Вёска, цэнтр Папінскага с/С і СВК «Пенякова». За 9 км на Поўдзень ад Драгічына, 129 км ад Брэста, 10 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын (на лініі Брэст-Гомель), на аўтадарозе Драгічын-Дзівін.
Вёска ўзнікла ў 1930-я гг. на месцы былой калоніі Папіна, якая была перайменавана ў в. Новая Папіна (калонія Папіна ўтварылася з пасяленцаў, якія выкупалі лепшыя землі на адлегласці 2-3 кіламетры ад вёскі Папіна). У 1939 г. у калоніі Папіна 119 двароў, 595 жыхароў.
У Вялікую Айчынную вайну з фронту не вярнуліся 7 землякоў: Грушко К.Я. нар. у 1907 г., загінуў 18.03.1945 г. у Венгрыі; Ігнацюк І.І. нар. у 1924 г., прапаў без вестак; Ігнацюк М.І. нар. у 1923 г., загінуў 03.03.1945 г. у Германіі; Ігнацюк У.І. нар. у 1926 г., прапаў без вестак ў студзені 1945 г.; Падкасік М.І. нар. у 1923 г., загінуў 02.02.1945 г. у Германіі; Свіціч І.К. нар. у 1908 г., загінуў 08.03.1945 г. у Польшчы; Шыдлоўскі М.П. нар. у 1918 г., загінуў 15.04.1945 г. ва Усходняй Прусіі..
У 1950 г. створана Акцябрская МТС. У 1970 г. вёска Новая Папіна, 541 жыхар. У 1995 г. – 292 двары, 984 жыхары. Размешчаны сярэдняя школа, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, філіял Беларусбанка, дзіцячы сад, 3 магазіны, сталовая, лясніцтва, малочнатаварная ферма, машынны двор, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, лазня, сельскі Дом культуры. Магіла ахвяр фашызму, помнік землякам, якія загінулі ў ВАВ. У 2005 г. 306 двароў, 942 жыхары. З 2009 года вёсцы Новая Папіна быў нададзены статус аграгарадка.
Вёска Папіна займае выгаднае становішча. Тут няма прамога «выхаду да мора», але ж тое, што аўтамабільная дарога Драгічын-Ражное праходзіць праз яе цэнтральную вуліцу ім. Леніна – абавязвае трымаць «твар» у належным стане. Чысценькія вуліцы, сучасныя агароджы, дамы, ля якіх вырошчваюць кветкі, прыгожыя газоны – гэта наводзіць на думку, што вёска не старая. Ды і назву да яе прыстасавалі – Новая Папіна. Хоць частка дамоў, якія зараз размешчаны ў самым цэнтры, з’яўляюцца спадкамі старых усадзьбаў. Не поўных 500 год мае вёска (1522 г. можна лічыць годам утварэння в. Папіна). Нібы маці (Папіна) дачцэ (Новая Папіна), вёска дала жыццё. Спачатку 1930-х гг. пачала засяляцца, як «калонія», пакуль не пераўтварылася ў прыгожую вёску, з шматлікімі вуліцамі і брукаванай дарогай, затым у 80-я гг. з асфальтаваным шасэ.
Многа вады ўцякло з тае пары… Не адно пакаленне выгадавалася. Шмат якіх з’яў: гістарычных, і проста вясковых, пабачылі землі вёскі. Бо ўсё праходзіць – адна зямля застаецца нязменнай. А старажылы, якія пражываюць у вёсцы, нягледзячы на свой узрост, сцвярджаюць, што зараз стала лепш жыць, весялей, многа ёсць магчымасцей для таго, каб пабудаваць сваю хату – не горшую за панскую: самі сабе гаспадары.
Знікаюць з паверхні зямлі пабудовы, сведкі свайго часу. У 1972-73 гг. насельніцтва вёскі было вялікім, больш за 1000 чалавек. Школа, якая была прыстасавана ў былых панскіх пабудовах, патрабавала павялічэння плошчы. Для навучання дзяцей у групах падоўжанага дня патрэбны былі дадатковыя памяшканні. Працавала вячэрняя школа і ў дзве смены праводзілась навучанне. Таму ўсе старыя пабудовы былі прыстасаваны для навучання.
На тэрыторыі школы, (пад час раскопак былых цагляных пабудоў XVIII-XIX ст.), былі знойдзены манеты, выпушчаныя да 1800 г. З 1970 г. была прыбудавана 8 кабінетаў да старой школы, але і іх не хапала. Заняткі праходзілі ў дзве змены. I таму ўсе марылі пра заняткі ў вялікім будынку. I вось, праз трыццаць год, у 2001 г., была ўведзена ў строй новая, трохпавярховая школа. На сённішні дзень – школа з’яўляецца самым прыгожым будынкам у аг. Новая Папіна.
Доўгі час цэнтр вёскі захоўваў сляды старога часу. Ды, з цягам часу, былыя будынкі пачалі траціць сваю прывабнасць. Іх рамонт было рабіць немэтазгодна. Таму колішнія пабудовы, зробленыя з цэглы, былі знесены (кузня, калгасныя майстэрні, школьныя майстэрні). Гэтыя змяненні праходзілі паэтапна – у 1973 г., у 1987 г., у 2000 г., у 2008 г.
У 2008 г. быў знесены і будынак колішняга касцёла, перабудаванага ў 1956 г. у сельскі Дом культуры. А на месцы знесеных пабудоў пасаджаны дрэўцы бяроз. У 2009 г. пасля рэканструкцыі, сельскі Дом культуры пераехаў ў другі будынак. У 1987-1991 гг. вяліся безвыніковыя работы па ўзвядзенню будынка сельскага Дома культуры: шыкоўнага, вялікага з будучым басейнам і спортзалам, ды час палітычных перамен перашкодзіў весці яго пабудову. У адзін год было ўсё пабудаванае разбурана і, як і не было, амаль пабудаванага будынка.
Дырэктар Папінскай школы Тынковіч А. М., нягледзячы на ўсе цяжкасці, здолеў пабудаваць новую школу, за фінансаванне якой прыходзілася змагацца… Многія нават не прадстаўляюць як пабудаваць сабе хату – не тое, што трохпавярховую школу. А дырэктар Папінскай сярэдняй школы, Тынковіч А.М., давёў пачатую справу да канца. Новая школа дзейнічае ўжо амаль 20 год.
Як былі зроблены праекты пабудовы чатырох двухпавярховых катэджаў па вуліцы Камсамольскай – невядома, але яны прымасціліся як раз на тым самым месцы, дзе раней працякала рэчка. 3 году ў год вада не давала жыхарам гэтых дамоў выкарыстоўваць свае падворкі, падвалы і іншыя гаспадарчыя пабудовы, па іх непасрэднаму прызначэнню. Толькі ў 2014 г., нарэшце, быў зроблены адвод вады ў другую рэчку. Многа грошай ды працы было патрачана, а магло б быць усё так, як стварыла прырода.
У вёсцы ёсць сельскі Савет, трохпавярховая сярэдняя школа, некалькі магазінаў, сталовая, пошта, двухпавярховы дзіцячы сад і двухпавярховы СВА (сельская врачэбная амбулаторыя), лазня, бібліятэка, будынак Беларусбанка, двухпавярховы будынак СПК «Пенякова», першы паверх, якога з 2009 г. заняты пад СДК.
У 2005 г. – 306 двароў, 942 жыхары. У 2023 г. – 296 гаспадарак, 772 жыхара.