Закозель – вёска, цэнтр Закозельскага с/С і дзяржаўнага унітарнага вытворчага прадпрыемства «Племзавод Закозельскі». За 13 км на паўднёвы захад ад Драгічына, 123 км ад Брэста, 8 км ад чыгуначнай станцыі Нагор’е (на лініі Брэст-Гомель).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XIX ст. У 1858 г. маёнтак Заказелле ў Валавельскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, уласнасць К. Ажэшкі і разам з фальваркамі налічвала 8 081 дзесяцін зямлі. У яго складзе было 6 фальваркаў.
Звесткі ў іншых вядомых надрукаваных крыніцах таксама не вызначаюцца значнасцю інфармацыі. Выключэннем з’яўляецца шматтомная праца польскага даследчыка Рамана Афтаназі, які сабраў значны матэрыял па гісторыі рэзідэнцый на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у т. л. і Беларусі. Невялікі, але цікавы і аргументаваны па зместу артыкул Р. Афтаназі прысвечаны сядзібе ў Закозелі. Аднак галоўнай крыніцай пры напісанні гісторыі Закозеля і яго помнікаў сталі архіўныя сховішчы гарадоў С.-Пецярбурга, Гродна, Вільнюса.
Гісторыя Закозеля цесна звязана з родам Ажэшкаў. На думку Р. Афтаназі, прозвішча бярэ пачатак «… ад сяла Ажэшкі з зямлі мельніцкай, дзе на працягу XIX ст. гаспадарыла адна з ліній Ажэшкаў. Яны мелі ўладанні ў ваяводстве Пінскім, на Падоллі, ваяводствах рускім і кіеўскім. Сярод іншых уладанняў — маёнткі ў брэсцкім і кобрынскім паветах».
На аснове гістарычных матэрыялаў былі ўстаноўлены ўладальнікі Закозеля і іншых фальваркаў, засценкаў, якія ўваходзілі ў склад маёнтка. Слынная польская пісьменніца Эліза Ажэшка (Паўлоўская — (1841-1910) не мела прамых адносін да мястэчка Закозель, аднак, жывучы ў маёнтку свайго мужа — Пятра Ажэшкі, Людвінове, яна часта раз’язджала па суседніх маёнтках і, без сумнення, бывала і ў маёнтку родзічаў свайго мужа — у Закозелі. Вядома, што ў XVIII ст. маёнтак Закозель належаў Юзефу (Іосіфу, Осіпу) Ажэшку, аднак звесткі аб яго жыцці ў заказельскай сядзібе адсутнічаюць. Думаецца, што будаўніцтва заказельскага комплексу звязана з імем сына Юзефа — Нікадзімам (памёр у 1843 г.). Аўтары многіх публікацый, у якіх ёсць упамінак аб Закозелі, лічаць, што палацава-паркавы комплекс сфарміраваўся на мяжы XVIII-XIX ст.
У 1845 г. была зроблена інвентарызацыя маёнткаў Гродзенскай губерні. У гэтыя гады маёнтку Закозель належала 17165 моргаў зямлі, у тым ліку прысядзібнай — 408 моргаў 94 прэіггы. Інвентарызатар адзначаў, што ўсе пабудовы маёнтка былі старыя, але яшчэ даволі трывалыя і што «при поддержке могут служить еще несколько лет».
Усе пабудовы маёнтка ў гэты перыяд былі ў асноўным зроблены з дрэва. Каменнымі былі толькі жылы дом і вінакурня. Уладалыніку маёнтка, акрамя жылых пабудоў, належалі карчма ў Валаўлі, млыны, фермы рагатай жывёлы, суконная фабрыка і інш. У 1840-я гг. маёнткам валодаў Калікст Нікадзімавіч Ажэшка. Ён уступіў у валоданне маёнткам Закозель у адпаведнасці з завяшчанным бацькі паўводнаму лісту, які быў складзены 20 ліпеня 1843 г.
У 1860-х гг. Калікст ужо рэдка бываў у Закозелі і ўсімі справамі маёнтка займалася яго маці Фернанда Іванаўна (да замужжа Хржаноўская), праўда, яна, як і сыны, рэдка бывала ў Закозелі, бо месцам свайго жыхарства выбрала маёнтак старэйшага сына Юліана, які знаходзіўся ў Дольску Валынскай губерні. Калікст і Юлій жылі за мяжой, а трэці іх брат Нікадзім загінуў у час паўстання 1863 г., сёстры выйшлі замуж, і пакінуты ўсімі маёнтак стаў паступова прыходзіць у заняпад.
За мяжой заказельскага парку быў устаноўлены невялікі абеліск у памяць аб загінуўшых удзельніках паўстання 1863 г. і, у прыватнасці, аб Нікадзіме Ажэшку: на помніку быў надпіс: «За душу Никодима и всех полегших в лесах». У Калікста Нікадзімавіча і Эміліі Аляксандраўны было 6 дзяцей: Калікст, Нікадзім, Юдзій, Эмілія, Марыя, Людвіка (у замужжы Трэнбіцкая) і Ядвіга (у замужжы Дзекоўская).
Права на спадчыну было пацверджана натарыусам Гродзенскага суда яшчэ 21 кастрычніка 1892 г.; тады ж новы ўладальнік заклаў маёнтак у Віленскім Зямельным банку, у пацвярджэнне чаго атрымаў адпаведны дакумент.
На жаль, наследнік не даражыў радавой уласнасцю і месцам сваёй «калыскі» і неўзабаве прадаў заказельскі маёнтак рускай дваранцы Надзеі Аляксандраўне Бабрынскай.
Калі Бабрынская набыла ў 1894 г. маёнтак Закозель, ён знаходзіўся ў запусценні і давялося прыкласці нямала намаганняў, каб яго ўзнавіць. На сродкі графіні была зроблена рэстаўрацыя палаца, узведзена камфартабельная канюшня для скакавых коней і іншыя гаспадарчыя пабудовы, расшырана вінакурная вытворчасць. Навогул, гаспадарчая дзейнасць у Закозелі вялася на высокім еўрапейскім узроўні. Праўда, графіня Бабрынская пастаянна жыла ў Пецярбургу і, у адпаведнасці з даверанасцю, справы маёнтка вялі Дзмітрый Бялізо і Аксель Аляксандравіч фон Дэн.
Н.А. Бабрынская ўдзяляла вялікую ўвагу развіццю і ўдасканаленню спраў у маёнтку, магчыма, з-за значнага даходу, які ёй прыносілі вінна-спіртавы і дражджавы заводы і іншыя віды гаспадарчай дзейнасці, а таксама з-за надзвычай маляўнічых пейзажаў, хвалюючай прыгажосці палаца-сядзібнага комплексу і наваколіц.
У 1900 г. сядзіба Закозель была электрыфікавана, у сувязі з чым у справе, якая была прысвечана гэтаму пытанню, ёсць план і пералік пабудоў, якія былі ў той час.
Графіня Н. Бабрынская выдала А.А. фон Дэну ў 1901 г. «Даверанасць», па якой ён прымаў «… в свое полное управленне и распоряжение недвижимое имушество им. Закозель и Белин Кобринского уезда Гродненской губернии в полном их составе с винокуренным н ректификационным заводами, вести хозяйство, извлекать доходы, возводить новые строения, закладывать …» У адпаведнасці з атрыманымі паўнамоцтвамі фон Дэн у 1905 г. атрымаў дазвол на будаўніцтва дрожджава-вінакурнага завода ў маёнтку Закозель, праект якога — планы, фасады, разрэзы — выяўлены ў архівасховішчах г. Гродна.
У 1902 г. у Закозелі была ўзведзена паравая малочная ферма. Аб гэтым сведчыць дакумент, на якім стаіць подпіс Акселя фон Дэна і малодшага архітэктара Гродзенскага губернскага праўлення Ленція Жаваранкава, які праводзіў агляд пабудаванай ужо фермы «… согласно планам, разрезам, фасадам и условиям…».
У 1905 г. Закозель – маёнтак, 180 жыхароў.
Па звестках 1911 г., амаль усе пабудовы ў маёнтку былі ўзведзены з цэглы. Акрамя гэтых пабудоў, на тэрыторыі заказельскай сядзібы знаходзіліся выязная канюшня, вяндлярня, кузня, некалькі хлявоў для жывёлы, склады, свірны, дамы для рабочых і служачых і інш.
У фондзе Дваранскага Зямельнага банка, які знаходзіцца ў ЦДГА Літоўскай Рэспублікі (г. Вільнюс), выяўлены дакумент пад назвай «Аб прадоўжанні тэрміну пагашэння пазыкі, выдадзенай маёнтку Закозель-Белін». Дакумент датаваны 1915 г. і ўтрымлівае кароткае апісанне маёнтка. У ім адзначаецца, што Закозель размяшчаецца на злёгку ўзвышанай мясцовасці. «… Все постройки в хорошем состоянии. Особо выделяется господский дом, стиля и постройки XVIII века, и современное строение конюшни в английском стиле из английских материалов. В конюшне содержится: лошадей для надобностей имения — 7, жеребцов-производителей — 7, молодых лошадей — 49…»
Па «Ведамасці маёнтка», якая была складзена ў тым жа годзе, у маёнтку Закозель налічвалася каля 40 пабудоў.
Пасля 1917 г. Н.А. Бабрынская, відаць, у Закозелі ўжо не бывала і ўсе справы перадала свайму даверанаму Беранду Фердынандавічу Марэншыльду. Нарэшце, па яе даручэнню, 21 ліпеня 1922 г. быў падпісаны Акт аб куплі-продажы маёнтка паміж сынам Н. Бабрынскай — Аляксеем Аляксеевічам і новым уладальнікам — Зігмунтам Вітольдам Весялоўскім, грамадзянінам Рэчы Паспалітай, на тэрыторыі якой апынуліся заказельскія ўладанні пасля Брэст-Літоўскага пагаднення 1918 г. Да Весялоўскага перайшла толькі частка маёнтка, у т. л. Закозель, Белін і Гарадзец; астатняя рухомая і нерухомая ўласнасць была прададзена па частках.
Аднак Весялоўскі нядоўга валодаў Закозелем: у 1923 г. ён прадаў яго К. Талочку за 8985000000 польскіх марак. К. Талочка жыў пастаянна ў Варшаве, але сваё новае ўладанне, вельмі любіў і шмат зрабіў для падтрымання парадку ў яго гаспадарцы і для добраўпарадкавання тэрыторыі сядзібы і пабудоў.
Цудоўныя помнікі архітэктуры былой сядзібы Ажэшкаў (пазней — Бабрынскай), на жаль, страчаны, а іншыя дайшлі да нас у моцна перабудаваным ці пашкоджаным выглядзе. 3 існуючых горш усяго захаваўся будынак, які займаў асноўнае месца ў архітэктурна-планіровачным ансамблі Закозеля: гэта прысядзібны «панскі» дом або палац, як называюць яго ў іншых крыніцах.
Польскі даследчык Р. Афтаназі лічыць, што будынак гэты быў узведзены ў пачатку XIX ст., хутчэй за ўсё Нікадзімам Ажэшкам, але шэраг аўтараў схіляецца да думкі аб больш ранніх тэрмінах яго будаўніцтва — другой паловы XVIII ст. Не валодаючы дастатковымі данымі для дакладнай даціроўкі прысядзібнага дома, абапіраючыся на тэкставую і графічную інфармацыю, атрыманную ў выніку гістарычна-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, можна меркаваць, што комплекс заказельскай сядзібы сфарміраваўся ў канцы XVIII ст., але не пазней чым на рубяжы двух вякоў; да гэтага ж перыяду адносіцца і будаўніцтва палаца.
Першае яго адлюстраванне — малюнак дома, выкананы мастаком Напалеонам Арды ў 1863 г. Заказельскі палац уяўляў значна выцягнутую пабудову, якая складалася з 2-х карпусоў (магчыма, узведзеных у розны час); сярэдняя частка будынка, пяцівосевая, мела план шырокага прамавугольніка; на яго галоўнай восі, у слаба паказаным рызаліце, знаходзіліся ўваходныя парадныя дзверы, а па баках — дзве пары прысценных калон тосканскага ордэра. Фасад вянчаў ступеньчаты карніз, над якім праходзіў яшчэ адзін прафіляваны карніз. Гэтую частку пакрываў 4-схільны дах з 2-ма невялікімі паўкруглымі люкарнамі і 4-ма сіметрычна размешчанымі атынкаванымі дымаходамі. Ад галоўнага корпуса адыходзілі больш нізкія карпусы (у выглядзе крылаў), пакрытыя такім жа дахам з люкарнамі.
Калі графіня Н. Бабрынская набыла маёнтак Закозель у 1894 г., ён знаходзіўся у вельмі запушчаным стане, і новая ўладальніца правяла значныя работы па ўзнаўленню сядзібы. Практычна ўвесь даход з іншых сваіх маёнткаў яна некалькі гадоў укладвала ў рэканструкцыю пабудоў, у развіццё вытворчасці ў Закозелі.
У архіве г. Гродна выяўлены графічныя дакументы, якія ў пэўнай ступені дазваляюць уявіць, як выглядаў будынак пасля рэканструкцыі, галоўным выканаўцам якой, відаць, быў Дзмітрый Дзмітрыевіч Бялізо.
Планы па паверхах будынка былі складзены ў сувязі з правядзеннем электрычнасці і сведчаць аб наяўнасці ў гэтыя гады ўжо двух паверхаў у цэнтральнай частцы дома. Чарцёж мае эксплікацыю, якая дае інфармацыю аб прызначэнні асобных памяшканняў «панскага» дома.
На першым паверсе знаходзілася прамавугольная ў плане зала, кабінет, спальня, ванны пакой, які злучаўся з круглай у плане прыбіральняй графіні, з правага боку размяшчалася сталовая, пакой для слугі і вестыбюль, сенцы. Левае крыло дома належала кастэлянцы, правае — было занята «пад буфет» і прыслугу. Надбудова другога паверха паўтарала план ніжняй часткі дома: там размяшчаліся гасціная, спальня, ванная, пакоі для гасцей. Ва ўглавых пакоях знаходзіліся жылыя памяшканні, якія мелі выхад на балкон.
Відавочна, што ў канцы XIX ст. палац у Закозелі быў значна рэканструяваны, у тым ліку яго інтэр’ер, які прадстаўляў вялікую мастацкую каштоўнасць. Сярод элементаў інтэр’ера, якія найбольш выдзяляліся, былі паўкруглыя печы ў скляпеністых нішах.
Здымкі палаца, якія знойдзены ў архівах, дазваляюць сцвярджаць, што ў 1920-30-я гг. будынак яшчэ раз рэканструяваўся. Відаць, гэта было ў той перыяд, калі маёнтак знаходзіўся ва ўласнасці Караля Талочкі. Рэканструкцыя тычылася перш за ўсё цэнтральнай часткі будынка. Там быў надбудаваны яшчэ адзін паверх, на якім для стварэння адзінага аблічча былі падоўжаны калоны порціка, а таксама напалавіну зменшана шырыня ўваходных дзвярэй; па баках былі прабіты два новыя аконныя праёмы. Фасад, супрацьлеглы галоўнаму, таксама падвергнуўся сур’ёзнай рэканструкцыі; былі пабудаваны другі паверх і два аднапавярховыя памяшканні з абодвух бакоў здавён існуючых тэрас і злучаныя галерэяй. У выніку перабудовы будынак страціў першапачатковы, поўны гармоніі, характар. Інтэр’еры пацярпелі ў меншай ступені.
Р. Афтаназі ў сваім артыкуле піша не толькі аб цудоўным скульптурным дэкоры і іншых упрыгожваннях у сярэдзіне палаца, але і аб цудоўнай мэблі, якая знаходзілася ў доме, і творах мастацтва, што належалі яго ўладальнікам. На жаль, у канцы 30-х гг. XX ст. у палацы ўжо амаль нічога не засталося. Старая мэбля, вялікая бібліятэка Ажэшкаў і наступных гаспадароў былі вывезены. Ёсць звесткі, што частка рухомай маёмасці Ажэшкаў трапіла ў маёнтак Лінова, які належаў Людвікс Ажэшка-Трэнбіцкай, сястры Калікста Калікставіча Ажэшкі.
Сядзібны дом Ажэшкаў, які ўцалеў у гады ваеннага ліхалецця, разбураўся паволі і засталася ад яго толькі нязначная частка будынка.
Непадалёк ад палаца знаходзіўся будынак вінакурні. Багатае архітэктурна-мастацкае вырашэнне фасадаў гэтага будынка, вядомага нам як «вінакурня», дало падставу некаторым даследчыкам для меркавання: ці не з’яўлялася гэтая пабудова першапачаткова палацам ці афіцынай?
У «Інвентарным вопісу» маёнтка за 1845 г. акрамя палаца прысутнічае паведамленне аб каменным будынку вінакурні. У гэтыя гады маёнтак належаў ужо не Ажэшкам, а Н. Бабрынскай, павераным у вытворчых справах якой быў Казімір Андрыч.
Вядома, што вінакурны завод, які знаходзіўся ва ўласнасці рускай дваранкі Н. Бабрынскай, ужо ў пачатку XX ст. стаў адным з самых вядомых і даходных заводаў Гродзенскай губерні. У 1900 г. фон Дэн кіраваў работамі па правядзенню электрычнасці ва ўсіх пабудовах, — як жылых, так і вытворчых, у сувязі з чым быў складзены план сядзібы з усімі яе пабудовамі, якія знаходзіліся на яе тэрыторыі, а таксама складзены іх вопіс.
У той жа час на вінакурным заводзе быў устаноўлены паравы кацёл — аб гэтым сведчыць дазвол фабрычнага інспектара Гродзенскага губернскага праўлення на яго ўстаноўку і справаздача аб выкананні работ. У справе ёсць таксама чарцёж каменнай прыбудовы да ўжо існуючага будынка вінакурнага завода, у якім меркавалася размяшчэнне рэктыфікацыйнай вытворчасці. У «Тлумачальнай запісцы», якая была складзена да праекта, утрымліваюцца звесткі і пра іншыя будынкі, электраэнергію для якіх павінна была пастаўляць дынамамашына, вырабленая на фабрыцы «Уніснь» у Берліне. Паколькі агляд электрычнай устаноўкі губернскім архітэктарам Плотнікавым парушэнняў не выявіў, можна сцвярджаць, што ў 1900 г. у Закозелі наступіла эра электрычнасці.
У 1921-39 гг. Закозель у складзе Польшчы, у Валавельскай гміне Драгічынскага павета Палескага ваяводства. У 1921 г. фальварак Закозелы, 14 двароў, 423 жыхары, з якіх 132 праваслаўныя. У 1930-я гг. – 10 двароў. З 04.12.1939 г. у БССР, у Драгічынскім павеце Пінскай вобласці. З 15.01.1940 г. у Драгічынскім раёне, з 12.10.1940 г. у Валавельскім с/С, 10 двароў, 55 жыхароў, вінзавод (6 рабочых), паравы млын (12 рабочых). У Вялікую Айчынную вайну тут знаходзіўся нямецкі гарнізон, разгромлены партызанамі ў 1942 і 1943 гг. у вайну загінулі 11 воінаў і партызан-ураджэнцаў вёскі. У 1945 г. аднавіў працу спіртзавод. З 1954 г. у Літоўскім с/С Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, пасёлак. У 1960 г. – 243 жыхары; у 1970 г. – 461 жыхар, цэнтр саўгаса “Закозельскі”. З 21.12.1970 г. цэнтр Закозельскага с/С. У 1979 г. далучана в. Гурка. У 1995 г. – 310 двароў, 732 жыхары. Размешчаны аддзяленне сувязі, аддзяленне Беларусбанка, клуб, бібліятэка, 2 магазіны, 2 камерцыйныя крамы. Магіла ахвяр фашызму, помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, мемарыяльная дошка партызанам атрадаў імя А.В. Суворава і М.Ц. Шыша Пінскага партызанскага злучэння, якія ў 1942-43 гг. тройчы знішчалі тут фашысцкія гарнізоны.
У 2005 г. – 280 гаспадарак, 744 жыхары. У гэтым жа годзе вёска Закозель атрымала статус аграгарадка. У 2023 г. – 213 гаспадарак, 462 жыхара.