Першамайск — вёска ў Антопальскім пасялковым Савеце, у складзе СВК «Асіпавічы». За 25 км на 3ахад ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 3,5 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзец (на лініі Брэст-Гомель).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XV ст. як в. Прышыхасты ў Кобрынскім княстве ВКЛ. Каля 1460 г. кобрынскі князь Сямён Раманавіч запісаў вёску «свайму баярыну Данілу». У 1509 г. запіс пацвердзіў яго сыну Есю Данілавічу вялікі князь літоўскі Жыгімонт I Стары. У 2-й пал. 16 ст. маёнтак заселены цяглымі і чыншавымі сялянамі. У 1589 г. вёска ў Берасцейскім павеце ВКЛ, шляхецкая ўласнасць, сяляне павінны былі «з валокі 2 дні паншчыны на тыдзень, чыншу 30 грошаў, 1 дзень талокаў у год, жыта 1 бочку і інш. дзякла». На пач. 18 ст. паселішча вядома пад назвай: Прышыхасты і Антопаль, маёнтак у Кобрынскім павеце Берасцейскага ваяв. У 1720-я г. паселішча афіцыйна падзелена на мястэчка Антопаль і в. Прышыхасты.
3 1795 г. у Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губ. У 1858 г. вёска ў складзе маёнтка Антопаль графа Казіміра Ажароўскага, 128 рэвізскіх душ дзяржаўных сялян, цэнтр сельскай грамады ў Антопальскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. У 1905 г. – 439 жыхароў. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, у Антопальскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяв. У 1921 г. – 41 двор, 255 жыхароў, з якіх 234 праваслаўныя. У 1930-я г. – 77 двароў. 3 1939 г. у БССР. 3 12.10.1940 г. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, в. Першамайск — цэнтр сельсавета, 345 жыхароў, пачатковая школа. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 32 жыхары, з іх 6 не вярнуліся з фронту. 3 1959 г. у Драгічынскім раёне, з 1960 г. у Антопальскім пасялковым Савеце. У 1950 г. – 225 жыхароў; у 1970 г. – 246 жыхароў; у 1995 г. – 56 двароў, 205 жыхароў. Размешчаны магазін. Магіла ахвяр фашызму, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну — за 0,8 км на Поўнач ад вёскі пахаваны больш за 4 тыс. жыхароў з розных месц Беларусі, расстраляных тут нямецка-фашысцкімі акупантамі.
У 2005 г. – 72 гаспадаркі, 181 жыхар. У 2023 г. – 73 гаспадаркі, 178 жыхароў.