Гісторыя вёскі Папіна - дрогичинский район
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Гісторыя вёскі Папіна

Назад

Гісторыя вёскі Папіна

Гісторыя вёскі Папіна

Калі адкрыеш карту Беларусі, то убачыш бясконцую колькасць кропак, якімі пазначаны гарады, вёскі, пасёлкі. Для адных гэта проста – маленькія графічныя знакі, а для другіх, больш дапытлівых і кемлівых, — цэлыя гісторыі і цікавыя легенды, з якіх паўстаюць імёны, падзеі, факты з мінулага нашага краю.

Ёсць на Драгічыншчыне вёска Папіна, ці, як гавораць мясцовыя жыхары, Старая Папіна. Чаму Старая? Ды таму, што адразу ж, без рэзкай мяжы, за ёй пачынаецца другая вёска, якая атрымала афіцыйную назву Новая Папіна. Так і стаяць яны абедзве разам, нібы маці з дачкою. З году ў год усё больш квітнее і набіраецца сіл, жыве сваім плённым і насычаным жыццём маладзейшая Папіна, у той час, як яе старэйшая суседка старэе і паступова вымірае, амаль не пускаючы ўжо больш новых каранёў.

На першы погляд цікавай здаецца назва вёскі. Ёсць два меркавання наконт назвы «Папіна».

Паблізу вёскі Папіна знаходзіцца Ляхавіцкі канал, які ў сярэднявеччы да пабудовы Дняпроўска-Бугскага канала быў адным з вытокаў ракі Піна і называўся Піна. Адсюль і назва вёскі: Па+Піна, гэта значыць населены пункт, які знаходзіцца па рацэ Піна.

Другое меркаванне – гэта тое, што яна паходзіць ад слова «поп», што азначае «царкоўны служачы». А чаму менавіта гэтае слова лягло ў аснову наймення, расказвае старая легенда.

… Жыў тут некалі адзін поп. I была ў яго з матушкай адна толькі дачка. Але да чаго ж яны былі сквапныя і працавітыя! Без платы нельга было і звярнуцца да іх. Кожны год наймалі яны парабка. Але ад цяжкай працы і штодзённых здзекаў не вытрымлівалі тыя доўга, уцякалі, не атрымаўшы заробку.

Аднаго году наняўся да бацюшкі малады хлопец. Ведаў ён пра гаспадара-злыдня, але выйсця не было: патрэбна было зарабляць хлеб, сям’ю карміць. Адправілі раніцай парабка араць поле, даўшы з сабою толькі хлеб і ваду. Позна вечарам той вярнуўся, а вароты зачынены. Тады, доўга не думаючы, ён паабсякаў валам ногі. Поп, убачыўшы такое здарэнне, вельмі разгневаўся і вырашыў далёка не пасылаць хлопца, каб ён ізноў якую шкоду не ўчыніў.

Неяк раніцай накіравалі парабка ў хлеў зарэзаць любую авечку, якая на яго гляне. Калі гаспадар зайшоў у той хлеў, то апошняя авечка ўжо была зарэзана. Хваціў папа ўдар. Тры месяцы матушка выходжвала яго, а парабак гэтым часам добра адпачыў.

Ачуняў бацюшка і думае, як бы яму разлічыць хлопца, пакуль гэты дурань яго па свету жабраком не пусціў. Але парабак і слухаць не хоча, абяцае дапрацаваць год. I хоць сам поп цяпер ужо сачыў за работай свайго служкі, той усё роўна яго абдурваў. Гаспадар, бачачы гэта ўсё ж умаліў парабка за тры цаны сысці са двара, пасля чаго пачаў жыць у спакоі і згодзе.

Ажно неяк прыбягае да іх жанчына і просіць прыйсці адпусціць грахі перад смерцю яе маці, абяцаючы добрую плату. Прыйшоў поп і бачыць, што гэта хата таго самага парабка, які ў магілу яго ледзь не звёў. Самы момант адпомсціць. Адчытаў малітву і плату патрабуе: дайце тое, дайце гэта… Набраў усяго, чуць цягнецца ад цяжару. А тут яшчэ брус на двары ўбачыў.

– Я б, — кажа, — узяў, але ж куды, рукі ўжо занятыя. Хіба што дайце мне ў зубы…

Тут ужо былога парабка доўга прасіць не прыйшлося — так даў, што бацюшка аж прытомнасць страціў. Праляжаў некаторы час на зямлі, ачуняў і пачаў збіраць свой набытак, шамкаючы бяззубым ротам:

— Папіно гэта! Папіно гэта!

Адсюль і Папіна пайшла. Толькі крыху па-іншаму вымаўляць сталі.

Гэта легенда, а што тычыцца рэальных гістарычных шляхоў вёскі, то яны не такія ўжо лёгкія і простыя. Ды што казаць, калі сам час быў няпросты.

Папіна — вёска ў Папінскім с/с, у складзе СВК «Пенякова». За 9 км на поўнач ад Драгічына, 118 км ад Брэста, 16 км ад чыг. ст. Драгічын (на лініі Брэст–Гомель), на аўтадарозе Драгічын – Дзівін.

Паводле пісьмовых крыніц вядома з XVI ст. як сяло ў Пінскім княстве, у складзе Берасцейскага ваяводства, ВКЛ. У 1522 г. упамінаецца ў даравальнай грамаце вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога Івану Палазовічу на ўваходы ў каралеўскую пушчу. 3 1795 г. у Расійскай імперыі, сяло ў Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерніі. У 1810 г. пабудавана Праабражэнская царква (у 1831 згадваецца як уніяцкая).

У 1830 г. быў маёнтак памешчыка Жука побач з вёскай Папіна. Пад час першага паўстання 1830-1831 гг. тут знаходзілі прытулак і падтрымку паўстанцы з атрада Ціта Пуслоўскага (выступленні сялян амаль заўсёды былі з мэтай атрымання свайго надзела зямлі).

У 1858 г. сяло Папіна ў складзе Асавецкай воласці, цэнтр сельскай грамады, у складзе маёнтка Папіна Івана Жука, 188 рэвізскіх душ дзяржаўных сялян, царква, народнае вучылішча. У 1886 г. у маёнтку былі прачачная, вінзавод, кірпічны (цагляны) завод, маслабойня, саладоўня, конны і ветраны млыны. Да 1924 г. памешчык карыстаўся памесцем, затым памесце было прададзена, а ён выехаў. Жука старыя жыхары ўспамінаюць як дбайнага гаспадара. «Пасля працоўнага дня, або тыдня заўсёды выдавалася зарплата грашыма. На работу да яго прыходзілі нават з суседніх вёсак».

Двары в. Папіна цягнуліся ў бок в. Каралін. Пасля 1862 г. сяляне пачалі выкупляць зямлю. З 1861 г. сяляне з памешчыкам падпісвалі Устаўныя граматы, якія рэгуліравалі адносіны часоваабавязаных сялян з памешчыкам пасля адмены прыгоннага права. Увядзенне устаўных грамат суправаджалася масавым абеззямельваннем сялян. Гэта выклікала пратэст і хваляванні сялян.

Згодна Устаўной грамаце ў 1862 г. у вёсцы Папіна было 20 двароў. Памешчык Іван Іванавіч Жук аддаў сялянам тую зямлю, якой ён карыстаўся да адмены прыгоннага права. Але ў 1864 г. Жук перасяліў вёску далей ад маёнтка ў балоты. Сяляне цяпер плацілі падаткі і выкупную суму за зямлю. У 1905 г. у сяле 386 жыхароў, царкоўна-прыходская школа, у маёнтку 56 жыхароў.

У 1915 г. амаль усе жыхары вёскі Папіна выехалі ў бежанцы. Доўгія вераніцы на вазах з небагатым хатнім набыткам пацягнуліся на ўсход, у далёкія невядомыя землі. Людзі не хацелі трапляць пад ярмо нямецкіх захопнікаў. У глыбінках Расіі папінцы сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, у Асавецкай гміне Драгічынскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. вёска Папіна, 16 двароў, 149 жыхароў; фальварак Папіна, 8 двароў, 106 жыхароў. У 1922 г. пабудаваны мураваны касцёл.

Пасля заключэння Рыжскага дагавора з Польшай у 1921 г. насельніцтва Папіны паступова пачало вяртацца ў родныя мясціны. Да гэтага часу вёска была спалена, палі зараслі кустарнікамі. Спустошаная, зрабаваная і абяздоленая зямля сустракала сваіх жыхароў. Зноў патрэбна было яе апрацоўваць, будаваць жыллё.

У 1923 г. землі памешчыка Жука былі прададзены яго сваякамі. Большую частку купілі палякі, якія і заснавалі калонію Папіна. А ў снежні 1940 г. бяднейшая частка вёскі аб’ядналася ў калгас імя Калініна. Першым яго кіраўніком быў Мірон Лявонцьевіч Чыпурык.

3 4.12.1939 г. у БССР, у Асавецкай воласці Драгічынскага павета Пінскай вобласці. 3 15.1.1940 г. у Драгічынскім р-не, з 12.10.1940 г. у Папінскім с/с, у складзе калгаса імя Калініна, ёсць пачатковая школа.

У гады Вялікай Айчыннай вайны частка вяскоўцаў пайшла ў дзеючую армію на фронт, іншыя ўключыліся ў партызанскі рух, некаторыя засталіся працаваць у тыле. Надоўга ў памяці народа застануцца тыя страшныя часіны ваеннага ліхалецця.

У канцы 1941 г. акупанты пачалі ствараць у буйных населеных пунктах паліцэйскія ўчасткі з мясцовага насельніцтва. У Драгічынскім раёне іх размясцілі ў Хомску, Брашэвічах, Закозелі, Валаўлі, Осаўцах, Папіне, Ляхавічах, Бездежы, Драгічыне. Служыць у паліцыю ішлі былыя крымінальныя элементы, здраднікі. Пачалі стварацца партызанскія атрады, у якія ўвайшлі групы:

А.А. Літвінчука і П.П. Бандарука (дзейнічалі паблізу вёсак Галік, Гурка, Ямнік, Сулічава, Асіпавічы);

В.Я. Мысліўчука, В.С. Еўчыка і В.Н. Сямёнава (дзейнічалі на Ляхавіцкіх хутарах);

Я.Г. Макарава (базіраваліся каля вёсак Хомск, Гошава, Маркавічы, Аляксеевічы);

П.П. Паталаха (у сварынскіх і радастаўскіх лясах); група сакратара Мотальскага сельсавета І. М. Калілеца.

У лютым 1942 г. сфарміраваўся атрад імя М.Ц. Шыша, вядомага падпольшчыка часоў панскай Польшчы, члена КПЗБ. Яго атрад з 50 чалавек з баямі прайшоў Дняпроўска-Бугскі канал і аб’яднаўся з атрадам Б.К. Лукашука і групай П.П. Паталаха. У адным з баёў у раёне в. Ямнік М.Ц. Шыш загінуў, а атраду, у якім налічвалася 136 байцов, прысвоена яго імя. Камандзірам быў абраны М.І. Герасімаў, камісарам Б.К. Лукашук, начальнікам штаба Д.К. Удовікаў.

Партызанскія групы нападалі на паліцэйскія ўчасткі, абразалі тэлефонную сувязь, знішчалі здраднікаў, якія здзекваліся з мірнага насельніцтва. Самай вялікай бітвай за ўсе гады партызанскага руху ў зоне Дняпроўска-Бугскага канала была бітва за авалоданне воднай артэрыяй у лютым-сакавіку 1944 г. Яна ўвайшла ў гісторыю партызанскага руху як партызанскі фронт. За месяц баёў брыгада Герасімава адбіла 40 атак 8-й мадзярскай дывізіі, пусціла пад адхон 9 эшалонаў, знішчыла 1 танк, 6 аўтамашын з жывой сілай, 2 самаходныя гарматы; за гэты час праціўнік страціў 1431 забітымі, 697 салдат афіцэраў параненымі. I гэта толькі за 1 месяц.

У Вялікую Айчынную вайну загінулі 22 жыхары, 17 з іх не вярнуліся з фронту. Алехнік Я.П. нар. у 1914 г., прапаў без вестак у кастрычніку 1944 г.; Боцэх Дзмітрый Міхайлавіч нар. у 1932 г., сын палка, падарваўся на міне 09.07.1945 г. у прадмесце Берліна; Брашавец Г.П. нар. у 1926 г., прапаў без вестак у сакавіку 1945 г.; Власюк Д.Д. нар. у 1923 г., загінуў у Польшчы 28.07.1944 г.; Грышкевіч А.I. нар. у 1926 г., загінуў 30.04.1945 г. у Германіі; Дутчык І.І. нар. у 1926 г., загінуў 18.02.1945 г. у Польшчы; Дутчык К.І. нар. у 1910 г., загінуў 01.02.1945 г. у Польшчы; Каленікаў П.П. нар. у 1911 г., прапаў без вестак у студзені 1945 г.; Карповіч П.М. нар. у 1911 г., прапаў без вестак у сакавіку 1945 г.; Маркоўскі В.В. нар. у 1913 г., загінуў 21.04.1945 г. пад Берлінам; Саванчук А.І. нар. у 1914 г., прапаў без вестак у сакавіку 1945 г.; Сапешка С.І. нар. у 1914 г., загінуў 08.07.1944 г.; Скідла І.Ф. нар. у 1902 г., прапаў без вестак у маі 1945 г.; Хвясюк М.В. нар. у 1913 г., прапаў без вестак у студзені 1945 г.; Ярмончык Д.Л. нар. у 1908 г., прапаў без вестак у сакавіку 1945г.

Драгічыншчына багата працавітымі людзьмі. Многія з іх за старанную працу адзначаны высокімі ўзнагародамі, ім прысвоены ганаровыя званні.

Сярод іх ёсць і жыхары в. Папіна – Алісіевіч В.А. – заслужаны настаўнік РБ; Власюк М.В. – палявод; Джыга В.Д. – брыгадзір трактарнай брыгады; Іванюк М.Я. – звеннявая па вырошчванню льна; Піскуноў М.Л. – былы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, загадчык цэнтральнага склада калгаса «Рассвет»; Румачык І.С. – трактарыст калгаса «Рассвет».

Да ліку загінуўшых ваенаслужачых (якія загінулі ў час праходжання службы ў Савецкай Арміі ў пасляваенны перыяд (1945-1992 г.) – ураджэнцаў Драгічыншчыны, залічаны і ўнесены ў спісак вясковец Іванюк Уладзімір Іванавіч, нар. у 1952 г. у в. Папіна, маёр, памёр 06.03.1989 г.

3 1954 г. у Брэсцкай вобласці. У 1960 г. у вёсцы 719 жыхароў; у 1970 г. – 235 жыхароў; у 1995 г. – 73 двары, 169 жыхароў. Размешчаны магазін.

У 2005 г. – 57 гаспадарак, 138 жыхароў. У 2023 г. – 46 гаспадарак, 121 жыхар.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?