Уладзімір Андрэевіч Мішчанчук нарадзіўся 5 жніўня 1946 года ў вёсцы Валавель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У школе Валодзю навучылі любіць літаратуру, тэатр, ахвотна наведваў тэатральны гурток, канешне, любіў кіно.
У 1962 годзе закончыў сярэднюю школу, спрабаваў паступіць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, прайшоў тры туры, але не прынялі як непаўналетняга. На наступны год Уладзімір Мішчанчук паступіў на курсы пры Доме народнай творчасці ў Брэсце на танцавальнае аддзяленне, па заканчэнні працаваў як харэограф-пастаноўшчык ў Драгічынскім раённым Доме культуры.
У 1968 годзе Уладзімір Мішчанчук скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «Акцёр драматычнага тэатра і кіно» (педагогі А. І. Бутакоў, В. П. Рэдліх). З 1968 па 1985 год працаваў акцёрам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. У 1973 годзе, ва ўзросце 27-мі гадоў, быў прызначаны дырэктарам гэтага тэатра; стаў самым маладым дырэктарам тэатра ў СССР і першым акцёрам-дырэктарам у Беларусі.
Уладзімір Мішчанчук – характарны акцёр, творчасць якога адметная мастацтвам імправізацыі, разнастайнасцю сцэнічных фарбаў. Найбольш значныя ролі стварыў у камедыйным рэпертуары тэатраў. Шмат здымаўся ў кіно: «Водитель автобуса» (1983), «Паляванне на апошняга жураўля» (1986), «Тры талеры» (2005), «В июне 41-го» (2008) і інш. (усяго больш за 80 кінароляў).
З 1971 года з’яўляецца членам Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі. У 1977 годзе за творчыя поспехі ў развіцці тэатральнага мастацтва прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст БССР». За шматгадовую грамадскую дзейнасць па прапагандзе тэатральнага мастацтва ўзнагароджаны ганаровымі знакамі: «Отличник культурного шефства на селе» (1974), «Отличник культурного шефства над Вооружёнными Силами СССР» (1980), «Отличник милиции» (1982).
У 1985 годзе У. А. Мішчанчук пераведзены ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на пасаду загадчыка кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры. З 1990 года і па сенняшні дзень – дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 1994 годзе У. А. Мішчанчуку прысвоена вучонае званне дацэнта, у 2000 годзе – прафесара.
За час працы ў БДАМ у якасці педагога і мастацкага кіраўніка курсаў У. А. Мішчанчук выпусціў больш за 80 спецыялістаў у сферы тэатра, кіно і тэлебачання, якія паспяхова працуюць у творчых калектывах Беларусі, Расіі, Бельгіі, Італіі, Літвы. Многія з іх з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі міжнароных і рэспубліканскіх фестываляў, стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.
У. А. Мішчанчук з’яўляецца пераможцам конкурсу «Чалавек на сваім месцы» і ўзнагароджаны Ганаровай граматай і знакам «Лідэр года – 2001» Камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама. У 2001 годзе прысвоена званне лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «За сыгранныя ролі ў тэатры і кіно. За выхаванне падрастаючага пакалення творчай моладзі».
У 2002 годзе прафесару У. А. Мішчанчуку прысуджана Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за выдатныя дасягненні ў сферы прафесійнай дзейнасці ў намінацыі «За выхаванне творчай моладзі». Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2006), юбілейным медалём ЦК Прафсаюзаў работнікаў культуры «За доблестную работу» (2006), медалём Францыска Скарыны (2007), а таксама ганаровымі граматамі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусь – Расія, Міжнароднай акадэміі тэатра, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама, Першамайскага райвыканкама г. Мінска, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ЦК прафсаюзаў работнікаў культуры, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У. А. Мішчанчук неаднаразова з’яўляўся старшынёй і членам журы міжнародных і рэспубліканскіх тэатральных конкурсаў і фестываляў прафесійнай і дзіцячай творчасці ў Беларусі, Расіі, Украіне, Малдавіі, Турцыі, Швецыі, Германіі і інш. Уладзімір Андрэевіч з’яўляецца членам рэктарата і Савета Акадэміі, членам вучэбна-метадычнага Савета, старшынёй Савета тэатральнага факультэта, членам камісіі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
У. А. Мішчанчук сістэматычна выступае ў перыядычным друку, на беларускім тэлебачанні і радыё з палемічнымі і інфармацыйнымі паведамленнямі аб праблемах і дасягненнях у тэатральным жыцці і аб выхаванні творчай моладзі. Вядучы майстар сцэны ў Тэатры-студыі кінаакцёра пры кінастудыі «Беларусьфільм», сістэматычна здымаецца ў кіно, на тэлебачанні, выступае на беларускім радыё.
Сын, Андрэй Уладзіміравіч, закончыў аддзяленне тэлерэжысуры Акадэміі мастацтваў, займаецца спартыўнымі праграмамі на Беларускім тэлебачанні. Дачка, Кацярына Уладзіміраўна, стала вядомай скрыпачкай, лаўрэатам міжнародных конкурсаў, працавала ў Маскве ў «Вивальди-оркестре», іграла ў дзяржаўным сімфанічным аркестры «Новая Россия», але вярнулася ў Мінск.
- Мішчанчук Уладзімір Андрэевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2014. Т. 5. С. 605–606.
- Мищанчук Владимир Андреевич // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 97.
- Мішчанчук Уладзімір Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыяў : у 18 т. Мінск : БелЭн, 2000. Т. 10. С. 493.
- Уладзімір Андрэевіч Мішчанчук // Памяць. Гродна : гіст.-дакум. хроніка. Минск, 1999. С. 628.
- Уладзімір Андрэевіч Мішчанчук // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Драгічынскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1997. С. 432.
- Мішчанчук Уладзімір // Гісторыя беларускага тэатра : у 3 т. Мінск : Навука і тэхніка, 1987. Т. 3. С. 347–348.
- Мішчанчук Уладзімір Андрэевіч / Н. В. Трацэўская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусмі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 653.
- Уладзімір Мішчанчук // Тэатральныя пуцявіны / Ю. М. Сохар. Мінск : Тэхнапрынт, 2003. С. 362–370.
- Мішчанчук Уладзімір Андрэевіч // Тэатральная Беларусь : у 2 т. Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2003. Т. 2. С. 142.
- Мішчанчук,У.А. У адказе разам / У. А. Мішчанчук // Сучасны беларускі тэатр: здабыткі, праблемы, перспектывы. Минск : БДАМ, 2008. С. 59–65.
- Мищанчук,В.А. Театральная и кинематографическая школы Беларуси в контексте европейской культуры / В. А. Мищанчук // Актуальные проблемы искусства и современной художественной школы Беларуси в условиях глобализации культуры : материалы Междунар. науч.-теор. конф. Минск 2006. С. 6–
- Мищанчук,В.А. Психофизический тренинг : учебно-методическое пособие (заочная форма обучения) / В. А. Мищанчук. – Минск : БГАИ, 2000. – 28 с.
- Мищанчук,В.А. Мастерство актёра : учебно-методическое пособие / В. А. Мищанчук. – Минск : БГАИ, 2000. – 109 с.
- Мищанчук, В. А. Экран не даст соврать / В. А. Мищанчук ; [интервью взяла] Ирина Овсепьян // СБ. Беларусь сегодня. 2016. 5 августа (№ 149). С. 8–9.
- Мішчанчук, У. А. Мая акадэмія : Наш пчаліны вулей / Уладзімір Мішчанчук ; запісала Таццяна Януковіч // Полымя. 2015. № 9. С. 147–49.
- Сталярова, В. Лекі ад абыякавасці : Уладзімір Мішчанчук у Акадэміі і на сцэне / Вольга Сталярова // Мастацтва. № 8. C. 18–19. (Артэфакты).
- Пепеляев, В. В профиль и без фраз : [об актёре и педагоге В. А. Мищанчуке] / Валентин Пепеляев // СБ. Беларусь сегодня. 2011. 10 августа. C. 11.
- «Апгрэйд» свядомасці супраць уцечкі «залатога запасу» : [тэму мастацкай адукацыі абмяркоўваюць кіраўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў] // Культура. 2009. № 49. C. 4–5. («Круглы стол» «К»).
- Грамыка, Л. Уладзімір Мішчанчук. Вучыць хадзіць і… лятаць : [iнтэрв’ю з беларус. акцёрам i дэканам тэатр. факультэта Акадэмii мастацтваў] / Людміла Грамыка // Мастацтва. 2007. № 5. С. 20–24.
- Сидоренко, А. Владимир Мищанчук. Монолог / Антон Сидоренко // На экранах. 2006. № 7. C. 4–8. (Браво, маэстро!).
- Мішчанчук, У. «Хоць яны і чужыя дзеці, але усё роўна мае…» : / Уладзімір Мішчанчук ; гутарыла Таццяна Кляновіч // Беларуская думка. 2005. № 10. С. 139–146.
- Владимир Мищанчук. Высокая нота / Валентин Пепеляев // На экранах : ежемесячный киножурнал / учредитель Республиканское унитарное предприятие «Издательство «Белорусский Дом печати». — 2021. — № 7. — С. 18—21, 1-я с. обложки.
- Березинская рампа [Изоматериал]: IX областной фестиваль народных театров: 28―30 ноября 2014 г.: [буклет] / Главное управление идеологической работы, культуры и по делам молодежи Минского облисполкома, Государственное учреждение «Минский областной центр народного творчества», Березинский райисполком. — [Беларусь : б. и., 2014]. — 2 л. (слож. и частично сброшюрованных).
- Чароўны куфэрак [Выяўленчы матэрыял]: IX абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці: даведнік: 28―30 сакавіка 2013 года: [буклет] / Упраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, Дзяржаўная ўстанова «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці», Аддзел культуры Любанскага райвыканкама. — [Беларусь : б. в., 2013]. — 3 л. (складз. і часткова збрушараваны).
- Березинская рампа [Изоматериал]: X областной фестиваль народных театров: 9―11 декабря 2016 г.: [буклет] / Главное управление идеологической работы, культуры и по делам молодежи Минского облисполкома, Государственное учреждение «Минский областной центр народного творчества», Березинский районный исполнительный комитет. — [Беларусь : б. и., 2014]. — 2 л. (слож. и частично сброшюрованных).