Вёска Заверша размешчана на рэдкім для Палесся ўзвышшы – Загараддзі, на паўночным усходзе Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Першае пісьмовае ўпамінанне назвы Заверша адносіцца да пачатку XVI ст. У 1518 г. згадваецца «востраў Заверша» сярод угоддзяў сяла Бездзеж у сувязі са спрэчкай паміж князем пінскім Ф. I. Яраславічам і католікамі Трокскага касцёла Маці Божай. Першы ўспамін вёскі Заверша ў дакументах зафіксаваны ў 1783 г., тады яна адносілася да Пінскага павета Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
Адносна назвы вёскі існуюць розныя версіі. Адна з іх грунтуецца на тым, што за 2 км ад вёскі знаходзіцца найвышэйшая кропка Драгічыншчыны (173 м над узроўнем мора), а значыць, населены пункт утварыўся як бы ўжо «за вяршыняй», адсюль і назва – Заверша.
Але расказваюць і другую версію. Спачатку гэтыя мясціны абжывалі бедныя людзі, якія туліліся ў паўзямлянках і малых курных хатках. Але аднекуль прыехаў завершскі жыхар, які пачаў будаваць сабе прыгожую, ладную хаціну. А пасля завяршэння гэтага адметнага на ўсю ваколіцу будынка месца сталі называць Завершам.
Да тутэйшай вёскі адносіцца і ўрочышча Казёл, якое размешчана прыкладна ў кіламетры ад сяла. Калісьці на гэтым месцы была пустэча. Пясчаная глеба выдзімалася вятрамі, не апрацоўвалася. Толькі дзе-нідзе рос ціпчак, корань якога напамінае казліную бараду. Таму і сталі называць гэту мясцовасць Казлом.
Варта згадаць таксама, што паміж вёскамі Заверша і Мікіцк працякала рачулка Харыта. Яна брала вытокі з крынічак і ў асноўным жывілася іх халоднай вадой. Летам мясцовыя жанчыны на цэлы дзень пакідалі ў ёй посуд з малаком, і вада доўгі час захоўвала яго свежасць. Нават у самыя засушлівыя гады рачулка не перасыхала. Бывала, лета выпадзе такое, што нават у калодзежах вады не хапала. I тады цягнуліся вераніцы падвод з драўлянымі цэбрамі, вёдрамі з усяго наваколля за вадой да Харыты. На жаль, пазней яе напаткаў лёс большасці нашых малых рэк — яе ўзялі ў канал.
Затое захавалася крынічка, якая знаходзіцца ва ўрочышчы Казёл, у вельмі маляўнічай мясцовасці. Да гэтай пары людзі вераць у гаючыя ўласцівасці крынічнай вады і лічаць, што прыгатаваная на ёй ежа мае беспадобны смак. Быў час, калі людзі паспрабавалі ўмяшацца ў жыццё крынічкі. Нехта памкнуўся абгарадзіць яе, бы закаваўшы ў жалезныя краты. Але не пагадзілася з гэтым крынічка. Абышла агароджу і цяпер б’е ў новым месцы…
Вёска мае лінейнае размяшчэнне: з захаду на ўсход працягам у тры кіламетры. Галоўная вуліца, як і калгас, носіць імя Г. Дзімітрова. Яна перасякаецца з вуліцамі Зялёнай і Гагарына. У апошнія гады, паралельна галоўнай, узнікла вуліца Навасёлаў.
Пры ўездзе ў вёску, з боку Бездзежа, стаіць высокі, упрыгожаны ручнікамі і фартушкамі, драўляны крыж. Раней канец вёскі ад крыжа называўся “белым”, а той, што да лесу — “чорным”. Калі ў сялянскай сям’і хто-небудзь моцна хварэў, на крыж вешалі ручнічок і заракаліся не рабіць граху. Таму ў нашай мясцовасці такія крыжы называлі зароклымі.
У гістарычных дакументах Заверша ўпершыню згадваецца, як урочышча, у 1518 г. Першыя звесткі пра вёску Заверша адносяцца да 1783 г. Сяло ўваходзіла ў зону распаўсюджання пагоннага двара, характэрнага толькі для Заходняга Палесся. Пагонная сядзіба мела шэраг характэрных адметнасцей: на першым месцы ад вуліцы тарцовым бокам ставілася хата з сенцамі, за ёй была каморка. Затым ладкавалася “высцепка”, “шурка” (повець для дроў), кашара з жэрдак ды лазы, клуня з токам, у якую звозілі з балотаў сена.
У 1795 г., у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, Драгічыншчына ўвайшла ў склад Расіі: спачатку ў Літоўскай, а з 1801 г. у Гродзенскай губерні. З 1867 г. дзяржаўныя сяляне, у тым ліку і завершскія, былі прыпісаны да разраду ўласнікаў і іх надзелы павялічаны на 25,6 працэнта. Уваходзілі яны ў склад Мікіцкай грамады. Па звестках 1905 г. у Завершы было 386 жыхароў. Будаўніцтва дарогі садзейнічала развіццю кірмашоў у гэтых мясцінах, праводзіліся яны ў Бездзежы і Хомску, куды везлі свой сялянскі тавар і завершцы.
У 1915 г. Заверша апынулася ў прыфрантавой зоне і да 1918 г. знаходзілася пад акупацыяй германскіх войск. На тэрыторыі вёскі адбылася значная бітва паміж расійскімі і германскімі войскамі. У выніку з “чорнага канца” вёскі ўцалела толькі хата Вакульчыка Тараса. I калі ў яго пачалі дапытвацца, як гэта сталася, што ўсё кругом знішчана, а твая гаспадарка засталася, ён з гумарам адказваў: «Калі ляцелі снарады, я стаяў каля хаты і гаварыў: “Далей, далей ляціце!”
Вось як расказваў аб гэтай бітве адзін з яе відавочцаў, жыхар (цяпер ужо нябожчык) Дзмітрый Іонавіч Радэня:
«Мне было тады дзесяць гадоў. Немцы прыйшлі ў нашу вёску з боку Крамно. Яны, пэўна, былі вельмі стомлены, бо адпачываць леглі адразу на вуліцы, не заходзячы ў хаты. Пасля немцы ўзяліся будаваць умацаванні. Зусім недалёка, у Мікіцку, у гэты час знаходзілася расійскае войска. Сем сутак між імі “працягвалася супрацьстаянне, сем сутак у вёсцы не было спакою. У выніку гэтай бітвы згарэў амаль увесь Мікіцк і ўсходняя частка Заверша. Рускія адступілі, а немцы на доўгі час засталіся ў вёсцы.
Пасля ўсяго яны пазбіралі з поля бою параненых: і сваіх, і рускіх. За Завершам яны ў цэнтры штабелем склалі расійскіх воінаў, а па баках паклалі нямецкіх. Тут яны насыпалі высокі курган, абкапалі яго рвом і паставілі крыж”.
Гэта месца і па сённяшні дзень называюць “Нямецкая гара”. Праўда, астанкаў немцаў там ужо няма. Праз 20 гадоў пасля той бітвы прыехалі немцы, якія з дапамогай тутэйшых людзей раскапалі курган, дасталі астанкі сваіх воінаў і перавезлі іх на захаванне на нямецкія могілкі ў вёску Сіманавічы. Як прыгадваюць мясцовыя жыхары, то для гэтай работы немцы бралі толькі дарослых людзей, за што ім плацілі грошы і давалі тытунь.
Той жа Дзмітрый Іонавіч Радэня яшчэ прыгадваў: “Немцы, якія заставаліся ў Завершы, завершскіх зямель не бралі, а засявалі землі ля Бездзежа і Застаўя. Дарослых мужчын яны прымушалі працаваць на лесанарыхтоўках. Круглы лес па рэках сплаўлялі ў Нямеччыну. Многа яго тады павывезлі.
Вывозілі ў Нямеччыну і вясковую моладзь. Адну жанчыну яшчэ маладой дзяўчынай на чужыну забралі. Вярнуўшыся, яна расказвала, што работа была цяжкай, не хапала ежы, а калі хто ўкрадзе што-небудзь, то маглі і руку адсячы. Але ж трохі грошай яна прывезла. За іх сям’я купіла жарэбчыка”.
У 1918 г. Драгічыншчына, у тым ліку і Заверша, была вызвалена ад немцаў. А ў пачатку 1919 г. у нашых мясцінах пачалі ўладарыць палякі. Людзі прыгадваюць, што вельмі цяжкім гнётам на тутэйшых сялян леглі падаткі. Прычым, у палітыцы польскага буржуазна-памешчыцкага ўрада падыход быў такі: чым больш зямлі, тым меншым было падаткаабкладанне. Словам, улады спрыялі багацейшым, а бедныя нават у вялікія святы хлеба ўдосталь не бачылі.
Хто з сялян не мог заплаціць падатак грашыма, у таго з хаты забіралі, што маглі, аж да льнянога палатна і воўны. Многія з вяскоўцаў, не могучы пракарміць сям’ю самі, аддавалі зусім яшчэ малых дзяцей у чужыя сем’і пастухамі.
Беднасць у сялянскіх хатах глядзела з усіх куткоў. I каб займець грошай, некаторыя з вяскоўцаў і ў той час рызыкавалі выехаць на заробкі, найчасцей — у Амерыку. Да прыкладу, Жытковіч Яўхім, прыехаўшы з-за мяжы, купіў млын, які праіснаваў да ўтварэння калгаса.
Некалькі заможней жылі сем’і польскіх асаднікаў, якія абуладкавалі свае гаспадаркі ва ўрочышчы Казёл. Успамінаючы тыя часы, жыхарка Заверша Лідзія Дзмітрыеўна Лось прыгадвала:
«Мы раслі разам з дзецьмі асаднікаў. Яны ў нашы сем’і наведваліся, а мы — у іх. Усе разам мы хадзілі ў Лядавіцкую школу. Адрозненне між намі было толькі ў тым, што мы былі босыя, а яны — абутыя. Мой равеснік, сын асадніка Шломка Зенусь гаварыў, што возьме мяне замуж, таму што я расы не баюся і босая хаджу за грыбамі.
У нядзелю, 22 чэрвеня 1941 г., па вёсцы разляцелася вестка, што пачалася вайна. Людзі не хацелі ў гэта верыць. Але калі пастухі пабачылі пралятаючы нізка над зямлёй самалёт, сумненняў не засталося. Затым праз вёску пачалі праходзіць адступаючыя чырвонаармейцы. Некаторыя з іх былі ў вайсковай форме, другія — толькі ў споднім адзенні і прасілі ў вяскоўцаў сялянскую вопратку…
Конны спецатрад фашыстаў з’явіўся ў вёсцы Заверша ў пачатку жніўня 1941 г. (па словах мясцовага жыхара Мікалая Дзмітрыевіча Асталовіча, 2 жніўня, на свята Ільі). Гэта яны знішчылі хомскіх яўрэяў і праз Заверша кіраваліся на вёску Моталь у Іванаўскі раён, дзе таксама ўчынілі крывавую расправу над мотальскімі яўрэямі. Але ў Завершы тады карнікі прыпыніліся толькі на некалькі гадзін. Аднак пасля гэтага яны ўжо наведваліся ў вёску рэгулярна.
У 1942 г. 12 немцаў цэлае лета жылі ў Завершы, у памяшканні тутэйшай школы. Яны мелі задачу — сабраць інфармацыю аб месцазнаходжанні партызан. Іншы раз яны, пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне, хадзілі нават у лесе, мяркуючы такім чынам натрапіць на след народных мсціўцаў.
У 1943 г. вёска знаходзілася пад кантролем партызан, у першую чаргу атрада імя Макарэвіча. Хаця ў 1944 г. у Завершы зноў абуладкаваліся гітлераўцы. А 15 ліпеня, у суботу, пад націскам нашых войск немцы пакінулі вёску. Разам з сабой у абозе яны пагналі і тутэйшых людзей — Ганну Мартыновіч, Яўсея Супруна, Івана Міневіча, якія жывымі адтуль не вярнуліся. А 16 ліпеня 1944 г. у Завершы з’явіліся першыя байцы-чырвонаармейцы.
Пасля вызвалення большасць тутэйшых мужчын пайшлі на фронт, ваяваць далей. Многія з іх, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, вярнуліся жывымі і пры ўзнагародах. Але больш 20 завершцаў прапалі без вестак ці загінулі пры вызваленні Польшчы і Германіі.
Ды і пасля вайны жылося нялёгка. Прыгадвае тутэйшая жыхарка Ніна Міхайлаўна Астаповіч: “На той час у Завершы была ўсяго адна вуліца. I то ў час непагадзі яна так размакала, што праехаць па ёй было немагчыма, а хадзілі пад самым плотам, чапляючыся за жэрдкі агароджы. Жылі тады вельмі бедна, хаця і весела. Моладзь хадзіла на музыкі. Танцавалі на грудку пад гармонік і бубен. Ігралі дробатавы хлопцы, якія лічыліся добрымі музыкантамі, бо ў рамонт да іх прывозілі музычныя інструменты нават з іншых сёл.
Зімой музыкі ладзіліся ў кожнай хаце па парадку. Гарманісту плацілі. Возьмеш цішком ад маці бульбы ці яек, сам пагаладаеш, а музыканту аднясеш: абы толькі патанцаваць.
Пазней пачалі ствараць калгасы і перасяляць людзей з хутароў у вёскі. Многія пераходзіць у вёску не хацелі, дык іх зганялі з зямлі сілком. Удзень прыйдуць, здзяруць салому з хаты, каб гаспадар пераязджаў у вёску. А ён, бывала, за ноч зноў накрые хату, і спадзяецца, што больш не крануць…”
Ушаноўваючы памяць 131 аднавяскоўца, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, недалёка ад школы ў 1970 г. насыпалі курган памяці, на вяршыні якога паставілі абеліск.
Заверша было цэнтрам калгаса імя Дзімітрава. З 1954 г. вёска ў Бездзежскім сельсавеце. У 1971 г. у вёсцы было 178 гаспадарак, 661 жыхар. У 2005 г. – 150 гаспадарак, 392 жыхара. У вёсцы працуюць фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, Дом культуры, базавая школа, пошта, два магазіны, піларама.
У 2005 г. у Завершы адкрылася прадпрыемства ООО «Клуб «Фарм-Эко», якое выпускае льняное масла, масла і шрот растаропшы, клятчатку з насення льна і растаропшы.
Са слоў мясцовых жыхароў, прыкладна ў 2007 г. тут былі перапахаваныя астанкі рускіх салдат 1-й сусветнай вайны. Падчас вайны яны былі пахаваныя каля калгаснага двара каля вёскі Заверша.
На сродкі мясцовага калгаса і на ахвяраванні жыхароў у вёсцы ўзведзены мураваны праваслаўны храм Святога раўнаапостальнага цара Канстанціна, які 3 чэрвеня 2002 г. асвяціў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Сафроній (Юшчук).
Вёска Заверша – радзіма Майсея Калінікавіча Юскаўца (1898-1969), беларускага савецкага эпізаатолага, мікрабіёлага і імунолага, акадэміка Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, акадэміка АН БССР (1950), прафесара, заслужанага дзеяча навук БССР. Таксама адсюль Іван Ільіч Шпак, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, загадчык кафедры прамысловай электронікі Інстытута інфармацыйных тэхналогій, аўтар 67 навуковых прац, трох вынаходніцтваў у галіне вымяральнай тэхнікі, перакладчык і папулярызатар літаратурных твораў чэшскіх і славацкіх аўтараў.
У Завершы нарадзіўся і гадаваўся беларускі паэт і празаік Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч, які напісаў верш «Гімн Завершу»: «Песня мая – Заверша! / На золку як сэрца – сонца. / А неба чысцей і вышай, / Пяшчотней гараць ваконцы, / Чым дзе, у маім Завершы».
У 2023 г. – 98 гаспадарак, 239 жыхара.