Вёска Нямержа уваходзіць у склад Немяржанскага сельскага Савета, у складзе СВК «Бездзеж-Агра». За 16 км на паўночны захад ад Драгічына, 147 км ад Брэста, 20 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель), каля аўта-дарогі Драгічын-Бяроза.
Вёска ўзнікла ў 1907 г. на месцы былога фальварка Акропна, што знаходзіўся ў Хомскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. Была заселена выхадцамі з паўночных ваколіц Белавежскай пушчы.
Белавежская пушча добра вядома ўсім. Яшчэ з XIII ст. у лясах пушчы былі ўведзены абмеркаванні на паляванне. З канца XIV ст. Белавежская пушча ператвараецца ў запаведны лясны масіў з правам палявання толькі для прывілеяваных асоб і ў 1640 г. выдадзены указ аб забароне высечкі пушчанскага лесу. З 1795 г. Белавежская пушча – паляўнічая гаспадарка рускіх цароў.
Цар і яго світа часта праводзілі пышныя паляванні на жывёл пушчы. А простым людзям, жыхарам шматлікіх вёсак, якія пражывалі на тэрыторыі запаведніка, было забаронена весці такія паляванні на жывёл і птушак, а таксама весці вырубку лесу. Аднак, просты люд часта рабіў набегі на царскія ўгоддзі. І тады цар, раззлаваўшыся, вырашыў пакараць найбольш правінаваціўшыяся вёскі – высяліць іх з тэрыторыі пушчы на іншыя землі. Пад царскую няміласць трапілі тры вёскі: Нямержа, Гнілец і яшчэ адна вёска (яна знаходзіцца ў Кобрынскім раёне). За вёскамі заставалася права захаваць сваю назву вёскі і на новым месцы. Людзям былі прапанаваны землі ў паўднёва-заходняй частцы беларускага палесся.
Перасяленцы з Нямержы вырашылі не мяняць назву сваёй вёскі і пасля пераезду. Яны выбралі месца каля вёсак Бурмакі і Акропна, дзе ў той час была панская сядзіба. Непадалёку асталяваліся і жыхары вёскі Гнілец, якія таксама захавалі назву сваёй вёскі.
Што характэрна, і ў гэтым відаць адрозненне немяржан ад жыхароў навакольных вёсак, дык гэта іх гаворка. Іх мова больш блізкая да літаратурнай беларускай мовы. У сваю чаргу гаворка карэнных жыхароў спалучае ў сабе словы з украінскай, рускай, польскай моў у спалучэнні з беларускай.
З цягам часу людзі абжыліся, звыкліся з новым жыццём. Мова іх змяшалася з мясцовай мовай, утварыўшы новы дыялект. Вёска разраслася і паглынула ў сябе больш меншыя Акропна і Бурмакі. І зараз гэтыя тры вёскі, як адна вялікая, і называюцца Нямержай.
У 1921-1939 гг. у складзе Польшчы, у Драгічынскім павеце Палескага ваяводства. У 1921 г. у Хомскай гміне, вёска, 35 двароў, 68 жыхароў. 3 04.12.1939г. у БССР, у Драгічынскім павеце Пінскай вобласці, вёска, 38 двароў, 209 жыхароў, пачатковая школа. 3 15.01.1940 г. у Драгічынскім раёне, з 12.10.1940 г. у Немяржанскім с/С. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 24 жыхары, 21 з іх не вярнуліся з фронту. 3 1954 г. у Брэсцкай вобласці. У 1960 г. у вёсцы – 163; у 1970 г. 160 жыхароў. У 1976 г. у яе склад уключаны вёскі Акропна і Бурмакі. У 1995 г. – 146 двароў, 380 жыхароў. Размешчаны: сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзел сувязі, сельскі Дом культуры, бібліятэка, 3 магазіны, лазня, помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У 2005 г. – 140 двароў, 365 жыхароў. У 2023 г. – 89 гаспадарак, 203 жыхара.