Хамічыцы — вёска ў Антопальскім с/С, у складзе СВК «Асіпавічы». За 35 км на 3ахад ад Драгічына, 123 км ад Брэста, 4,5 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзец (на лініі Брэст-Гомель).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVI ст. Упершыню згадваецца ў 1577 і ў 1589 гг. у складзе ўгоддзяў с. Прышыхасты (цяпер в. Першамайск). У канцы 17 ст. вёска ў складзе маёнтка Прышыхасты, уласнасць Уладзіслава Прышыхасцкага. Пасля яго смерці ў 1703 г. прададзена маршалку ВКЛ Марціну Дамініку Валовічу за 5 тыс. злотых (разам з в. Худлін). 3 1791 г. у Кобрынскім павеце Берасцейскага ваявоцтва. 3 1795 г. у Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерні. У 1858 г. вёска ў Антопальскай воласці, цэнтр сельскай грамады, у складзе маёнтка Антопаль графа Казіміра Ажароўскага, 130 рэвізскіх душ дзяржаўных сялян. У 1890 г. уласнасць сельскай грамады, якая мела 511,5 дзесяцін зямлі, з іх 212 дзесяцін прыдатнай. У 1905 г. – 432 жыхары. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, у Антопальскай гміне Драгічынскага павета Палескага ваявоцтва. У 1921 г. – 36 двароў, 156 жыхароў. У 1930-я г. – 63 двары, пачатковая школа. 3 1939 г. у БССР. У 1940 г. вёска ў Асіпавіцкім с/С Антопальскага раёна Брэсцкай вобласці, 335 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 14 землякоў, 12 з іх не вярнуліся з фронту. 3 1959 г. у Драгічынскім раёне. У 1960 г. вёска ў Галоўчыцкім с/С, 261 жыхар. У 1970 г. – 255 жыхароў; у 1995 г. – 47 двароў, 88 жыхароў.
У 2005 г. – 36 гаспадарак, 55 жыхароў. У 2023 г. – 15 гаспадарак, 21 жыхар.