Анатоль Ільіч Зосік (удзельнік вызвалення Беларусі ў ВАв, поўны кавалер Ордэна Славы)
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Анатоль Ільіч Зосік (удзельнік вызвалення Беларусі ў ВАв, поўны кавалер Ордэна Славы)

Назад

Анатоль Ільіч Зосік (удзельнік вызвалення Беларусі ў ВАв, поўны кавалер Ордэна Славы)

Анатоль Ільіч Зосік (удзельнік вызвалення Беларусі ў ВАв, поўны кавалер Ордэна Славы)

Анатоль Ільіч Зосік

Анатоль Ільіч Зосік нарадзіўся 15 лістапада 1924 г. у вёсцы Гурка (з 1976 г. у складзе вёскі Закозель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З дзяцінства ведаў сялянскую працу, дапамагаў бацьку па гаспадарцы. З 1940 г. жыў у свайго дзядулі ў в. Хідры, дзе і застала яго вайна.

У час Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанскім атрадзе імя М.А. Шчорца, што базіраваўся ў раёне вёскі Сварынь. Карэнасты, чарнавокі, з віхрастым смалістым чубам юнак быў партызанскім сувязным, не аднойчы, выконваючы адказныя заданні, рызыкаваў жыццём. У лютым 1944 г. партызаны адправілі цяжкапараненых за лінію фронту, Анатолю Зосіку было даручана іх суправаждаць.

У сакавіку 1944 г. Анатоля Зосіка залічылі ў Чырвоную Армію. Быў адпраўлены стралком 1026-га стралковага палка 260-й стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі і Польшчы, у баях на тэрыторыі Германіі.

Чырвонаармеец А.І. 3осік 2 жніўня 1944 г. пры адбіцці контратакі праціўніка ў раёне горада Міньск-Мазавецкі (Польшча) у крытычны момант боя, калі канчаліся боепрыпасы, пад агнём даставіў скрыню патронаў, што дапамагло падраздзяленню выканаць баявую задачу. Загадам па 260-й стралковай дывізіі ад 21 жніўня 1944 г. ён быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. У кастрычнiку 1944 г. падраздзяленне, дзе ваяваў А.І. Зосік, атрымала заданне пераправіцца праз Буг ля польскага горада Уладава і забяспечыць пераправу палка. Тут, у баях за Уладаву, Анатоля Зосіка ўпершыню цяжка параніла.

Камандзір стралковага аддзялення 1026-га стралковага палка сяржант А.І. 3осік 17 сакавіка 1945 г. у баі на поўдзень ад горада Штэцін (Германія, цяпер – г. Шчэцін, Польшча) умела камандаваў аддзяленнем, першым уварваўся ў размяшчэнне праціўніка, асабіста знішчыў каля дзесяці гітлераўцаў і аднаго захапіў у палон. 6 красавіка 1945 г. узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 сакавіка 1956 г. пераўзнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені.

13 красавіка 1945 г. Анатоль Ільіч узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 сакавіка 1956 г. пераўзнагароджаны ордэнам Славы 2-й ступені. Вайну закончыў на рацэ Эльба камандзірам узвода. У кастрычніку 1945 г. старшына А.І. 3осік дэмабілізаваўся, вярнуўся на Драгічыншчыну, працаваў ваенруком у школе.

У 1947 г. па пуцёўцы камсамола Анатоль Зосік пайшоў служыць у органы МУС. Амаль тры дзесяцігоддзі служыў у лінейным аддзяленні транспартнай міліцыі на станцыі Брэст-Цэнтральны. Закончыў вячэрнюю сярэднюю школу. Быў назначаны камандзірам аддзялення, праявіў сябе ўзорным начальнікам, яго аддзяленне займала прызавыя месцы ў спаборніцтвах за лепшае міліцэйскае падраздзяленне. А.І. Зосік разам з падначаленымі затрымліваў злачынцаў і парушальнікаў грамадскага парадку. Быў узнагароджаны медалямі «За отличную службу по охране общественного порядка», «За отличие по охране государственной границы», знакам «Отличник милиции» і інш. Таксама ў розны час Анатоль Ільіч атрымаў ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, «За службу Родине» 3-й ступені.

З 1975 г. старшыня міліцыі А.І. Зосік знаходзіўся ў запасе. Да 1985 г. Анатоль Ільіч працаваў у вайсковай частцы. Яго імя занесена ў «Кнігу гонару МУС БССР». Удзельнічаў у парадах Перамогі на Чырвонай плошчы (Масква) у 1985 і 1995 гг. Быў членам камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны пры Брэсцкім гарвыканкаме.

Анатоль Ільіч Зосік памёр 14 мая 2003 г.

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?