Гісторыя вёскі Валавель - Дрогичинский район
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Гісторыя вёскі Валавель

Назад

Гісторыя вёскі Валавель

Гісторыя вёскі Валавель

Валавель — вёска ў Закозельскім с/С, у складзе дзяржаўнага унітарнага вытворчага прадпрыемства «Племзавод «Закозельскі». За 16 км на Паўднёвы Захад ад Драгічына, 142 км ад Брэста, 9 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель).

На думку беларускага даследчыка В. Жучкевіча, які займаецца вывучэннем паходжання назваў гарадоў і вёсак нашай рэспублікі, назва гэтага населенага пункта, які, дарэчы, мае і багатую гісторыю, утварылася ад асновы вал- «пасяленне ў завала, у вала». Думаецца, гэтае пытанне яшчэ патрабуе даследавання, бо нават напісанне назвы паселішча не адрозніваецца ўстойлівасцю. Так, напрыклад, польскі гісторык Ксаверый Зданьскі піша аб сяле наступнае: «Валавель, ці Велавель у 1546 г. належаў баярыну Мархотка Гаўрыле, землеўладальніку, на мяжы з паветам ратненскім, з 1808 г. перайшло да Ажэшкаў».

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVI ст. Да 1519 г. паселішчаў Кобрынскім княстве. Упамінаецца ў 1546 г. у апісанні мяжы ВКЛ і Кароны Польскай, сяло ў Кобрынскім павеце, уласнасць памешчыка Гаўрылы Мархоткі. У 1766 г. пабудавана Юр’еўская царква. 3 1791 г. у Кобрынскім павеце Берасцейскага ваяводства ВКЛ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерняў. У 1858 г. сяло, цэнтр сельскай грамады і воласці ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні, у складзе маёнтка Закозель Калікста Ажэшкі, 552 рэвізскія душы дзяржаўных сялян, царква. У 1868 г. адкрыта народнае вучылішча. У 1886 сёлы Новы Валавель і Стары Валавель, 55 двароў 683 жыхары, царкоўна-прыходская школа, піцейны дом. У 1890 г. сяло Стары Валавель, цэнтр сельскай грамады; в. Новы Валавель. Грамада мела 1065 жыхароў, с. Валавель — 997 жыхароў, фальварак Валавель — 63 жыхары.

Польскі даследчык Севярын Выслаух сярод мясцовасцей, якія існавалі ў XV ст. на шляхах з Брэста ў Пінск, сярод іншых, называе «Валавель з Карсунямі», што дазваляе сцвярджаць – гэта вельмі даўняе пасяленне і, магчыма, некалі даволі значнае.

Размешчаны сярэдняя школа, яслі-сад, амбулаторыя, лазнева-пральны камбінат, комплексны прыёмны пункт, магазін, лазня. Георгіеўская царква (дзеючая). Радзіма заслужаннага артыста Беларусі У. А. Мішчанчука.

Гісторыя Валаўля цесна звязана з гісторыяй Закозеля, хоць дакладна вядома, калі сяло ўвайшло ў састаў Заказельскага маёнтка. Першыя звесткі, што вядомы пра Валавель як частцы ўладанняў Ажэшкі, адносяцца да 1843 г., калі Калікст Нікадзімавіч Ажэшка ў спадчыну атрымаў Закозель разам з Валаўлём па ўводнаму лісту ад 10.07.1843 г. Далей гісторыя гэтых двух пасяленняў развіваецца паралельна да пачатку 20-х гг. XX ст.

У інвентарным апісанні маёнтка за 1845 г. успамінаецца сяло Валавель, карчма, якая знаходзілася ў ім, млын і іншыя пабудовы. У другім апісанні маёнтка ёсць паведамленне, што «фальварак Валавель знаходзіцца ад Закозеля ў 2 вярстах з вёскай Стары Валавель». У справе ёсць спісы жыхароў вёсак Стары Валавель па стану на 1848 г.

Цікава адзначыць, што Валавель працяглы час з’яўляўся цэнтрам воласці, у састаў якой уваходзіў маёнтак Закозель.

У 1892 г. Валавель у складзе Заказельскага маёнтка становіцца ўласнасцю Калікста Нікадзімавіча Ажэшкі, а пазней – Надзеі Аляксандраўны Бабрынскай, рускай графіні (пастаянна жыла ў Санкт-Пецярбурзе), жонкі гафмейсцера Двара Яго Імператарскай Вялікасці.

У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, вёска, цэнтр гміны ў Драгічынскім павеце Палескага ваяводства. У 1921 г. у вёсцы 88 двароў 574 жыхары; у фальварку 2 двары, 23 жыхары. 3 04.12.1939 г. у БССР, цэнтр воласці ў Драгічынскім павеце Пінскай вобласці: сяло і калонія Валавель, 268 двароў, 1344 жыхары. Працавала малочная арцель, 7-гадовая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, паравы млын. 3 15.01.1940 г. у Драгічынскім раёне Пінскай вобласці, з 12.10.1940 г. да 16.07.1954 г. цэнтр сельсавета, дзейнічаў калгас імя Варашылава. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 38 землякоў 28 з іх не вярнуліся з фронту. 3 1954 г. у Брэсцкай вобласці, у Літоўскім с/С. У 1960 вёска, 842 жыхары. У1970 г. – 1078 жыхароў, вёска ў Закозельскім с/С; у 1995 г. – 258 двароў, 575 жыхароў. У 2005 г. – 234 гаспадаркі, 484 жыхара. У 2023 г. – 127 гаспадарак, 273 жыхара.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?