцца ў раённай газеце «Драгічынскі веснік», размяшчаюцца ў Інтэрнэце. Ёсць упэўненасць, што капліца і надалей будзе прыцягваць турыстаў. Рэканструкцыя аб’екта павінна быць закончана ў 2024 годзе.