Вёска ў Папінскім с/С, у складзе СВК «Пенякова». За 16 км на Поўдзень ад Драгічына, 126 км ад Брэста, 19 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель). На левым беразе Дняпроўска-Бугскага канала.
Паводле археалагічных матэрыялаў паселішча ўзнікла ў бронзавым веку. Згодна з пісьмовымі крыніцамі вядома з XV ст. Упамінаецца ў 1492 г. у даравальнай грамаце княгіні Марыі Сямёнавай Александровічавай пану Міхну Сенкавічу Пачапаўскаму, сяло ў Пінскім княстве. Паводле граматы вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога Івану Палазовічу ў 1522 г. сяло ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства ВКЛ. 3 1795 г. у Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губ. У 1858 г. маёнтак Ляхавічы памешчыка Шэмета ў Асавецкай воласці Кобрынскага павета. У 1886 г. згадваюцца пагост Ляхавічы, праваслаўная царква; у 1890 г. сяло Ляхавічы, царква мела 35 дзесяцін угоддзяў; маёнтак Ляхавічы з урочышчам Карагодышы належаў княгіні Марыі Друцкай-Любецкай — 5632 дзесяцін угоддзяў.
У 1905 г. у маёнтку 36 жыхароў, у пасяленні Ляхавічы 14 жыхароў царкоўна-прыходская школа. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, у Драгічынскім павеце Палескага ваяводста. У 1921 г. у Асавецкай гміне, 2 калоніі Ляхавічы, 56 двароў, 389 жыхароў з якіх 322 праваслаўныя; фальварак Ляхавічы — 4 двары, 37 жыхароў. 3 04.12.1939 г. у Драгічынскім павеце Пінскай вобласці БССР, з 15.01.1940 г. у Драгічынскім раёне, з 12.10.1940 г. вёска Ляхавічы-1 — цэнтр сельсавета. У 1939 г. калонія Ляхавічы-1, было 69 двароў, 370 жыхароў. У калоніі Ляхавічы-2 было 93 двары, 495 жыхароў, прыстань на Дняпроўска-Бугскім канале, пачатковая школа, урачэбны пункт.
У Вялікую Айчынную вайну каля вёскі на Дняпроўска-Бугскім канале 19.06.1943 г. партызаны вывелі са строю Ляхавіцкі гідравузел. У лютым 1944 г. партызаны вялі тут цяжкія баі супраць нямецкіх войск, частка вёскі была спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі; загінулі 18 жыхароў. У 1949 г. створаны калгас «Новае жыццё» (старшыня М. Карпук). 3 1954 г. у Брэсцкай вобласці. 3 02.06.1959 г. у Папінскім с/С, 310 жыхароў. У 1970 г. вёска Ляхавічы, 311 жыхароў; у 1995 г. – 72 двары, 175 жыхароў. Размешчаны фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, бібліятэка, царква Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.). Радзіма дзяржаўнага дзеяча Беларусі В. С. Капітана.
У 2005 г. – 68 гаспадарак, 142 жыхары. У 2023 г. – 33 гаспадаркі, 57 жыхароў.