Падлессе — вёска ў Антопальскім пасялковым Савеце, у складзе СВК «Асіпавічы». За 30 км ад Драгічына, 129 км ад Брэста, 10 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзец (на лініі Брэст-Гомель).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XIX ст. У 1858 г. вёска ў Антопальскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, цэнтр сельскай грамады, у складзе маёнтка Антопаль Казіміра Ажароўскага, 233 рэвізскія душы дзяржаўных сялян. У 1890 г. фальварак таго ж маёнтка Сафіі фон Брэверн, вёска, сяляне мелі 460,5 дзесяцін угоддзяў, з іх 285 дзесяцін прыдатнай зямлі. У 1905 г. у вёсцы — 580, у фальварку — 19 жыхароў. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, у Антопальскай гміне Кобрынскага павета Палескага ваяв. У 1921 г. – 40 двароў, 229 жыхароў, з якіх 226 праваслаўных. У 1930-я г. – 95 двароў. 3 1939 г. у БССР. У 1940-59 гг. у Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, у Першамайскім с/С. У Вялікую Айчынную вайну 3 жыхары не вярнуліся з фронту. 3 08.08.1959 г. у Драгічынскім раёне. У 1959 г. – 294 жыхары; у 1970 г. вёска ў Антопальскім пасялковым Савеце, 237 жыхароў; у 1995 г. – 65 двароў, 131 жыхар. Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 2005 г. – 45 гаспадарак, 96 жыхароў. У 2023 г. – 21 гаспадарка, 40 жыхароў.