Пётр Сцяпанавіч Мыслівец належыць да той кагорты мастакоў, якіх Бог шчыра надзяліў талентам. Нарадзіўся ён 1-га ліпеня 1938 г. у Драгічыне ў сям’і рабочага-цесляра. У 1945 г. Пеця пайшоў у першы клас Драгічынскай СШ № 1. Ён вельмі любіў урокі малявання ў пачатковых класах. Вайна ж паспрыяла таму, што часта маляваў танкі, самалёты. А паветраны бой, які назіраў хлапец над Драгічынам у канцы вайны, намаляваў потым у школе, недзе ў трэцім класе, чым вельмі ўсхваляваў настаўніцу, якая сказала: «Быць табе, Пеця, мастаком!» Неяк паспрабаваў акварэльнымі фарбамі стварыць нескладаны пейзаж: рэчка, адзінокае дрэва і сонейка, якое заходзіць за лес. Маці вельмі спадабалася «карціна» і яна павесіла яе дома на цвічок. У дзесятым класе ўзнікла раптам дзіўнае захапленне: пачаў капіраваць карціны Шышкіна, Левітана, Саўрасава…
У канцы 1957 г. юнак закончыў Драгічынскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі і набыў прафесію трактарыста, камбайнёра, слесара. У пачатку 1958 года ён з групай моладзі едзе на цалінныя землі. Потым былі бяскрайнія прасторы казахскіх стэпаў, а затым, калі пайшоў у армію (канец 1959), — таямнічая ўсходняя тайга і велічныя сопкі Сіхатэ-Аліня. Армейскую службу ён пачаў у авіяцыйным палку ў роце аховы, а прадоўжыў ў ракетным палку. Менавіта ў гэтыя гады, лічыць Мыслівец, штосці абудзілася ў яго душы. Але канчаткова сіла мастацтва запаланіла яго, калі стаў пасля арміі працаваць шафёрам у родным Драгічыне. У адзін з далёкіх рэйсаў звярнуў Пятро ўвагу на іскрысты вадапад ля шлюза на Белаазёрскім канале. Купіў эцюднік, фарбы і… паспрабаваў нешта перанесці на паперу. Так нарадзілася першая пейзажная работа “Ля старога шлюза” ( 1971).
З того часу ў свой рэйс Мыслівец браў эцюднік і фарбы. Эцюдаў з’яўлялася ўсё больш і больш, карцін таксама. Узнікла жаданне падвучыцца. Паступіў (1971 ) ў Маскоўскі народны універсітэт мастацтваў імя Крупскай на завочны факультэт жывапісу і графікі. Вучоба захапіла. Старанна выконваў усе заданні, атрымліваў станоўчыя адзнакі. Пятру Мысліўцу пашанцавала ў тым, што з пачатку і да канца навучання яго выкладчыкам быў выдатны жывапісец і графік Аляксей Сямёнавіч Айзэнман, які заўважыў талент студэнта і змог накіраваць яго ў адпаведнае русла. У 1977 годзе Пётр Мыслівец закончыў Маскоўскі завочны ўніверсітэт мастацтва і стаў мастаком не толькі па прызванню, але і па адукацыі.
У 1972 годзе ўрачыста адзначаўся чарговы юбілей Пінска, якому і была прысвечана выстаўка творчасці самадзейных мастакоў Палесся. Сярод яе экспанатаў аматары жывапісу ўпершыню заўважылі і адзначылі пейзажныя работы Пятра Мысліўца. На ёй Драгічынскі мастак прадставіў карціны «Пара ружовых хмар» (1972 ), «Па-над Ясельдай» (1972 ), «Залатая восень» (1971),
якія зацікавілі не толькі наведвальнікаў, але і мастакоў-прафесіяналаў. У пачатку 1973 г. ўсе карціны Мысліўца экспануюцца на абласной выставе ў горадзе Брэсце, затым дзве —»Пара ружовых хмар» і «Па-над Ясельдай» — у Палацы мастацтваў у Мінску. Такі заслужаны поспех акрыліў пачынаючага мастака, натхніў на новыя творчыя поспехі. Пазней ён прымаў удзел ва Усесаюзнай выстаўцы “Слава працы” (1987), у выставе народнай творчасці ўмельцаў Брэстчыны ў Польшчы (1976), большасць карцін мастака пабывала на розных абласных і рэспубліканскіх выстаўках і прынесла мастаку вядомасць.
Перад сваім 60-годдзем Пётр Сцяпанавіч за тры гады (1995-1998) творчай працы напісаў такія творы, як “Сакавік. Ціхі дзень”, “Чэрвень сінявокі”, “Люты. Іней”, “Красавік. Прырода прабуджаецца”, “Май у Пярковічах”, “Жнівень. Туманы сцелюцца”, “Верасень. Прыбранае поле”, “Кастрычнік на Ясельдзе”, “Снежань. Спораўскія балоты”, “Восень у Янаве”, “Вясна ў Драгічыне”, “Вёсачка Залужская”, “Жыта і вербы”, “Старажытны Драгічын”, “Хутар у лесе” і іншыя. 50 палотнаў мастака размясціліся ў гарадскім Доме культуры. 50 палотнаў — 50 непаўторных куточкаў маленькай радзімы мастака. Належыць Пятру Сцяпанавічу і цэлы цыкл малюнкаў на тэму драўлянага дойлідства Драгічыншчыны, куды трапілі многія з праваслаўных храмў нашага раёна.
У 2008 годзе ў Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла творчая вечарына “Фарбы зямлі маёй”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння і 45-годдзю творчай дзейнасці мастака Пятра Сцяпанавіча Мысліўца. Сціплы чалавек, таленавіты творца, ён на працягу ўсяго свайго свядомага жыцця найгалоўнейшай з узнагарод лічыць людскую ўдзячнасць, найвышэйшай адзнакай — людскую пахвалу. Драгічынскі мастак стварыў больш за 4 тысячы эскізаў, замалёвак і карцін. Пейзажы Мысліўца можна ўбачыць у музейных экспазіцыях у Пінску, Іванаве і Брэсце, яны прысутнічаюць у прыватных калекцыях аматараў жывапісу Беларусі, Літвы, Украіны, Узбекістана, Бельгіі, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі і іншых краін свету. Сваё мастацкае прызванне Пётр Мыслівец бачыць у тым, каб увекавечыць для нашчадкаў выявы роднага Палесся.
Пётр Сцяпанавіч Мыслівец творыць і сёння, праводзячы шмат часу ў сваёй майстэрні, нягледзячы на шаноўны ўзрост. За гады творчых пошукаў мужчына ўдастоіўся дыплома Саюза мастакоў СССР (1987), быў узнагароджаны ордэнам Прападобнага Серафіма Сароўскага (2005), а таксама неаднаразова з’яўляўся лаўрэатам абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаў выяўленчага мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі.
- Фарбы Палесся : [пра мастака П. С. Мысліўца] // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 446–447.
- Мыслівец Пётр Сцяпанавіч : [біягр. даведка] // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 271.
- Валасюк, Л. Дыханне зямлі маёй : [пра П. С. Мысліўца; карціны «Адлёт буслоў», «Буслы прыляцелі»] // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 134–135.
- Сітуха, У. Землякі : [паэма : вершаваныя радкi пра «Мысліўца Пятруху»] / Уладзімір Сітуха. Брэст : Альтэрнатыва, 2008. С. 129–130.
- Рассафонов, А. Как прекрасен этот мир : [о творческом пути художника П. Мысливца] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2017. 5 красавіка. С. 3.
- Братченя, Е. Спасибо художнику : [подарок П. Мысливца — роспись на стенах остановочных павильонов «Попина»] / Елена Братченя // Драгічынскі веснік. 2008. 17 снежня. С. 2.
- Волкович, А. Юбилей на фоне аистов : [П. Мысливцу — 70 лет] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2008. 28 августа. С. 10.
- Міхайлаў, А. Юбілей творчага таленту : [пра вечарыну ў Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы да 70-годдзя з дня нараджэння i 45-годдзя творчай дзейнасцi мастака П. С. Мыслiўца] / Алесь Міхайлаў // Драгічынскі веснік. 2008. 13 жніўня. С. 3.
- Палессе Пятра Мысліўца : [П. Мыслівец — мастак-пейзажыст з г. Драгічына Брэсцкай вобласці] // Гоман. 2006. Вып. 3. С. 363.
- Супрун, С. Фарбы роднага краю : [пра творчасць П. Мысліўца] / Сцяпан Супрун // Народная трыбуна. 2004. 28 лютага.
- Касмянчук, С. «Зямля-кармiлiца» : [пра выставу жывапiсу П. С. Мыслiўца ў Драгічынскім ГДК] / С. Касмянчук // Драгiчынскі веснік. 2003. 3 снежня.
- Ткачук, Н. Настальгія па Палессі : [пра мастака П. Мысліўца] / Ніна Ткачук // Драгічынскі веснік. 1998. 19 жніўня.
- Мыслівец, П. Сеяць у душах дзяцей добрае і прыгожае : [мастак пра выхаванне дзяцей] / Пётр Мыслівец // Драгічынскі веснік. 1997. 19 лістапада.
- Супрун, С. Фарбы Палесся : [пра жывапісца П. С. Мысліўца] / С. Супрун // Народная трыбуна. 1995. 30 снежня.
- Тураў, У. Пётр Мыслівец не Марк Шагал, але ж і яго карціны раскіданы па ўсім свеце / У. Тураў // Вечерний Брест. 1995. 21 июля.
- Гедзька, З. Натхненне чэрпаецца з родных краявідаў : [пра мастака П. С. Мысліўца] / З. Гедзька // Драгічынскі веснік. 1995. 15 красавіка.
- Каско, А. «Няхай я мастак і незапатрабаваны…» : штрыхі да вобраза «наіўнага» творцы [Пятра Мысліўца] / Алесь Каско // Звязда. 1994. 29 верасня. С. 4.
- Трафімчук, М. Палессе Пятра Мысліўца : [пра жыццёвы і творчы шлях мастака П. Мысліўца] / Мікола Трафімчук // ЛІМ. 1990. 26 кастрычніка. С. 14.
- Шалайский, В. Краски Полесья / В. Шалайский // Нёман. 1982. № 10.
- Зарецкий, П. Рассказали кисти : [в выставочном зале Брестского отделения Союза художников БССР 27 мастеров народного творчества представили свои работы, в т. ч. П. С. Мысливец] / П. Зарецкий // Запаветы Леніна. Драгiчын, 1981. 17 ліпеня. С. 2.
- Жушма, В. Будут новые полотна : [творчество художника П. С. Мысливца] / В. Жушма // Сельская газета.1978.12 февраля.