Клімчук Віктар Ігнатавіч. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся 28 кастрычніка 1946 года ў вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёна. Пасля смерці бацькі сям’я перехала ў Рассію. Вышэйшую рэжысёрскую адукацыю Віктар Ігнатавіч атрымаў у Куйбышаўскім дзяржаўным інстытуце культуры. З 1985 г. з’яўляўся рэжысёрам Віцебскай лялечнай трупы пры Беларускім тэатры імя Якуба Коласа.
З 1990 г. – мастацкі кіраўнік створанага на аснове лялечнай трупы Беларускага тэатра «Лялька».
Вядзе граматную рэпертуарную палітыку тэатра. У афішы Беларускага тэатра «Лялька» больш за 25 спектакляў для гледача рознага ўзросту, а таксама для дарослых. Строга вытрымліваецца чарговасць пастановак у залежнасці ад патрэб горада. Асаблівае месца ў рэпертуарнай палітыцы мастацкага кіраўніка займае зварот да нацыянальнай драматургіі, які спрыяе развіццю нацыянальных п’ес.
У 1996 годзе стаў лаўрэатам прэміі «Сузор’е муз» і атрымаў званне «Чалавек года» ў намінацыі «Тэатральная творчасць» за вялікі ўклад у развіццё Беларускага лялечнага мастацтва. У рэпертуары В. І. Клімчука ёсць замежныя, айчынныя, сучасныя, класічныя, фальклорныя і аўтарскія творы. Спектаклі ў пастаноўцы В. І. Клімчука неаднаразова ўдзельнічалі ў фестывалях. Найбольш значныя сярод іх: «Дзед і Жораў» В. Вольскага (1987, г. Гродна), «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П. Сіняўскага (1990), «Папялушка» Я. Шварца (1993), «Хлопчык–Зорка» О. Уайльда (1995). Спектаклі Віктара Ігнатавіча Клімчука вылучаюцца высокай эстэтыкай, мастацкім густам, разнапланавасцю. Спектакль «Чароўная зброя Кэндзо» адзначаны Гран-пры на міжнародным фестывалі «Белая Вежа» (1998, г. Брэст) і прызам за высокія творчыя дасягненні на міжнародным фестывалі ў Субоціцы (2000, Югаславія).
У 1998 годзе рэдакцыяй газеты «Культура» Віктару Ігнатавічу было прысвоена спецыяльнае званне «Рыцар тэатра», як самаму яркаму тэатральнаму дзеячу года.
У 1999 годзе было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь».
Аб вялікім аўтарытэце Віктара Клімчука на міжнародным узроўні сведчаць неаднаразовыя запрашэнні да ўдзелу ў складзе журы міжнародных фестываляў: член журы фестывалю «Белая Вежа», г. Брэст, член журы фестывалю ў Субоціцы (Югаславія), старшыня міжнароднага журы ў Субоціцы (Сербія і Чарнагорыя). З 2015 года Віктар Ігнатавіч Клімчук узначальвае таксама Белгародскі дзяржаўны тэатр лялек (Расія).
Літаратура
- Віктар Ігнатавіч Клімчук // Культура беларусі: энцыклапедыя. Т. 4 / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў (гал. рэд.) [ і інш.]. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2013.— С. 495.
- Клімчук Віктар Ігнатавіч // Тэатральная Беларусь: у 2 т. Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2003 . — Т. 1 . — С. 526.
- Беларускі тэатр “Лялька” // Тэатры Беларусі. Мінск : Беларуская навука, 1998. — С. 85.
- Віктар Ігнатавіч Клімчук // Каляндар знамянальных і памятных дат на 2016 год / ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», Аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. — Віцебск, 2015. — С. 147-148.