Іван Даміянавіч Снітко нарадзіўся 7 ліпеня 1896 г. у вёсцы Хомск Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці). Праз два гады сям’я Снітко пераехала ў Брэст-Літоўск, а потым у Санкт-Пецярбург.
У 1912 г. Іван Снітко паступіў у школу марскіх юнг, якую скончыў перад пачаткам Першай сусветнай вайны, служыў на ваенным судне. У 1915 г. скончыў класы унтэр-афіцэраў, служыў у Кранштаце камандзірам батарэі на востраве Карлос, затым на крэйсеры «Богатырь».
Кастрычніцкую рэвалюцыю Іван Снітко прыняў адразу, на пачатку 1918-га ўступіў у партыю бальшавікоў. Служыў камандзірам батарэі на востраве Вульф, карабельным артылерыстам крэйсера «Аскольд» Балтыйскага флоту. У 1919 г. ваяваў на Петраградскім фронце. Быў камандзірам батарэі пры падаўленні бунту на форце «Красная Горка» (1919) і падаўленні Кранштацкага бунту ў сакавіку 1921г. Прызначаны камандзірам батарэі форта «Красная Горка».
У 1924-1929 гг. Іван Снітко вучыўся на факультэце ваенна-марской зброі Ваенна-марской акадэміі ў Ленінградзе, адначасова нёс службу на розных крэйсерах. Пасля заканчэння акадэміі прызначаны старшым артылерыстам лінейнага карабля «Парижская коммуна» Чарнаморскага флоту. Вясной 1930 г. узначаліў артылерыю дывізіёна крэйсераў Чарнаморскага флоту. З кастрычніка 1930 г. па 1938 г. – начальнік факультэта ваенна-марской зброі ВМА.
Іван Даміянавіч быў невысокі, плотнага целаскладу, тым не меньш, прыгожы мужчына. Па характару быў дабразычлівым, таварыскім чалавекам. Любіў паляванне. Збіраў калекцыю халоднай зброі: палашы, корцікі, саблі, шашкі, ятаганы. Жонка, Маргарыта Аляксееўна, была, насупраць, замкнутай, маўлівай жанчынай, дзяцей у іх не было.
І.Д. Снітко не пазбег хвалі рэпрэсій 1938 г. Вызвалены ў 1940 г., рэабілітаваны і адноўлены ў кадрах ВМФ. Прызначаны начальнікам 12-га аддзела Навуковага выпрабавальнага марскога артылерыйскага палігона ВМФ.
Вялікую Айчынную вайну І.Д. Снітко сустрэў на Балтыйскім флоце. Са жніўня 1941 г. – памочнік начальніка артылерыі марской абароны Ленінграда і Азёрнага раёна. Са снежня 1942 г. – начальнік Навукова-выпрабавальнага палігона марской артылерыі ВМФ. У студзені 1944 г. сродкамі 4-й артылерыйскай групы забяспечваў наступленне сухапутных войскаў пры прарыве блакады Ленінграда.
Пасля вайны капітан І рангу (з 1949 г. – контр-адмірал) інжынер І.Д. Снітко працягваў кіраваць палігонам марской артылерыі, працаваў начальнікам факультэта вышэйшых афіцэрскіх курсаў Ваенна-марской акадэміі. З 1954 г. у адстаўцы, жыў у Ленінградзе.
І.Д. Снітко ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1945), Айчыннай вайны І ступені (1942), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1942, 1943, 1944), двума ордэнамі Чырвонай Зоркі (1942), медалямі.
Іван Даміянавіч Снітко памёр 9 лютага 1981 г., пахаваны на Парахоўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу. Імем контр-адмірала інжынера І.Д. Снітко названа вуліца на яго малой радзіме ў Хомску.
З пяці братоў Івана Даміянавіча два загінулі ў гады Грамадзянскай вайны, тры – Вялікай Айчыннай. Сястра, Надзея Даміянаўна Снітко (па мужу Плаксіна; 1899-1949), у Першую сусветную вайну была ваеннай медсястрой, узнагароджана Георгіеўскімі крыжамі трох ступеняў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прымала ўдзел у Белым руху, у 1920 г. пакінула Расію, жыла ў Францыі. Яе сын, Глеб Васільевіч Плаксін (1925-2008), у час Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у французскім Супраціўленні, закончыў кансерваторыю па класу фартэпіяна, у 1955 г. прыехаў у СССР, стаў савецкім кінаакцёрам.