Гісторыя вёскі Ласінцы - Дрогичинский район
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Гісторыя вёскі Ласінцы

Назад

Гісторыя вёскі Ласінцы

Гісторыя вёскі Ласінцы

Ласінцы – вёска ў Немяржанскім с/С, у складзе СВК «Лошна». За 11 км на Паўночны Захад ад Драгічына, 120 км ад Брэста, 17 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель).

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVI ст. У XVI-XVIII ст. паселішча ў складзе ўладанняў Тараканскага манастыра. Упамінаецца ў 1517 г. у даравальным запісе Агапіі Песачынскай мітрапаліту кіеўскаму Іосіфу Солтану як сяло яе маёнткаў, у Трокскім ваяводстве ВКЛ. У 1762 г. фальварак Ласінцы.

На пач. XIX ст. пабудавана драўляная Успенская царква. У 1858 г. вёска Лfсінцы, цэнтр сельскай грамады ў Брашэвіцкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, 213 рэвізскіх душ дзяржаўных сялян, якія да 1842 г. з’яўляліся падданымі Тараканскага манастыра. У 1886 г. сяло, 29 двароў, 270 жыхароў, праваслаўная царква, піцейны дом. У 1890 г. сяло, 415 дзесяцін угоддзяў, з іх 188 дзесяцін прыдатнай зямлі. У 1905 г. вёска, 339 жыхароў, пачатковае вучылішча; маёнтак Ласінцы — 15 жыхароў. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, у Брашэвіцкай гміне Драгічынскага павета Палескага ваяв. У 1921 г. вёска, 57 двароў, 255 жыхароў (праваслаўных); фальварак Ласінцы — 5 жыхароў. 3 04.12.1939 г. у БССР, у Брашэвіцкай воласці Драгічынскага павета Пінскай вобласці, вёска, 80 двароў, 391 жыхар, працавала школа. 3 15.01.1940 г. у Драгічынскім раёне, з 12.10.1940 г. у Вулькаўскім с/С. З 2021 г. вёска Ласінцы ўвайшла ў склад Немяржанскага с/С. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 13 землякоў, з іх 8 на фронце. У 1949 г. створаны калгас «Полымя» (старшыня В. А. Піцуха). У 1950 г. было 120 двароў. 3 1954 г. у Брэсцкай вобласці. У 1960 г. – 335 жыхароў; у 1970 г. – 417 жыхароў; у 1995 г. – 107 двароў, 229 жыхароў, пачатковая школа. 

У 60-я гг. электрычнасці ў Ласінцах не было. Хаты асвятляліся газавымі лямпамі. На калгаснай ферме ўручную жанчыны кармілі і даілі па 13 кароў.

У 1976 г. у школе займалася 90 вучняў. Хлопцы і дзяўчаты стваралі сем’і і асядалі ў роднай вёсцы. Перасяляліся бліжэй да цывілізацыі хутаране. Аблягчалася праца: на дапамогу людзям прыйшла тэхніка. Адкрыўся аўтобусны маршрут «Бяроза-Драгічын». І раптам сумная навіна: базавая школа пераўтворваецца ў пачатковую. Замаркоціліся дарослыя і дзеці. Адны вучні падаліся ў Сіманавіцкую СШ, іншыя – у Драгічын. Ох, як нялёгка ім прыйшлося! Спецыялізаваных аўтобусаў для падвозу не было. Дзеці жылі ў прышкольных інтэрнатах, сумуючы па бацьках. А бацькі не спалі начамі ў трывозе за дзяцей.

І рушыла моладзь у горад. З кожным годам у Ласінцах станавілася ўсё менш і менш людзей. Вёска, быццам свечка, згасала на вачах. Старажылы з сумам успаміналі, як бурліла колісь на вясковых вуліцах жыццё. Кажуць, пры Польшчы прыязджалі сюды на адпачынак яўрэі. Сяліліся ў спецыяльна пабудаваных летніх доміках, і, пагойдваючыся ў гамаках, дыхалі празрыстым лясным паветрам. Былі ў Ласінцах і карчма, і заезджы двор, дзе спадарожны люд мог падсілкавацца і адпачыць.

Цяпер у Ласінцах ёсць магазін і лазня, ферма побач. Амаль у кожнай хаце – тэлевізар, радыё, тэлефон.

У 1962 г. была закрыта Ласінская царква. Царкоўную маёмасць перавезлі ў Субаты. У будынку царквы абуладкавалі калгасны склад для збожжа і салетры. Вяскоўцы пакрыху забываліся на веру, сціхлі песні.

На шчасце, у 1986 г. людзі даведаліся, што царкву можна аднавіць. Марыя Нікіфараўна Марушка, Аўдоцця Андрэеўна Мірач і Соф’я Фёдараўна Нясцюк кінуліся збіраць подпісы і пісаць пісьмы ў Маскву, Мінск, Брэст, да раённых улад з просьбай адкрыць храм у Ласінцах. Атрымаўшы дазвол, яны прыняліся за збор грошай. Цяжка было, але жанчыны не адступалі. Шмат давялося працаваць і мужчынам. З дапамогай Бога, 18 лістапада 1989 г. ажыў звон, паклікаў людзей на службу ў храм.

Чаму ў гэтай вёсцы менавіта такая назва? Кажуць, калісьці тут было возера, і ласі прыходзілі піць да яго ваду. Гэтыя прыгожыя жывёліны і цяпер жывуць у мясцовым лесе.   

У 2005 г. – 85 гаспадарак, 181 жыхар. У 2023 г. – 52 гаспадаркі, 102 жыхара.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?