З правага, а дакладней паўднёвага боку Дняпроўска-Бугскага канала, за паўтара-два кіламетры хады ад яго, акружаная з трох бакоў лясамі, балотамі ды хмызнякамі, раскінулася вёска пад «салодкай» назвай – Малінаўка.
Па мерках часу пасяленне гэтае, можна сказаць, маладое. Узнікла яно ў 20-30-я гг. XX ст. у той час, як вядома, многія мнагадзетныя сем’і з навакольных вёсак адчувалі вострую патрэбу ў зямлі, якая служыла адзінай крыніцай іх існавання. Нямала зямлі, якая пуставала, было за Дняпроўска-Бугскім каналам на поўдзень ад вёскі Белін, на мяжы з Украінай. У лясных гушчарах тут вадзілася безліч звяроў, поплавы служылі прыстанішчам вадаплаўным птушкам, а раўчукі, невялічкія балотныя вадаёмы былі поўныя рыбы. Да таго ж навакольныя лясы былі надзвычай багаты на грыбы, ягады і іншыя дары. Шчодрасць, багацце гэтых прастораў дапамагалі чалавеку выжыць тут пры любой уладзе, любых умовах.
Гэты глухі, аддалены ад важнейшых людскіх дарог, куточак Палесся доўгія часы існаваў, так бы мовіць, сам па сабе. Аднак людзі, якія наведвалі гэтыя мясціны, ужо не спяшаліся пакідаць іх. У ход ішлі сякеры, пілы, рыдлёўкі. На больш высокіх участках лес, хмызнякі высякаліся, адступалі, а на іх месцы з’яўляліся першыя пасяленні. Так на заканальскім ад вёскі Белін баку ўзніклі невялічкія пасяленні з некалькі незвычайнымі назвамі: Дыферэнцыя, Церабун і Дзіўнае. Праўда, назваць іх вёскамі ў поўным сэнсе гэтага слова ў той час, бадай, нават было нельга. Пад кожнай гэтай назвай аб’ядноўвалася, як правіла, група хутарскіх сялянскіх сядзіб, якая налічвала ад аднаго да некалькіх дзесяткаў дамоў.
Значна ўзрасла тут колькасць сялянскіх двароў і насельніцтва пасля 1921 г., калі ў тутэйшых мясцінах згодна Рыжскага дагавора, як і ва ўсёй Заходняй Беларусі, усталявалася ўлада белапалякаў. Польскія ўлады, разлічваючы папоўніць сваю казну, вялі распродаж малазаселеных акупіраваных імі зямель. З кожным годам тут павялічвалася колькасць дамоў. Блізкае суседства добра вядомай у тутэйшых краях і багатай на гістарычныя карані вёскі Белін абумовіла і агульную назву новага пасялення. Яго сталі называць Калонія Белін. Характэрна, што працяглы час слова «калонія» нават на афіцыйным узроўні пісалася з маленькай літары, часам праз злучок.
Сваю новую назву – Малінаўка – вёска атрымала ў пасляваенны час, недзе ў сярэдзіне 60-х гг., калі быў ужо створаны мясцовы калгас. Тадышні старшыня гаспадаркі Іван Ермалаевіч Чаброў, настаўнік па адукацыі, ураджэнец Гомельшчыны, дваццаціпяцітысячнік, які сюды быў накіраваны на падмогу ў наладжванні калгасаў, неяк на адным са сходаў заўважыў:
«Што гэта за назва ў вашай вёскі? Зямля тут добрая, край багаты на грыбы, маліну. І жыццё павінна быць, як маліна…» Так з лёгкай яго рукі і прыжылася новая назва вёскі – Малінаўка.
Самымі цяжкімі, пакутнымі для жыхароў вёскі былі, бадай, гады Вялікай Айчыннай вайны. Значная частка вёскі ў гады ваеннага ліхалецця была спалена. Немцы жорстка распраўляліся з тымі, хто меў сувязь з партызанамі, дапамагаў ім. А сувязь мясцовых жыхароў з ляснымі салдатамі тут была, можна сказаць, самая цесная. Велізарная тэрыторыя, што распрасціралася на поўдзень ад Дняпроўска-Бугскага канала, пастаянна кантралявалася народнымі мсціўцамі, была іх зонай. У лясной глухамані, непадалёк ад вёсачкі Дыферэнцыя, напрыклад, базіраваліся партызаны атрадаў імя Калініна, імя Шыша, некаторых іншых брыгады імя Молатава. Адсюль лясныя байцы ішлі граміць фашысцкія гарнізоны ў суседнія вёскі, падрываць эшалоны з варожымі войскамі і тэхнікай на чыгунку, што праходзіла каля Драгічына, удзельнічалі ў аперацыях па вываду са строю шлюзаў на Дняпроўска-Бугскім канале.
Але, бадай, самай галоўнай падзеяй, што адбылася тут падчас вайны, стала 40-дзённая абарона напрадвесні 1944 г. партызанамі Дняпроўска-Бугскага канала. Сярод шматлікіх эпізодаў гэтай бітвы за авалоданне воднай артэрыяй партызан з фашыстамі ў памяці жыхароў вёскі найбольш захаваўся гераічны эпізод бою аддзялення партызан П.В. Сенчукана беразе канала непадалёк ад перакрыжавання дарогі Белін-Дыферэнцыя. З дзесяці байцоў у жывых тут засталося толькі двое.
Вайна забрала жыцці больш за 40 жыхароў вёскі. У памяць аб загінуўшых тут устаноўлены помнік.
У пастаянных клопатах пра кавалак хлеба, пра тое, каб змайстраваць дах над галавой жылі людзі ў пасляваенны час. Праз год-другі тут адразу адкрываюцца некалькі пачатковых школ. Размяшчаліся яны ў прыватных сялянскіх дамах і працавала ў іх, як правіла, па аднаму настаўніку. У 60-х гг. на іх базе была адкрыта ўжо васьмігодка. Пазней былі ўзведзены і пачалі працаваць сельскі клуб, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі. З вёскай Белін – цэнтрам калгаса «Савецкая Беларусь» – вёску Малінаўка звязвае праз Дняпроўска-Бугскі канал надзейная пераправа. Можна трапіць з вёскі ў райцэнтр і па новай дарозе, якая тут з’явілася ў 80-я гг. і злучыла Малінаўку з вёскай Хідры і Зарэчка. 70-я гг. былі азнаменаваны шырокім правядзеннем у тутэйшых мясцінах меліярацыйных работ, рэканструкцыяй Жыраўскага канала, які пачынаецца з Белага возера, праходзіць каля вёскі і затым упадае ў Дняпроўска-Бугскі канал.
Малінаўка размешчана на мяжы з Украінай, таму і гаворка мясцовых жыхароў вельмі падобна на паўночна-украінскую мову.
У 2005 г. – 97 гаспадарак, 187 жыхароў. У 2023 г. – 39 гаспадарак, 70 жыхароў.