Існуе беларуская вёска, па якой можна плаваць на лодцы і не толькі падчас веснавой паводкі, а кожны дзень. У вёсцы Какорыца лодка – найважнейшы від транспарту. Кіраваць лодкай умеюць усе вяскоўцы з дзяцінства.
Цікава, што ў Какорыцы заўсёды былі ўсяго толькі два прозвішчы – Пратасевіч і Зіновіч. Цяпер ёсць некалькі іншых, але гэта, як тут кажуць, прымакі. Здаралася, што з суседніх вёсак хлопцы жаніліся з мясцовымі дзяўчатамі, асядалі і разбаўпялі тутэйшую аднастайнасць. А легенда гаворыць, што ў гэтыя непраходныя балоты за часамі Кацярыны II выслалі за нейкую правіну двух непакорных сялян. Выслалі фактычна на згубу, у надзеі, што ў той дрыгве, на бездарожжы яны не выжывуць. Але моцнымі аказаліся Зіновій і Пратас. Не толькі самі выжылі, сем’і стварылі, селішча арганізавалі. I павяліся з той пары ў Какорыцы моцныя духам людзі і заядлыя працаўнікі.
Даязджаць у вёску стала прасцей, калі пабудавалі дарогу з Бездзежа. Правільней сказаць, рэканструявалі. Гэту дарогу будавалі ўскладчыну ўсёй грамадой недзе ў 20-30 гг. мінулага стагоддзя. Збіралі грошы, наймалі памочнікаў нават з суседніх вёсак і сыпалі дарогу. А без яе Какорыца заставалася адрэзанай ад усяго іншага свету па сушы, заставаўся толькі водны шлях. Па сутнасці – востраў. Але дарогу перыядычна размывала. I толькі пасля правядзення меліярацыі недзе ў канцы 60-х гг. дарогу стала магчыма падтрымліваць пастаянна.
Вайна не абышла горам вёску. I хоць немцы тут не стаялі, баяліся сунуцца ў такія непраходныя мясціны, але пасля аднаго з баёў з партызанамі наляцеў карны атрад, спаліў восем дамоў. Жыхары іх здолелі ўцячы, хутка схавацца, а вось жыллё давялося адбудоўваць наноў. 19 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай.
Дзе працавалі многа, там, як вядома, і жылі заможна. Вяскоўцы вырошчвалі хлеб на кожным сухім лапіку, вывозілі на лодках. Зямля ў гэтых мясцінах спрадвеку была не тое, што вельмі ўрадлівая, але хапала яе, прасторы навокал – як вокам акінуць. Першыя калгасныя гады былі галодныя, але няўрымслівыя жыхары працавітай вёскі прызвычаіліся акрамя нарэзаных па самыя хлявы сотак засяваць для сябе лапікі збажыны, бульбы амаль у непраходных мясцінах. Ураджай вывозілі лодкамі.
У пасляваенны час у вёсцы значылася больш за 300 жыхароў. I хоць па-ранейшаму пакуль што заселены кожны з трох былых хутароў – Герады, Папічына, Кутасы, – пустых хат застаецца ўсё болей і болей. Адлегласці паміж кожным з названых «мікрараёнаў» вымяраюцца кіламетрам, а то і болей. Можна сабе ўявіць прасторы Какорыцы. Дарэчы, тут на вёску – двое могілкаў. На адных, як няцяжка здагадацца, хавалі Пратасевічаў, на другіх – Зіновічаў. Цяпер, праўда, гэтай традыцыі не прытрымліваюцца, і кожны выбірае месца апошняга спакою па сваіх меркаваннях.
У 2023 г. – 37 гаспадарак, 54 жыхара.