Штогод, у першую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Гэтае свята стала значнай падзеяй у культурным жыцці нашай краіны. Углядаючыся ў шматвяковую гісторыю, мы пераконваемся ў тым, наколькі значны ўклад зрабілі нашы славутыя землякі-асветнікі ў сусветную духоўна-культурную скарбніцу. І мы па праву ганарымся сваёй культурнай спадчынай і таленавітымі людзьмі. Сёлета мы адзначаем вельмі важную для нашай культуры і дзяржаўнасці падзею – 505-год беларускага кнігадрукавання. Імя
7 верасня для вучняў 9-х і 10-х класаў сярэдняй школы №1 г.Драгічына прайшоў гістарычны час «Яна крыніца ведаў – Скарынінская кніга».
У ходзе мерапрыемства вучні пазнаёміліся з цікавымі фактамі з жыцця знакамітага беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны, з асаблівасцямі афармлення старадаўніх кніг, даведаліся, што ў мінулым кніга шанавалася, як сапраўдны скарб, а Біблія Скарыны стала першай друкаванай кнігай, выдадзенай на старабеларускай мове, паклаўшы пачатак беларускаму кнігадрукаванню.
Францыск Скарына пакiнуў нашчадкам кнiгi, у якiх засталiся самыя патаемныя, выпакутаваныя яго думкi. Гэтыя кнiгi вялiкага беларуса ўспрымаюцца сёння як самая дарагая нацыянальная святыня, як сiмвал усёй тысячагадовай беларускай культуры. Як запавет нашчадкам даносяцца да нас з XVI стагоддзя пранiкнёныя i мудрыя словы Ф. Скарыны: «Любiце кнiгу, бо яна – крынiца мудрасцi, ведаў i навукi, лекi для душы».
Пасля мерапрыемства вучні маглі дакрануцца да каштоўнейша дара – факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», якое цяпер ёсць і ў Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
І факсімільнае ўзнаўленне скарынаўскай спадчыны, выкананае на высокім паліграфічным узроўні, з абсалютным захаваннем асаблівасцей іх арыгіналаў, нават набытых з часам пашкоджанняў, стала адным з найважнейшых актаў яе вяртання на радзіму першадрукара. Дзеля гэтага арыгінальныя тэксты былі ўпершыню перакладзены на сучасную беларускую, а таксама рускую і англійскую мовы, каб стаць максімальна даступнымі. Упершыню кожная з гэтых кніг паасобку прааналізавана і апісана на трох мовах, а ўсе даследаванні і пераклады ўключаны ў склад факсімільнага выдання. Атрымаўся 20-томнік плюс яшчэ адзін том дадаткаў, дзе апавядаецца і пра гэты асветніцкі праект.
Сёння кніжная спадчына Францыска Скарыны ўспрымаецца як самая дарагая нацыянальная рэліквія, а яго імя – як сімвал усёй тысячагадовай беларускай культуры.