У кожнага чалавека ёсць мова, якая завецца роднай. Мова – душа народа, векавая памяць пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў.
Драгічынская дзіцячая бібліятэка запрасіла навучэнцаў 6«Г» класа ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Драгічына» на інтэрактыўную праграму “Родная мова – айчыны аснова”, прысвечаную Дню родных моў. Бібліятэкар нагадала хлопчыкам і дзяўчынкам, што нам у спадчыну засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова – паводле даследванняў ЮНЭСКА беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай. Мілагучная, багатая, жывая, песенная і старажытная… Наша мова заслугоўвае, каб яе любілі і на ёй размаўлялі!
Школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй Міжнароднага дня родных моў, даведаліся, што ў свеце зараз больш за тры тысячы моў знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Дзеці слухалі вершы беларускіх пісьменнікаў. А потым школьнікаў запрасілі на лялечны спектакль “ Бабіна навука.”