Іван Пятровіч Данілаў (вучоны, выдатнік аховы здароўя СССР і Мангольскай Рэспублікі)
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Іван Пятровіч Данілаў (вучоны, выдатнік аховы здароўя СССР і Мангольскай Рэспублікі)

Назад

Іван Пятровіч Данілаў (вучоны, выдатнік аховы здароўя СССР і Мангольскай Рэспублікі)

Іван Пятровіч Данілаў (вучоны, выдатнік аховы здароўя СССР і Мангольскай Рэспублікі)

Іван Пятровіч Данілаў

Іван Пятровіч Данілаў нарадзіўся 27 верасня 1924 года ў в. Ляжыткавічы Драгічынскай гміны Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.

Вучыўся ў Драгічынскай школе. Бацькі і настаўнікі адразу заўважылі ў кемлівым і разважлівым хлапчуку схільнасць да вучобы і рабілі многае, каб пасадзейнічаць развіццю юнага даравання. Але, на жаль, не ўсё заўсёды складвалася добра. Вёска ў тыя часы жыла вельмі бедна.

Сяляне пастаянна марылі аб добрым кавалку зямлі, з якой звязвалі паляпшэнне свайго дабрабыту, а ў людзі, як кажуць, выходзілі толькі адзінкі з іх дзяцей. Бацьку, Пятру Мікалаевічу, які ў свой час скончыў агульнапрыходскую школу і нават быў у складзе зямельнага камітэта, і маці, Марыі Якаўлеўне, вельмі хацелася, каб іх дзеці не былі горшымі за іншых. Таму, нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, Іван Данілаў на выдатна закончыў сем класаў і марыў аб далейшай вучобе. Але перашкодай усяму стала Другая сусветная вайна.

Івану Данілаву ў 17 гадоў давялося перажыць такое, што не кожны чалавек вытрымае. З 5 мая 1942 г. ён – сувязны партызанскага атрада імя Шыша, а потым – імя Калініна брыгады імя Молатава Пінскага злучэння. Пазней разам з народнымі мсціўцамі ўдзельнічаў у баявых аперацыях: узрываў эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага, граміў гітлераўскія гарнізоны… Не раз, як кажуць, знаходзіўся на валаску ад смерці.

У ліпені 1944 г. партызанскі атрад, у якім змагаўся з ворагам Іван Данілаў, злучыўся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. Далей для маладога байца пачаліся нялёгкія франтавыя шляхі-дарогі. Пры вызваленні горада Маладзечна ён быў цяжка паранены (прастрэлена правае лёгкае). Лячыцца давялося на працягу чатырох месяцаў у некалькіх шпіталях. «Спачатку на лячэнне мяне адправілі ў Маскву, – успамінае Іван Пятровіч. – У шпіталі, у які паклалі, не было першай групы крыві, што патрабавалася мне для пералівання. Жанчына-доктар спытала: «Ну што, галубок, рабіць? Застаецца толькі спадзявацца на маладосць твайго арганізма».

I арганізм не падвёў Івана Данілава. Ён выкарабкаўся з хваробы без пералівання крыві. I менавіта ў тым маскоўскім шпіталі малады франтавік цвёрда вырашыў пасля вайны набыць прафесію ўрача.

Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. паступіў у Пінскую фельчарска-акушэрскую школу, а ў 1949 г. – у Мінскі медыцынскі інстытут. Па яго заканчэнні ў 1955 г. маладога спецыяліста накіравалі ў Гродзенскую вобласць, дзе ён пачаў працаваць урачом Поразаўскай раённай бальніцы, быў галоўным урачом Поразаўскага раёна.

З 1958 г. І.П. Данілаў – аспірант, а затым асістэнт кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута. У 1961 г. І.П. Данілаў скончыў аспірантуру, а ў 1962-ім абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Влияние хронического тонзиллита на состояние сосудистой системы».

У 1964 г. яго прызначаюць дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута гематалогіі і пералівання крыві. Менавіта на гэтай пасадзе па-сапраўднаму разгарнулася навуковая і практычная дзейнасць Івана Пятровіча ў галіне медыцыны. Ён апантана працуе над праблемай удасканальвання метадаў стабілізацыі кансервавання крыві, прызначанай для масавых пераліванняў, шмат увагі надае лячэнню апластычных анемій і гемафіліі. І.П. Данілаў упершыню ў Савецкім Саюзе прымяніў лячэбны плазмаферэз пры гемафіліі. Гэты метад не страціў свайго значэння і ў цяперашні час.

Творчая, навукова-абгрунтаваная дзейнасць на ніве медыцыны дала магчымасць І.П. Данілаву ў 1971 г. абараніць доктарскую дысертацыю на тэму «Переливание крови, стабилизированной с помощью фосфатноцитратных целлюлозных сорбентов». А ў 1974 г. ён паспяхова прайшоў па конкурсу на вакантную пасаду загадчыка кафедры ўнутраных хвароб Мінскага медінстытута. Тут прафесар працягваў свае даследаванні па праблеме тромбафіліі і рэалогіі крыві пры інфаркце міякарду і хранічных захворваннях лёгкіх. У 1993 г. Іван Пятровіч вярнуўся на працу ў НДІ гематалогіі і пералівання крыві.

І.П. Данілаў аўтар звыш 400 навуковых друкаваных прац, сярод якіх 6 манаграфій і 14 вынаходніцтваў. Падрыхтаваў 18 кандыдатаў і два доктары медыцынскіх навук. Выдаў брашуру «Гемафілія», у якой разглядаюцца сучасныя падыходы да лячэння прафілактыкі гэтага цяжкага захворвання.

Акрамя медыцынскіх кніг, Іван Пятровіч аўтар васьмі публіцыстычных: «Размышления западного белоруса» (2009), «Записки западного белоруса» (2011), «История не из учебника» (2012), «Ненужная война» (2013) і інш. У гэтых творах ён дзеліцца ўспамінамі аб Вялікай Айчыннай вайне, роздумам аб жыцці і лёсах беларусаў. 5 лістапада 2009 г. І.П. Данілаў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Іван Пятровіч Данілаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, шматлікімі медалямі.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?