Вёска ў Асавецкім с/С, у складзе СВК «Пенякова». За 20 км на поўднёвы усход ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XIX ст. У 1858 г. вёска ў Варацэвіцкай воласці, цэнтр сельскай грамады ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерніі, адносілася да маёнтка Красцінава памешчыка Гаспера Клімашэўскага, 113 рэвізскіх душ дзяржаўных сялян. Частка вёскі знаходзілася ў межах Гуцкай сельскай грамады Варацэвіцкай воласці. У 1890 г. маёнтак Красцінава належаў Ганне Пятроўскай, меў 276 дзесяцін угоддзяў. У 1905 г. у вёсцы 265 жыхароў, у маёнтку 13 жыхароў.
У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, у Варацэвіцкай гміне Драгічынскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. вёска, 46 двароў, 165 жыхароў; фальварак, 13 жыхароў. 3 04.12.1939 г. у Драгічынскім павеце Пінскай вобласці, 58 двароў, 315 жыхароў. 3 15.12.1940 г. у Драгічынскім раёне, з 12.10.1940 г. у Асавецкім с/С.
У Вялікую Айчынную вайну на фронце загінулі 13 землякоў. У 1960 г. – 296 жыхароў; у 1970 г. – 259 жыхароў; у 1995 г. – 52 двары, 106 жыхароў. Размешчаны ферма буйной рагатай жывёлы, магазін.
У 2005 г. – 39 двароў, 71 жыхар. У 2023 г. – 14 гаспадарак, 18 жыхароў.