Гэты твор — рэтраспектыва падзей, якія адбываліся падчас станаўлення падпольнага і партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Асновай сюжэта паслужыла адноўленая аўтарам біяграфія магіляўчаніна Леаніда Дзмітрыевіча Лорчанкі, які быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза за подзвіг, здзейснены 18 ліпеня 1943 года. Праз свайго героя Васіля аўтар дзеліцца думкаю: такіх Герояў, як Лёня Лорчанка, было многа, але яны невядомыя: «Сэнс не толькі ў пошуку адказаў, але і ў пастаноўцы адзінага пытання… Колькі іх? Сапраўдных герояў, якія набліжалі Вялікую Перамогу на фронце ды ў тыле… Тых, пра каго мы чулі з дзяцінства, і тых, чые прозвішчы мы ніколі не знойдзем, гледзячы на помнікі Невядомаму салдату ды на пустыя радкі на брацкіх магілах…». Чырвонай ніткай праз усю кнігу праходзіць верш, прысвечаны Лёні Лорчанку. Менавіта такое ўніверсітэцкае заданне і выконвае Васіль: ён распавядае пра Героя ў творчай форме. Цікава, што спачатку Андрэй Дарожкін напісаў менавіта верш, а ўжо пасля ў яго з’явілася ідэя п’есы. Уражвае, з якой павагай Андрэй Дарожкін распавядае пра свайго героя, тлумачыць сэнс яго задання, з якога Лёня так і не вярнуўся… Сэнс задання «не ў рыфмах і рытме, не ў колькасці дат на адной старонцы…» Дзякуючы твору чытач (а ў будучым, хочацца верыць, і глядач) зможа «прайсці» з Лёнем плячо ў плячо праз усе выпрабаванні. Менавіта такія гісторыі падштурхоўваюць яшчэ больш даследаваць гісторыю сваёй краіны і памятаць яе герояў. І ўсё ж, паколькі гэта п’еса, хочацца пажадаць аўтару, каб яго твор некалі ажыў на сцэне. Тым больш, што тэма актуальная не толькі з нагоды 9 Мая… Пра такія рэчы варта памятаць заўсёды!

























