Васілій Антонавіч Гарбачук нарадзіўся 14 жніўня 1930 г. у вёсцы Суботы Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1952 г. паехаў у г. Данецк (Украінская ССР), уладкаваўся рознарабочым у трэст «Донецкметаллургстрой». У 1953 г. паступіў у Данецкі індустрыяльны інстытут.
Пасля заканчэння інстытута Васілій Гарбачук быў накіраваны на Тарэзскі электратэхнічны завод (Данецкая вобласць), дзе прайшоў пасады ад інжынера-канструктара да галоўнага інжынера.
У 1965 г. В. А. Гарбачук пераехаў у Брэст, куды быў запрошаны на будуемы электралямпавы завод. Заняў пасаду намесніка дырэктара, якім тады працаваў Анатоль Андрэевіч Пятроў. Брэсцкі электралямпавы – першае ў рэспубліцы прадпрыемства па вырабу электрычных лямпаў рознага прызначэння. Пасля ўводу ў эксплуатацыю элетралямпавага завода (1966) В. А. Гарбачук перайшоў працаваць намеснікам дырэктара ў Брэсцкія электратэхнічныя майстэрні (з 1976 г. – электратэхнічны завод).
У лютым 1970 г. у Брэсце быў заснаваны завод бытавой хіміі, яго першым дырэктарам назначылі В. А. Гарбачука, якому з нуля давялося пачынаць будаўніцтва прадпрыемства, стварэнне працоўнага калектыву. Адміністрацыя будучага завода размясцілася ў трох пакоях па вул. Савецкіх Пагранічнікаў. Будаўнiцтва завода пачалося ў студзені 1971 г. на паўночнай ускраiне горада, за былой вёскай Лысая Гара, якая ў рысу горада ўвайшла ў 1958 г.
У лiпенi 1972 г. уведзены ў эксплуатацыю першы аб’ект завода – трансфарматарная падстанцыя. Да канца года былi пабудаваны вытворчыя карпусы, кацельная, кампрэсарная станцыя, адмiнiстрацыйны корпус, корпус бытавых памяшканняў. На канец 1972 г. на заводзе працавали 42 работнікі. Першая чарга завода здадзена ў эксплуатацыю ў 1973 г., другая – у 1975 г. Завод уваходзiў у склад Усесаюзнага аб’яднання па вытворчасцi тавараў бытавой хiмii «Саюзбытхiм».
Першая прадукацыя выпушчана 27 снежня 1973 г. – сiлiконавая смазка ў аэразольнай ўпакоўцы «Си–15–02» для патрэб прамысловасцi. У 1975 г. асвоены выпуск тавараў народнага спажывання: лак для валасоў «Прелесть», паста «Сюрприз» i iнш. У 1977 г. пабудаваны цэх па выпуску клеяў у тубах.
У 1983 г. на заводзе працавалi 878 чалавек – максiмальная колькасць за яго гiсторыю. Асноўная прадукцыя ў 1980-я гг.: тавары бытавой хiмii ў аэразольнай упакоўцы, сiнтэтычныя мыючыя сродкi. Карысталіся попытам лак для валасоў «Прелесть», сродак для хуткай укладкі валасоў «Завиток», ласьён «Орфей», антыстатык «Лана-1», дэзадаранты, мыючыя пасты «Сюрприз», «Пальмира», вадкавыя сродкi «Олан», «Жемчуг», чысцячы сродак для шкла «Секунда-12», клей унiверсальны «Бустилат-М», клей водаўстойлівы «Феникс» i iнш.
21 вiд прадукцыi выпускаўся з дзяржаўным Знакам якасцi. Завод быў пастаянным удзельнікам міжнароднага хімічнага кірмашу «Інхеба» ў Браціславе (ЧССР). За высокія паказчыкі калектыву Брэсцкага завода бытавой хіміі тройчы прысуджаліся дыпломы пераможцаў ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве з уручэннем пераходзячага Чырвонага сцяга ЦК КПСС і занясеннем на Усесаюзную дошку пашаны на ВДНГ СССР.
Васілій Антонавіч выбіраўся дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў. Вялікую ўвагу надаваў паляпшэнню сацыяльна-бытавых умоў для работнікаў завода. Вёска Дуброўка ўвайшла ў межы горада 4 снежня 1979 г. У мікрараёне «Дуброўка» завод меў дзiцячы сад, Дом культуры, бiблiятэку, будаваў кватэры для сваiх работнiкаў. Першы жылы дом на 120 кватэр узведзены ў 1974 г., наступныя здалі ў эксплуатацыю ў 1975, 1976, 1980, 1982 і 1985 гг.
У студзені 1991 г. Васілій Антонавіч пакінуў пасаду дырэктара завода бытавой хіміі, але не парываў сувязей з працоўным калектывам, удзельнічаў у яго жыцці. Узнагароджаны медалямі «За трудовое отличие», «За трудовую доблесть», «Ветеран труда», значком «Отличник химической промышленности СССР».
В. А. Гарбачук памёр 18 лістапада 2007 г., пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска новая» (сектар 10, рад 61, месца 4).
Літаратура
- Брэсцкі завод бытавой хіміі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 295.
- Брестский завод бытовой химии / Д. И. Смолей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 175.
- Брестский завод бытовой химии // Республіка Беларусь : энціклопедія : [в 7 т.]. Мінск, 2006. Т. 2. С. 518.
- Бытовой химии завод // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 167.
- Брестский завод бытовой химии // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 2. С. 106–107.
- Брэсцкі завод бытавой хіміі // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1979. Т. 2. С. 127.
- Брэсцкі электратэхнічны завод. Брэсцкі электралямпавы завод // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 483–485.
- Дуброўка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 468.
- Горбачук Василий Антонович : [некролог] // Вечерний Брест. 2007. 21 ноября. С. 31.
- Гомонов, И. Не уронить своей марки : проблемный репортаж [с Брестского завода бытовой химии] / И. Гомонов // Заря. 1988. 7 сентября.
- Карпинчик, В. По безотходным технологиям : [о Брестском заводе бытовой химии] / В. Карпинчик // Советская Белоруссия. 1983. 15 ноября.
- Ляшевич, Т. На работе – работать : [о Брестском заводе бытовой химии] / Т. Ляшевич // Заря. 1983. 14 сентября.
- Социалистические обязательства коллектива Брестского завода бытовой химии на 1983 год // Заря. 1983. 21 января.
- Дмитриев, В. Товары, нужные всем : [о Брестском заводе бытовой химии] / В. Дмитриев // Заря. 1982. 29 мая.
- Леонтьев, М. Знамя вручено : [о Брестском заводе бытовой химии] / М. Леонтьев // Заря. 1982. 3 марта.
- Яскович, В. Здесь работают… волшебники : [о Брестском заводе бытовой химии] / В. Яскович // Заря. 1981. 10 сентября.
- Малашевский, В. Химия – в быт : [о Брестском заводе бытовой химии] / В. Малашевский // Заря. 1975. 18 октября.
- Шостак, Д. Первый в республике : [о Брестском заводе бытовой химии] / В. Шостак // Заря. 1975. 24 мая.