Сяло Восаўцы размешчана ў паўднёва-усходняй часцы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці на адлегласці 14 км ад райцэнтра. Да абласнога цэнтра – 120 км. На адлегласці 13 км на поўнач праходзіць чыгунка Брэст-Гомель, да бліжэйшага паўстанка 14 км, і аўтамабільная дарога Брэст-Пінск, да якой 14 км. Бліжэйшая чыгуначная станцыя Драгічын-2 знаходзіцца на адлегласці 20 км. З райцэнтрам сяло звязана асфальтавай дарогай. На поўдзень ад сяла праходзіць траса судаходнага Дняпроўска-Бугскага канала. Суседнімі вёскамі з’яўляюцца Ялач, Гута, Клімянцінава, Адамова, Белін, Вулька-Папінская, хутар Марцінова.
Сяло з’яўляецца цэнтрам Асавецкага сельсавета і СВК «Асавецкі».
Паходжанне назвы сяла не высветлена. Легенд на гэтую тэму ў Восаўцах не было выяўлена. Але існуюць гіпотэзы, згодна з якімі назва ўтварылася не то ад слова «аса», не то ад слова «асіна». У той жа час вучоны Жучкевіч В.А., які даследваў тапаніміку Беларусі, адзначыў у сваёй кнізе, што «зусім незразумела паходжанне паўсюдна сустракаючыхся назваў «Осава», «Асавец»… Наўрад ці гэтая назва паходзіць ад слова «аса». Відаць, мы тут маем справу са словам, даўно выйшаўшым з выкарыстання, сэнсавае значэнне якога страчана.». Відавочна, што назву «Осаўцы» можна залічыць у групу айконімаў, пра якую разважаў навуковец, і прыняць яго меркаване да ўвагі.
Самыя раннія сведчанні прысутнасці чалавека на асавецкай тэрыторыі адносяцца да бронзавага веку. Менавіта да гэтай эпохі адносіцца знаходка ва ўрочышчы «Поддуброва» каменнай шліфаванай баявой сякеры з прасвідраванай адтулінай.
Такога тыпу сякеры вучоныя лічаць спадчынай індаеўрапейскіх плямён культуры шнуравой керамікі Палесся. Гэтая археалагічная культура існавала каля 1800-1400 г. да н. э.
Першыя згадкі ў пісьмовых крыніцах аб сяле адносіцца да 1628 г. У 1674 г. згадваецца царква. Тады Восаўцы ўваходзілі ў склад Брэсцкага ваяводства Рэчы Паспалітай.
Сяло хутка расло. Яно як бы складалася з трох вёсак: саміх Осавец, Феліцыянава і Якубавец, якія знаходзіліся адносна недалёка адна ад адной (500-1000 м), былі ў адным маёнтку і складалі Асавецкую сельскую грамаду. Гэтаму спрыяла выгаднае геаграфічнае становішча, яно знаходзіцца на скрыжаванні важных дарог з Галіцкай Русі ў Літву (праз Ковель-Камень Кашырскі-Мукішын-Белін-Восаўцы-Драгічын-Хомск-Слонім), а таксама з Брэста ў Пінск.
Уяўленне аб галоўных дарогах канца XVIII ст. дае нам “Дарожная карта Расійскай імперыі ўсім паштовым і праселкавым дарогам, спрыяльным для найкарацейшага праезду ўсялякаму наогул”, складзеная ў 1809 годзе. З карты бачым, што па тэрыторыі Брэсцкага і Пінскага Палесся пралягала паштовая павятовая дарога, якая злучала два старажытныя гарады гэтага краю – Пінск і Брэст. Праходзіла гэтая дарога праз Дубае, Бродніцу, Таронцы, Варацэвічы, Гарбаху, Восаўцы, Вульку Папінскую, Грудковічы, Закозель, Антопаль і далей праз Кобрын да Брэста. Тым жа шляхам праходзіла ваенная дарога Антопаль-Закозель-Восаўцы-Глінная, да гэтага часу на ёй дзе-нідзе захаваліся дарожныя ўказальнікі верст – слупы.
У 1795 г. пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Восаўцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі і сталі цэнтрам воласці.
У ХІХ ст. Асавецкім маёнткам валодаў род Гутоўскіх. Прадстаўнікі гэтага роду марылі аб аднаўленні незалежнай Рэчы Паспалітай, удзельнічалі ў паўстаннях 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг.
У другой палове XIX ст. гэтымі мясцінамі валодаў Валер’ян Восіпава сына Гутоўскога, маёнтак якога знаходзіўся на паўночным захадзе ад вёскі. На паўднёвым захадзе былі ўладанні памешчыкаў Бабрынскіх, на ўсход – землі пана Канюшэвіча (зяць Гутоўскага). У гэты час у сяле налічвалася 49 двароў, у тым ліку ў вёсцы Восаўцы – 33, у вёсцы Якубаўцы – 11, у вёсцы Феліцыянава – 5. З іх 3 сялянскіх, 2 агароднікаў. Пражывала 426 чалавек. Па сацыяльнаму складу насельніцтва размяркоўвалася наступным чынам: сялян 403, з іх 199 мужчын і 204 жанчыны, дваровых людзей – 18, мужчын – 11, жанчын – 7, батракоў – 5, (3 мужчыны і 2 жанчыны).
1861 г. быў знакавым для Расійскай імперыі і яе далейшага развіцця. У гэтым годзе было адменена прыгоннае права. У Асавецкім маёнтку складанне «Устаноўчай граматы» ажыццявілі ў 1862 г. За атрыманую волю і зямлю сяляне павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць выкуп. Памешчык аставіў сабе большую частку зямель (1046 дзесяцін) і ўвесь лес. Асавецкая грамада атрымала ў 1862 г. 1019 дзесяцін зямлі, прычым землі сяляне атрымлівалі самыя дрэнныя.
У пачатку XX ст. памешчыкі Гутоўскі і Бабрынская прадалі свае ўладанні праз Сялянскі банк. Некаторыя сяляне, купляючы гэтыя землі, траплялі на доўгі час у кабалу. Частка сялян перасялялася з вёскі на свае ўчасткі.
Сацыяльная напружанасць праявіла сябе ў час Першай расійскай рэвалюцыі 1905-1907 гг., калі адбылося выступленне сялян супраць памешчыка. У 1914 г. у сяле пражывала 1628 чалавек, з іх 852 мужчыны і 776 жанчын.
Двухкласнае народнае вучылішча ў Восаўцах было адкрыта ў 1862 г. У 1871 г. для вучылішча быў пабудаваны адмысловы будынак. Ён знаходзіўся каля 85 м ад Свята-Міхайлаўскай царквы.
Народнае вучылішча дазваляла атрымаць пачатковую адукацыю. Першапачаткова ў школе вучыліся толькі хлопчыкі, а з 1888 г. у ёй пачалі займацца і дзяўчынкі. Першым настаўнікам Асавецкага народнага вучылішча стаў Антон Канстанцінавіч Здановіч, а настаўнікам Закона Божага – свяшчэннік Каспер Шэміціла. У 70-х гг. ХІХ ст. настаўнікам быў Сцяпан Паўлавіч Мілюцін. Перад Першай сусветнай вайной у народным вучылішчы працавала два настаўніка. Старэйшым настаўнікам з 1913 г. стаў Мікалай Кандрацьевіч Чэрап, уражэнец Лідскага уезда. Другім настаўнікам быў Лука Сцяпанавіч Коўбаль-Казачук, уражэнец Брэсцкага уезда. Закон Божы выкладаў з 1902 г. свяшчэннік Алексій Ёсіпавіч Асечынскі, уражэнец Цвярской губерні.
Вучняў у розныя гады налічвалася ад 40 да 100 чалавек, а, магчыма, дзе калі і больш. У 1901 г. хлопчыкаў вучылася 45 чалавек, а дзяўчынак 15. У студзені 1914 г. налічвалася 80 вучняў, з іх 8 дзяўчынак, а ў студзені 1915 г. – 100, з іх дзяўчынак 15.
У народным вучылішчы мелі магчымасць вучыцца прадстаўнікі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Так, у 1915 г. вучылася 98 праваслаўных, адзін католік і сем іўдзеяў. Што тычыцца нацыянальнага складу, то ўсе, акрамя сямі яўрэяк, былі беларусамі.
Трэба адзначыць, што асаблівасці сялянскага жыцця не давалі магчымасці многім дзецям на працягу вучэбнага года прайсці ўвесь курс навучання. У «Справаздачнай ведамасці за 1914 год» гаворыцца, што скончылі курсы тры чалавекі і сямнаццаць выбылі да заканчэння курса.
У школе на 1914 г. налічвалася 25 парт, а калі ўлічыць, што вучняў было 100, то заняткі праводзіліся як мінімум у дзве змены. Для асвятлення памяшкання выкарыстоўваліся лампы на газе. Школа мела бібліятэку, якая налічвала ў 1914 г. 1355 кніг і брашур і 274 вучэбных дапаможнікаў.
Аднак за паўстагоддзе дзейнасці Асавецкага двухкласнага народнага вучылішча сярод мясцовага насельніцтва пісьменных было не больш 10% ад агульнай колькасці.
Школа ў Восаўцах спыніла сваю працу ў сувязі з Першай сусветнай вайной.
З пераходам да капіталістычных адносін у Расійскай імперыі хутка развіваецца прамысловасць. Аднак у саміх Восаўцах прамысловыя прадпрыемствы па нейкай прычыне не будаваліся. Вядома толькі, што тут існаваў мукамольны завод (млын). У 1896 г. ім валодаў Лука Паплаўскі, а ў 1914 г. перад Першай сусветнай вайной, Кірыл Шлапак.
За сялом, каля хутара Марцінова, прыкладна ў 80-я гг. XIX ст. была пабудавана сыраварня. Уладальнікам яе быў Мордух (Мордка) Абрам Іцкавіч Герман. Тут выраблялі сыр «швейцарскі». У 1899 г., напрыклад, было выраблена 100 пудоў такога сыру на суму 390 рублёў. Як піша ўладальнік у сваёй справаздачы, гэта быў далёка не лепшы год. З прычыны засухі скаціна часта хварэла на ногі і вочы.
У жніўні 1915 г., праз год з пачатку Першай сусветнай вайны, кайзэраўскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. Царскі ўрад пачаў праводзіць кампанію масавага перасялення цывільнага насельніцтва на ўсход. Амаль усе жыхары сяла былі вымушаны выехаць ў бежанцы ў глыб Расіі. Восенню 1915 г. праз Восаўцы фактычна праходзіла лінія фронту. У верасні ў ваколіцах сяла разгарэліся баі паміж нямецкай і расійскай арміямі. Гэтыя баі скончыліся на карысць нямецкіх войск, рускія былі вымушаны хутка адступаць астаўляючы многіх сваіх загінуўшых не пахаванымі. Іх пахаваннем займаліся немцы, не мала цел было знойдзена па лясах і пахавана імі вясной 1916 г.. Цяпер у Восаўцах каля царквы знаходзяцца ваенныя могілкі, дзе па адзін бок магілы нямецкіх салдат, а з другога рускіх. Большасць магіл брацкіх. Сяло было акупіравана кайзераўскімі войскамі да 1918 г. Калі нямецкія войскі пачалі адступаць, то ўжо на ўладу над нашымі землямі было два прэтындэнта: гэта зноў утвораная Польская дзяржава, якая хацела аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. і Савецкая Расія, жадаючая распаўсюдзіць сацыялістычную рэвалюцыю. Гэтыя дзве дзяржавы і пачалі Савецка-польскую вайну, якая закранула і гэты глыбінны куточак Палесся. Вядома, што праз Восаўцы ў ліпені 1920 г. ішлі вайсковыя падраздзяленні савецкай кавалерыі і спыняліся на ноч, гэтыя ж аддзелы варочаліся праз сяло ў час адступлення з-пад Варшавы і мясцовым жыхарам кінулася ў вочы, што колькасць кавалерыстаў значна скарацілася. Пасля гэтага тут трывала ўсталёўваецца ўлада ІІ Рэчы Паспалітай. Сяло становіцца цэнтрам гміны, тут размяшчаецца паліцэйскі ўчастак, у якім налічваецца звыш дзесятка жандармаў. Пан Канюшэвіч, які, відавочна, у бежанцах не быў, ва ўрочышчы «Стромэць» у фальварку разводзіць малочны статак, вырабляе для вывазу за мяжу сыр. У 1926 г. у фальварку Марцінова быў заснаваны лесапільны завод Бурмана, на якім у 1933 г. працавала 14 рабочых. Пераважная большасць з іх былі жыхарамі Восавец. У саміх Восаўцах, перад самай Другой сусветнай вайной, быў пабудаваны паравы млын і ішло да заканчэння абсталяванне новага цэглянога будынка малочнага пункта (старая млечарня была драўляная).
Жыццё пры панскай Польшчы было, вядома, не з лёгкіх, асабліва калі ўлічыць, што людзі варочаліся з бежанцаў да сваіх занядбаных зямель і трэба было аднаўляць свае гаспадаркі, не маючы фактычна на гэта сродкаў. Насельніцтва пакутавала ад эксплуатацыі, зямельнага голаду і падаткаў, сацыяльнага і палітычнага ўціску і бяспраўя. Таму сяляне, рабочыя змагаліся за свае правы.
Аб дзейнасці ячэйкі КПЗБ у в. Восаўцы красамоўна сведчаць словы з дакумента, складзенага польскай дэфензівай: «Найбольш рухомай і моцнай была ячэйка ў в. Восаўцы». Кіраўніком яе быў удзельнік грамадзянскай вайны Ілля Лук’янавіч Прымак. Членамі ячэйкі былі Шахно А.Д., Вашчэжык Ф.С., Новік М.В., Патапчук Г.Ф., Родак Н.В. У 1929 г. усе члены ячэйкі за рэвалюцыйную дзейнасць польскім буржуазным судом былі асуджаны да розных тэрмінаў пакарання. Неслі пакаранне ў турмах Пінска, Брэста, Седльцэ, Вронкі. У 1933 г. у Восаўцах зноў былі ператрусы і арышты актывістаў КПЗБ.
У пачатку 30-х гг. была праведзена аграрная рэформа, якая нечым нагадвала сталыпінскую. Усе сяляне атрымалі зямельныя надзелы, частка іх перасялілася на хутары. У той час ў Восаўцах былі паштовае аддзяленне, карчма, стралковы цір, конная пажарная, клуб (святліца), малочны пункт і школа.
Пажарная служба была добраахвотнай. Добраахвотнікі атрымлівалі форму з галаўным уборам і сякеркі. Ручная вадзяная помпа захоўвалася ў спецыяльным будынку – рэмізе. Калі падымалі трывогу, пажарныя везлі помпу да месца здарэння на сваіх конях.
Пры пажарнай ахове быў арганізаваны духавы аркестр. Усе музыканты, акрамя капельмейстра Даўгуна, былі асаўляне. Яны таксама мелі форму як у пажарных, але з бела-чырвонай нашыўкай на рукаве. У Драгічынскім павеце падобныя аркестры былі яшчэ толькі ў Драгічыне і Бездзежы.
У 1921 г., у Восаўцах польскімі ўладамі была арганізавана пачатковая школа, у якой настаўніцай працавала Мэізіянаўна Мальвіна. Школа размяшчалася ў будынку былой царскай школы, які шчасліва перажыў ліхалецці Першай сусветнай вайны, хоць і патрабаваў рамонту (у 1924 г. ажыцяўляўся рамонт даху). Акрамя таго, будынак школы не зусім задавальняў патрэбы ў памяшканні. У 1936г. быў пабудаваны новы будынак школы, які размяшчаўся на заходняй ускраіне вёскі. Па ўспамінах старажылаў, адкрыццё новага будынку школы было вельмі ўрачыстым, з удзелам начальства і музыкаў школа атрымала назву імя Юзэфа Пілсудскага. Тым не менш праблема з памяшканнямі не была поўнасцю вырашана, таксама не хапала настаўнікаў, падручнікаў, абсталявання.
Дрэнна на навучанне ўплывала няведанне вучнямі польскай мовы, на якой ажыццяўлялася выкладанне. Акрамя таго, фактычна ўсе настаўнікі былі палякамі з тэрыторыі этнічнай Польшчы і тых было мала. У 1924 г. на 65 вучняў быў адзін настаўнік – Грыневіч Станіслаў, у 1928 г. на 105 навучэнцаў было два настаўніка: Вэрля Зыгмунт (дырэктар) і яго жонка Ядвіга, а ў 1934 г. Белаванс Анджэй і яго жонка Станіслава павінны былі даць веды 152 дзецям. Такая сітуацыя не спрыяла якасці навучання. На якасць ведаў часта яшчэ ўплывалі і частыя пропускі заняткаў вучнямі, прычынай якіх было прыцягненне дзяцей бацькамі да гаспадарчых работ.
17 верасня 1939 г. прыйшла новая улада. Народ сустракаў Чырвоную Армію з радасцю, надзеяй. Пачалося будаўніцтва новага жыцця на ўзор Савецкага Саюза з адпаведнымі метадамі. Пачынаючы з верасня 1939 г. і да чэрвеня 1941 г. не менш дзевяці чалавек. Сярод людзей пасяляецца страх перад уладай. У 1940 г. у Восаўцах была арганізавана сельскагаспадарчая арцель «Ленінскі шлях». З 157 двароў сяла 95 значыліся ў калгасе. Першым старшынёй быў выбраны Новік Макар Варфаламеевіч, а ў 1940-1941 гг. старшынёй быў Шахно Антон Данілавіч. Першымі брыгадзірамі былі Волас В.С., Волас С.К., Курыловіч А.Ф., Падлужны М.К. На палях калгаса з’явілася першая тэхніка па апрацоўцы зямлі.
Былі ў вёсцы паслядоўнікі Пашы Ангелінай. Трактарысткай працавала Раманюк Антаніна Паўлаўна. Механізатарамі былі Раманюк Антон, Прымак Мікалаў Фаміч і інш. У 1940 годзе Восаўцы сталі цэнтрам сельскага савета. У вёсцы была адкрыта хата-чытальня, магазін, праўда, паявіўся дэфіцыт тавараў.
Фактычна адразу пачала дзейнасць пачатковая школа ў Восаўцах. Настаўнікі змяніліся, паколькі польскія выехалі на Радзіму. Новымі настаўнікамі былі Скапец Ганна, Нясцюк Ганна, Ківель і Кляйвенслер Шмуль. Апошні быў яўрэем, бежанцам з Варшавы, які, калі пачалася вайна, прыехаў да сваёй радні ў Марцінова. Ён быў вельмі адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў, працаваў да вайны журналістам.
Пры школе былі арганізаваны курсы для моладзі прызыўнага ўзросту, якія не мелі дастатковай адукацыі.
Аднак час міру быў кароткім, і з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць школы была прыпынена.
Раніцай 22 чэрвеня 1941 г. нацыская Германія нечакана напала на Савецкі Саюз, пачалася Вялікая Айчынная вайна. 25 чэрвеня 1941 г. савецкія войскі, адступаючы, пакінулі Драгічын, і хутка ў раёне запанавалі нямецка-фашысцкія захопнікі, якія адразу пачалі ўстанаўліваць свой “новы парадак” на акупіраваных землях.
У Восаўцах першым праяўленнем гэтага “новага парадку” стаў расстрэл ва ўрочышчы “Сромэць” двух адстаўшых савецкіх салдат, якія засталіся на Вульцы Папінскай, і яўрэя, настаўніка Кляйнвенслера і гэта былі не апошнія ахвяры, тэрор стаў нормай. На працягу вайны ад рук фашыстаў загінула 17 мірных жыхароў сяла. У Осаўцах пражывала дзве яўрэйскія сям’і: Фельдман (3 чал.) і Лівенсон (5 чал.) іх усіх у 1941 г. немцы вывезлі ў Драгічынскае гета, дзе, відаць, яны і загінулі. Такім чынам, праявілася расавая ненавісць нацыстаў да яўрэйскага народа. Вялікая небяспека была над былымі членамі КПЗБ.
Драгічынскі раён новай уладай быў аднесены да рэйхкамісарыята «Украіна». Немцы імкнуліся арганізаваць як мага больш эфектыўную сітэму эксплуатацыі акупіраваных зямель і насельніцтва. У Восаўцах быў выбраны стараста (солтыс) і войт, у новым мураваным будынку малочнага пукта быў арганізаваны паліцэйскі ўчастак. Былі ўведзены новыя падаткі, пачаліся наборы моладзі для вывазу на работы ў Германію. 30 красавіка 1942 г. немцамі і паліцаямі была праведзена аблава, у выніку якой звыш трыццаці асавецкіх хлопцаў і дзяўчын 19-23-гадовага ўзросту былі адпраўлены ў Германію.
Прыблізна ў кастрычніку 1941 г. у Восаўцах пачала працу школа. Выкладанне прадметаў вялося на ўкраінскай мове і вялікая ўвага надавалася вывучэнню нямецкай. Дырэктарам стаў Марачук Аляксандр Іванавіч з в. Гута, які меў пятнаццацігадовы стаж працы, а настаўнікам – Дудка Баляслаў, паляк з чатырохгадовым стажам працы, ён быў выкладчыкам нямецкай мовы.
Інспектар школьнага аддзела Пінскай акругі патрабаваў, каб усе дзеці ў школьным узросце ад 7 да 14 гадоў наведвалі школу. Але гэтае патрабаванне па розных прычынах не выконвалася, у тым ліку і ў Восаўцах, дзе на 27 кастрычніка 1941 г. налічвалася дзяцей школьнага ўзросту 123 чалавекі, а наведвалі школу 98.
У 1942 г. байцы атрада імя Шыша ў час рэйда спалілі новы будынак былой польскай школы ў Восаўцах.
Тым не менш школа працягвала працу, аб чым сведчыць пасведчанне аб заканчэнні 4 класа Асавецкай школы Прымаком Міхаілам, выдадзенае 30 чэрвеня 1943 г.
Калі дакладна спыніла працу школа ў час акупацыі не вядома.
Многія асаўляне ўдзельнічалі ў барацьбе супраць захопнікаў з першых дзён вайны. У абароне Брэста ўдзельнічаў Шрамук Н.А., абаранялі Маскву Шрамук І.І., Карнейчук А.С., каля сцен Ленінграда змагаўся Ярмоцык Я.Е., на «дарозе жыцця» – Шахно В.Я. Прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад пачатку да канца Бірук А.І..
Дзейнасці акупацыйных улад і іх установам перашкаджалі партызаны, якія актывізаваліся ў 1942 г. У партызанскіх атрадах, якія дысклацыраваліся на тэрыторыі Асавецкага сальсавета, змагаліся з ворагам 13 чалавек – жыхароў вёскі. Многія аднавяскоўцы аказвалі дапамогу партызанам, былі сувязнымі.
У 1942 г. партызаны арганізавалі засаду на дарозе з Восавец на Белін каля ўрочышча «Зайцава гара». Было ажыццеўлена нападзенне на нямецкі грузавік, які ехаў з Беліна. Завязалася перастрэлка, і партызаны адступілі. У выніку боя як мінімум адзін немец загінуў і некалькі было параненых, таксама ад выпадковай кулі загінула жыхарка Восавец, якая працавала ў полі, – Саўчук Марыя. Праз дзень, раніцай, немцы акружылі Восаўцы, сагналі жыхароў і пачалі высвятляць абставіны нападу. Афіцэр дапытваў праз перакладчыка солтыса Ярмоцыка Сымона і войта Ляшэвіча Васіля на прадмет наяўнасці сярод жыхароў вёскі камуністаў і тых, хто з імі звязаны. У той жа час немцы заставілі асаўлян за вёскай выкапаць яму для растрэлу. Па ўспамінах старажылаў, растрэл не адбыўся, дзякуючы ўгаворам настаяцеля асавецкай царквы айца Антона Аляхновіча і солтыса.
6 ліпеня 1942 г. быў разгромлены партызанамі атрада імя М.Ц. Шыша брыгады імя Молатава Асавецкі паліцэйскі ўчастак, які больш не аднаўляўся акупацыйнымі ўладамі.
Нацысты пастаянна ажыццяўлялі антыпартызанскія акцыі. У час адной з такіх акцый у 1943 г. немцамі быў спалены цэнтр Восавец, уцалелі адзінкавыя хаты. У снежні таго ж года карнікі, прачэсваючы Волянскі лес (на паўднёвы-захад ад вёскі) у пошуках партызан, натрапілі на шэсць фурманак з Восавец, якія вярталіся да хаты пасля выканання задання партызан. Немцы іх акружылі, пачалі крычаць, што яны партызаны, былі схоплены яшчэ сем хутаран, у тым ліку жанчыны і дзеці. Потым іх усіх немцы растралялі. Толькі адзін асаўлянін выжыў.
Ад фашысцкіх захопнікаў вёска была вызвалена 16 ліпені 1944 г. Адразу пасля гэтага пачала аднаўляцца савецкая сістэма кіравання. Пачаўся прызыў у Савецкую армію. Менавіта гэтыя людзі склалі большасць франтавікоў, якія ваявалі ў рэгулярнай арміі. Многія з іх удзельнічалі ў вызваленні Польшчы, Чэхаславакіі, у Бярлінскай аперацыі. Не вярнуліся з палёў змаганняў 26 чалавек. Ім у 1965 г. удзячныя нашчадкі ўзвялі помнік-абеліск, пазней, у час будаўніцтва аграгарадка, ён быў заменены на гранітны помнік.
У вайну загінулі 52 землякі вёскі, 33 з іх не вярнуліся з фронту. Амаль уся вёска была знішчана акупантамі.
Народ пачаў узнаўляць разбураную вайной гаспадарку. Узнаўляюць сваю працу органы Савецкай ўлады. Першым пасляваенным старшынёй сельсавета становіцца Шахно Якаў Данілавіч. Удзельнік партызанскага руху, ён быў на гэтай пасадзе і да вайны, сакратаром сельсавета стаў Новік Макар Варфаламеевіч.
Гэты час быў неспакойны. Лясы паўднёвай часткі Брэсцкай вобласці і ў тым ліку Драгічынскага раёна хавалі шмат баевікоў Украінскай паўстанскай арміі, якія былі ярымі антысаветчыкамі, і бандытаў. Дзейнасць іх была накіравана на падрыў савецкай улады праз забойствы прыхільнікаў і актывістаў саветаў, знішчэнне маёмасці. У ноч з 15 на 16 жніўня 1947 г. у в. Гута быў забіты сакратар камсамольскай арганізацыі, інспектар райфінаддзела па Асавецкаму сельсавету Ярмоцык Р.П..
Для барацьбы з бандфарміраваннямі ўлады імкнуліся прыцягнуць мясцовае насельніцтва, з іх фарміраваліся групы садзейнічання. У 1946 г. у час правядзення аперацыі на хутары Марцінова быў забіты адзін з членаў такой групы Саўчук М.З. Толькі ў пачатку 50-х гг. ХХ ст. удалося ліквідаваць бандытызм у раёне.
З 1950 г. старшынёй сельсавета становіцца Вайткевіч Соф’я Несцераўна, прапрацаваўшая да 1952 г., у 1952 г. – Новік М.В., у 1952-1954 гг. – Трафімчук В.Н., з 1954 па 1957 г. зноў Вайткевіч С.Н. , у 1957-1959 гг. – Прымак П.І., у 1959-1960 гг. – Пакало Д.І., у 1960 г – Паркалаў С.П., з 1960 па 1975 г. Асавецкі сельскі савет узначаліў Ігнацюк А.А., узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцягу. У 1975-81 гг. старшынёй быў Кузьміч А.А., з 1982 па 1999 гг. – Падлужны Пётр Канстанцінавіч.
У 50-60 гг. праводзілася кампанія па перасяленню з хутароў. Сяло пашырыла свае межы ў асноўным на захад. Значна павялічылася вуліца Савецкая, з’явіліся новыя вуліцы: ім. Энгельса, ім. Варашылава, ім. Карла Маркса.
З кожным годам паляпшаўся дабрабыт насельніцтва. Крама ў сяле была адкрыта ў 1945 г. у прыстасаванным памяшканні. Першы заўмаг – Нянчук Алена Фёдараўна. У 1957 г. у цэнтры вёскі быў пабудаваны новы будынак крамы. З 1949 па 1986 гг. загадчыкам крамы быў Валасюк Іван Васільевіч, удзельнік партызанскага руху. Ён жа працаваў у будаўнічай брыгадзе, у 1955-60 гг. узначальваў будаўніцтва гэтай крамы.
У 1988 г. гандлёвая плошча крамы пашырана, быў пабудаваны склад. З 1945 г. у сяле працуе паштовае аддзялене, а з 1967 г. яно працуе ў новым будынку, дзе устаноўленны АТС у 1971.
У 1961 г. у сяле аткрылася майстэрня КБА па пашыву адзення. Яе загадчыкам стаў Шрамук Павел Андрэевіч. У 1969 г. быў збудаваны тыповы будынак майстэрні, дзе ўжо працавалі шаўцы, а ў цяперашні час два разы ў месяц прыязжае тэлемайстар, цырульнік, ёсць магчымасць аформіць замову і на іншыя віды бытавых паслуг.
У 1954 г. вёска была радыёфікавана. У 1962 г. Восаўцы былі электрафікаваны і праз сяло пачаў курсіраваць рэйсавы аўтобус Драгічын-Белін, пазней – Драгічын-Крэсцінава. У 1972 г. пачалася газіфікацыя сяла. З 1970 г. пачалося будаўніцтва калгасных жылых дамоў для спецыялістаў калгаса.
Медыцынскае абслугоўванне жыхароў пачалося з адкрыццём у 1945 г. урачэбнай амбулаторыі ў доме Прымака Мікалая Ільіча. Першым загадчыкам быў Акрамешка Іван Іларыёнавіч. У 1948 г. адкрыта ўчастковая бальніца спачатку ў в. Язвіны, а ў 1951 г. пераведзена ў Восаўцы ў дом Прымака М.І.
З 1954 г. па 1984 г. (да выхаду на пенсію) глаўурачом Асавецкай участковай бальніцы працавала Дарагуш (Ігнацюк) Аляксандра Уладзіміраўна. У 60-я гг. яна была ўзнагароджана ордэнам Леніна.
У 1964 г. на заходняй ускраіне Восавец, каля лесу, на скрыжаванні дарог, быў збудаваны двухпавярховы будынак бальніцы на 35 ложкаў і падсобныя памяшканні. У 1968 г. супраць будынка пабудавалі цагляны будынак амбулаторыі. Памяшканне аптэкі пабудавана ў 1971 г.
У 1944 г. была арганізавана праца чатырохкласнай пачатковай школы. Яна размяшчалася ў хаце свяшчэнніка Аляхновіча на «Мыстэчку», насупраць Свята-Міхайлаўскай царквы. Дырэктарам школы быў Марачук Аляксандр Іванавіч, пазней – Курленка Віктар Карповіч, настаўнікамі – Аляхновіч Кіра Антонаўна (у час акупацыі працавала настаўніцай у вёсцы Ялач), Краўчук Макар Цімафеевіч. Як і ўсе школы таго часу, Асавецкая школа адчувала недахоп абсталявання, падручнікаў і г. д. Але жыццё паступова наладжвалася.
У 1949 г. урадам СССР быў прыняты закон аб абавязковым сямігадовым усенавучы, гэта значыць, што кожны вучань павінен быў закончыць 7 класаў ці хоць бы абавязкова вучыцца ад 7 да 15 гадоў.
З 2007 года вёска Восаўцы атрымала статус аграгарадка.
У 2023 г. – 240 гаспадарак, 571 жыхароў.