Францішак Марыян Віславух (польскі вайсковы дзеяч, пісьменнік, мастак)
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Францішак Марыян Віславух (польскі вайсковы дзеяч, пісьменнік, мастак)

Назад

Францішак Марыян Віславух (польскі вайсковы дзеяч, пісьменнік, мастак)

Францішак Марыян Віславух (польскі вайсковы дзеяч, пісьменнік, мастак)

Францішак Марыян Віславух

Францішак Марыян Віславух (Выславух) нарадзіўся 24 верасня 1896 г. у вёсцы Пярковічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у заможнай польскай сям’і. Шляхецкі род Віславухаў вядомы з пачатку ХVІ ст. Бацька, Антоній Віславух (1864-1940), быў гісторыкам, бібліяфілам, настаўнікам Брэсцкай гімназіі. У сям’і было дзевяць дзяцей.

У Пярковічах захаваўся сядзібна-паркавы ансамбль Віславухаў, палац быў пабудаваны на пачатку ХIХ ст. – помнік архітэктуры позняга класіцызму. Тут прайшло дзяцінства Францішка Віславуха. У Варшаве ён скончыў сярэднюю школу і паступіў у Акадэмію мастацтваў. У 1914 г. царскія ўлады маладога вольналюбівага чалавека саслалі ў Вятку. Праўда, прабыў там нядоўга – уцёк на радзіму.

У час Грамадзянскай вайны ён уступіў у Польскі легіён, удзельнічаў у савецка-польскай вайне 1919-1921 гг. Потым быў выкладчыкам вышэйшага вайсковага каледжа. У канцы 1920-х гг. яго накіроўваюць у корпус памежнай аховы. Праходзячы ў ім службу, ён аб’ездзіў усю Заходнюю Беларусь.

Другую сусветную вайну Ф. Віславух сустрэў у чыне маёра ў г. Гродна. Польская Рэспубліка не вытрымала маланкавага ўдару немцаў і неўзабаве капітулявала. Разам з рэшткамі польскай арміі Францішак Віславух праз Швецыю накіроўваецца ў Францыю. Тут ён уступае ў Польскі армейскі корпус і прымае ўдзел у вайне Францыі з фашысцкай Германіяй. Але і гэтая барацьба хутка скончылася паражэннем французаў.

Ф. Віславух апынуўся ў Англіі. Неўзабаве саюзнікі распачалі баявыя дзеянні ў Афрыцы. Францішка Віславуха прызначылі начальнікам штаба цэнтра падрыхтоўкі запасу корпуса генерала Андэрса. Калі пачаліся цяжкія баі ў Італіі пад Мотэ-Касіна, генерал Андэрс кінуў у гэтае пекла ўсе рэзервы. Разам са сваімі жаўнерамі Ф. Віславух прайшоў франтавымі дарогамі Італіі да самай Перамогі.

Пасля вайны Ф. Віславух пасяліўся ў Англіі. Некаторы час быў палкоўнікам Брытанскіх Узброеных Сіл. Пасля выхаду на пенсію займаўся сваёй любімай справай – маляваў карціны і пісаў апавяданні.

Скразным вобразам усіх мастацкіх твораў Францішка Віславуха з’яўляецца Палессе. У Лондане падрыхтаваў да выдання тры зборнікі сваёй лірычнай прозы: «Палескія апавяданні» (1968), «На сцежках Палесся» (1976) і «Рэха Палесся» (1979), якія сталі гімнам роднаму краю. Змест шматлікіх твораў адлюстравана ў іх назвах: «Ваўкі», «Імператар пушчаў», «Князь балот», «Пералескі», «Забабоны», «Могілкі», «Максім са Старога Сяла», «Вечнае жыццё».

Мемуарны аповед Францішка Віславуха грунтаваны на асабістых уражаннях і ўласным досведзе. Аўтар звяртаецца да тэмы, якая складае любоў ягонага жыцця – да Палесся. У сваіх аўтабіяграфічных апавяданнях ён апісвае маляўнічыя вобразы гэтага рэгіёну і ягоных жыхароў з міжваеннага перыяду, рысы іх характару, побыт і звычаі. Асноўнымі рысамі палешукоў аўтар называе асцярожнасць, да якое змушае навакольная прырода, звязаны з ёю недавер і нелюбоў да зменаў, а таксама схільнасць замыкацца ў сабе. Шматвекавая барацьба за існаванне сярод пушчаў і дрыгвы выпрацавала ў гэтых людзей такія рысы характару, як кемлівасць, самадастатковасць, адвага. Трапнасцю вызначаюцца назіранні і апісанні Ф. Віславуха, якія тычацца земляробства на Палессі, стаўлення насельніцтва да ўладаў і чужых людзей, адносінаў да прыроды.

23 сакавіка 1978 г. сэрца пісьменніка спынілася. Пахавалі яго ў Лондане.

Яго малодшы брат, Севярын Віславух (1900-1968), аўтар даследаванняў па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. У 1927-1939 гг. – навуковы супрацоўнік універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, пасля вайны – прафесар права і гісторыі (1945) і рэктар (1947-1952) Вроцлаўскага універсітэта, у 1956-1958 гг. – дэкан юрыдычнага факультэта. Заснавальнік і дырэктар (1949-1953) Вроцлаўскага філіяла Заходняга інстытута, адзін з заснавальнікаў Сілезскага інстытута ў Аполі.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?