Застаўе – вёска ў Бездзежскім с/С, у складзе СВК «Бездзеж-Агра». За 19 км на Паўночны Усход ад Драгічына, 129 км ад Брэста, 26 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVI ст. У 1518 г. упамінаецца як «поле Застаў’е» сярод угоддзяў с. Бездзеж пры разглядзе скаргі пінскага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча на канонікаў трокскага касцёла. У 1783 г. вёска Бездзежскага ключа ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства ВКЛ. 3 1795 г. у Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1858 г. вёска, цэнтр Заслаўскай сельскай грамады Бездзежскай воласці, 303 рэвізскія душы дзяржаўных сялян. У 1873 г. заснаваны цагельны завод (3 рабочыя). У 1890 г. сельская грамада мела 648 дзесяцін прыдатнай зямлі. У 1905 г. – 598 жыхароў.
У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, вёска ў Бездзежскай гміне Драгічынскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. было 122 двары, 563 жыхары. 3 04.12.1939 г. у БССР, у Драгічынскім павеце Пінскай вобласці. 3 12.10.1940 г. да 16.07.1954 г. цэнтр Застаўскага с/С Драгічынскага раёна Пінскай вобласці. У 1940 г. – 830 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 35 жыхароў, з іх 25 не вярнуліся з фронту. 3 08.01.1954 г. у Брэсцкай вобласці, з 16.07.1954 г. у Бездзежскім с/С. У 1959 г. – 651 жыхар; у 1970 г. – 628 жыхароў, вёска ўваходзіла ў склад калгаса «Новы шлях», працавала 8-гадовая школа. У 1995 г. – 138 гаспадарак, 341 жыхар. Размешчаны малочна-таварная ферма, магазін, бібліятэка.
У 2005 г. – 126 гаспадарак, 283 жыхары. У 2023 г. – 93 гаспадаркі, 205 жыхароў.