Царква ў імя Святога Архангела Міхаіла вёскі Гутава
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Царква ў імя Святога Архангела Міхаіла вёскі Гутава

Назад

           У 1712 г. уніяцкая царква ў Гутаве атрымала фундуш ад караля Рэчы Паспалітай, у 1745 – ад Пратасевічавай, у 1762 – ад Шпілеўскага. Першую з гэтых дат з вялікай верагоднасцю можна лічыць часам заснавання святыні. З сярэдзіны XIX ст. улады мелі намер замяніць старую царкву. Яе праект, выкананы ў класіцыстычных ордарных формах у 1854 г., не задаволіў царкоўную адміністрацыю, якая запатрабавала, каб царковнае будаўніцтва вялося па «узорных чарцяжах» – у тыповых спрошчаных формах рэтраспектыўна-рускай архітэктуры. Закладка чарговай драўлянай Свята-Міхайлаўскай царквы адбылася 3 чэрвеня 1891 г. з удзелам Іванаўскага благачыннага Антонія Саковіча.

         Будынак меў плошчу 210 кв. м. Сродкі на будаўніцтва асігнаваліся ўрадам, але яшчэ да атрымання дзяржаўнай дапамогі вернікі сабралі 2 тысячы рублёў. Праект склаў губернскі архітэктар Залатароў. У 1893 г. царква належала да Іванаўскага благачыння, была бедная начыннем, мела 47 дзесяцін зямлі, у тым ліку 27 ворнай і 17 сенакоснай. За адышоўшую ў казну зямлю храм атрымліваў 11 руб. 68 кап. Святар жыў у старым доме, пры якім былі такія ж гаспадарчыя пабудовы. У 1944 г. снарадам быў пашкоджаны прастол і алтарная частка царквы.

         У 1947 г. па тыпавым дагаворы святыню перадалі вернікам. Паводле вопісу маёмасці, зробленага ў гэты час, на горнім месцы знаходзіўся абраз «Маленне пра чашу». Адзначаны 1 звон вагой 6 пудоў, 2 абразы аднолькавага памеру – архангела Гаўрыіла і архістраціга Міхаіла. У двух’ярусным іканастасе з багетным упрыгожваннем і разьбою злева і справа ад райскіх дзвярэй знаходзіліся выявы Багародзіцы з Немаўлём і Збавіцеля (абедзве памерам 1,2*0,75), на паўночным і паўднёвым уваходах у алтар – абразы святых Стэфана і Міхаіла (1,5*0,75). У другім ярусе месціліся адлюстраванні Тайнай вячэры, Госпада Саваофа, апосталаў Пятра і Пашла. На клірасе – 6 абразоў «добрага жывапісу» памерам 1*0,75 м, а таксама 4 абраза «старога жывапісу» (з іх 2 – у ківотах), абразы на палатне (1*1,25 м) у 3 ківотах.

          У 1960 г. упаўнаважаны па справах РПЦ пры Савеце Міністраў СССР па Брэсцкай вобласці хадайнічаў аб зняцці з ліку дзеючых цэркваў у вёсцы Гутава. У гэтым жа годзе з Масквы быў атрыманы дазвол на зняцце з уліку дзеючых цэркваў і 5 красавіка 1960 г. Свята-Міхайлаўская царква ў вёсцы Гутава была знята з ліку дзеючых цэркваў.

        Па ўспамінах жыхара вёскі Агдэмер Мікалая Васільевіча Шэляговіча, 1934 г. н., у вельмі сухім жніўні 1962 г. храм падпалілі дзеці. Высокае полымя ахапіла царкву каля 14-15 гадзін. Падняўся вецер і занёс агонь на суседнія хлявы, некалькі з якіх таксама згарэлі. Жыхары суседніх вёсак назіралі густыя слупы цёмнага дыма, якія пагрозліва ўзнімаліся ў неба. Сумная навіна пра гібель святыні хутка разнеслася па наваколлі. Пазней на месцы, дзе стаяла бажніца, пабудавалі сельскі клуб.

         Старая царква засталася толькі на адзіным фотаздымку, на карціне, напісанай пратаірэем Міхаілам Сазановічам, які шмат гадоў служыў у суседнім прыходзе – у царкве вёскі Вавулічы.

Царква ў імя Святога Архангела Міхаіла

 

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?