Вёска ў Асавецкім с/С, у складзе СВК «Асавецкі». За 17 км на паўднёвы ўсход ад Драгічына, 127 км ад Брэста, 24 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVIII ст. 3 1795 г. у Расійскай імперыі. У 1798 г. фальварак. У 1858 г. вёска ў Варацэвіцкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі. Разам з часткай вёскі Крысцінава было 209 рэвізскіх душ дзяржаўных сялян, адносілася да маёнтка Гута памешчыцы Феліцыі Мацэевічавай. У 1890 г. у Гуцкай 1-й сельскай грамадзе, разам з в. Крысцінава мела 324 дзесяцін угоддзяў, з іх 293 дзесяцін прыдатныя.
У 1905 г. у в. Гута 400 жыхароў; у маёнтку Гута – 19 жыхароў; у фальварку Гута-Маргі – 7 жыхароў. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, у Драгічынскім павеце Палескага ваяводства. У 1921 г. у Варацэвіцкай гміне: в. Гута – 51 двор, 160 жыхароў; калонія Гута – 4 двары, 29 жыхароў; фальварак Гута – 3 двары, 10 жыхароў. 3 1939 г. у БССР, у Асавецкай воласці Драгічынскага павета Пінскай вобл. 3 15.01.1940 г. у Драгічынскім раёне. 3 12.10.1940 г. у Асавецкім с/С, вёска і калонія Гута, 70 двароў, 360 жыхароў працавала пачатковая школа, створаны калгас імя Молатава.
У Вялікую Айчынную вайну загінулі 18 землякоў, 13 з іх на фронце. У 1959 г. – 313 жыхароў; у 1970 г. – 295 жыхароў; у 1995 г. – 55 двароў, 102 жыхары. Размешчаны малочнатаварная ферма, магазін.
У 2005 г. – 49 двароў, 101 жыхар. У 2023 г. – 32 гаспадаркі, 58 жыхароў.