Кожны дыялект – гэта не проста набор слоў і гукаў. Гэта жывая гісторыя нашага народа, адлюстраванне яго побыту, традыцый, мудрасці, якія перадавалася з пакалення ў пакаленне. Дыялекты – гэта скарбніца, дзе захоўваюцца ўнікальныя выразы, прыказкі, песні, якія не заўсёды трапляюць у літаратурную мову, але менавіта яны робяць нашу мову багацейшай, ярчэйшай, надаюць ёй асаблівы каларыт. Захаванне дыялектаў – гэта захаванне нашай ідэнтычнасці, нашай памяці пра продкаў. Калі знікае дыялект, знікае і частка культурнай спадчыны, частка душы народа. Наша мова, як і любая жывая мова, падобная да магутнага дрэва. Яе ствол – гэта літаратурная норма, якая дазваляе нам разумець адзін аднаго па ўсёй краіне, чытаць кнігі, глядзець спектаклі. Але карані і галіны, якія разыходзяцца ў розныя бакі, – гэта нашыя дыялекты. Яны сілкуюць ствол, даюць яму жыццёвую энергію, робяць яго моцным і разгалістым. Без гэтых каранёў дрэва не выжыве.
Наша кухня – гэта ж сапраўдны скарб, які неадрыўна звязаны з нашымі дыялектамі. Вось мы вельмі любім бульбу. Але ж у кожнай вёсцы яе называюць па-свойму, гатуюць па-свойму Бо ў кожнай страве не толькі смак бульбы, а захаваўся смак нашай любові, смак нашай сям’і, смак нашай роднай зямлі.
11 сакавіка ў мэтах захавання і папулярызацыі культурных традыцый ў цэнтральнай бібліятэцы прайшоў «Дзень дыялектнага прысмаку», у рамках якога адбылося знаёмства з дыялектамі праз ежу, гісторыю і спевы. У шчырай атмасферы свята традыцый супрацоўнікамі сельскіх бібліятэк ДУК «Драгічынская РЦБС» былі прадстаўлены ўнікальныя стравы з розных куткоў раёна i сапраўдныя рэцэпты на мясцовых дыялектах.
Ганаровы госць мерапрыемства, кіраўнік клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Прысмакі” Леснікоўскага Дома фальклора Лукьяновiч Валянціна Мікалаеўна прадставіла стравы сваёй мясцовасці.
Ну і вядома ж, якое свята без музыкі…Таленты і зоркі Драгічыншчыны падарылі гасцям прыгажосць гукаў і мелодый народных інструментаў.
Дыялекты – гэта іншыя, часам вельмі старажытныя формы і словы, якія захаваліся ў пэўных мясцовасцях. Давайце шанаваць гэтую разнастайнасць! Бо мова – гэта не проста словы, гэта наша душа, наша сэрца, наша будучыня. І чым больш мы будзем яе любіць і шанаваць, тым мацнейшай і прыгажэйшай будзе наша Беларусь.



























