Вёска ў Хомскім с/С, у складзе СВК «Хомскі». За 23 км на Поўнач ад Драгічына, 131 км ад Брэста, 28 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель), за 1 км ад р. Ясельда.
Рака Ясельда ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1242 г.: «I паслаў ён (літоўскі князь Міндоўг) раць на (валынскага князя) Васілька. I спусташалі яны (літоўская раць) навокал Каменя (цяпер Камень-Кашырскі Валынскай вобласці Украіны). Але князь Васілько не паехаў за імі, таму што спадзяваўся іншай раці. Ён паслаў за імі (ваявод) Жэгіслава і Сцяпана Мядушкіна. I гналіся яны іх следам аж да (ракі) Ясельды (Ясалда, Ясалны), але не дагналі іх, бо раць (літоўская) была малая, — яны толькі набралі былі здабычы, і таму адышлі спехам».
У гісторыі Драгічыншчыны, як і другіх зямель, важную ролю адыгрывалі старадаўнія шляхі, якія злучалі Чорнае мора з Балтыйскім. Адзін з іх праходзіў ад Чорнага мора па Дняпры, пасля па яго прытоку Прыпяці, затым па прытоку апошняй — рацэ Ясельдзе да яе вярхоўяў, далей на прыток Нёмана — раку Рось, затым у Нёман і Балтыйскае мора. Паміж вытокамі Ясельды і Росі існаваў волак. Гэта так званы Дняпроўска-Нёманскі шлях. Гэты шлях і праходзіў непадалёку ад сучаснай вёскі Чарнеевічы.
Паселішчы былі невялікія — па некалькі «дымоў», нярэдка па аднаму-два. «Дым» — гэта вялікая сям’я-гаспадарка. На чале яе стаяў самы старэйшы мужчына, уваходзілі ў яго сям’ю жанатыя і нежанатыя сыны, нярэдка зяці, унукі, якія маглі быць жанатымі. Слова «дым», пераважна ў гэтым значэнні, ужываецца ў дакументах эпохі Вялікага княства Літоўскага. Праўда, зафіксавана таксама ўжыванне яго ў тым жа значэнні, што і «дворышча» (частка населенага пункта, якая складалася з некалькіх вялікіх сем’яў-гаспадарак).