Алесь САВІЦКІ УЗАРАНАЕ ПОЛЕ - Дрогичинская районная централизованная библиотечная система
BE RU
Адрес: 225612, г. Дрогичин, ул. К. Маркса, 3, Беларусь
Тел/факс: 8-01644-5-95-69, 2-04-18; E-mail: drgcrb@brest.by

Алесь САВІЦКІ УЗАРАНАЕ ПОЛЕ

Савіцкі, А. А.
Узаранае поле : аповесць / Алесь Савіцкі. — Мінск :
выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2014. — 86 с. — (Дзеці
вайны).
ISBN 978-985-7058-90-7.
Аповесць «Узаранае поле» — плён роздуму Алеся Савіцкага, пісьменніка-франтавіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі
Рэспублікі Беларусь, Ганаровага грамадзяніна Полацка,
пра ваеннае мінулае, пра сувязь пакаленняў, пра духоўны
стан чалавека ў лёсавырашальнай сітуацыі на мяжы жыцця
і смерці. У творы, што ўпершыню ўбачыў свет у 1978 годзе,
аўтар паказвае, якой цаной заплаціў наш народ за перамогу
над ворагам у Вялікай Айчыннай вайне і з каго сучаснай моладзі можна браць прыклад.
Выданне адрасавана шырокаму колу чытачоў, але ў першую чаргу — прадстаўнікам маладога пакалення, бо ім жыць
і працаваць у Беларусі, свабоду якой у баях адстойваў кавалер ордэна салдацкай Славы Алесь Савіцкі.
УДК 792.2.071.2(476)
ББК 85.334(4 Беи)
ISBN 978-985-7058-90-7 © Савіцкі А. А., 2014
© Афармленне.
ТДА «Выдавецтва
“Чатыры чвэрці”», 2014
C13
1
Загад камандзіра атраднай разведкі быў ясны
і зразумелы: разведчык Алег Сверыц на два дні накіроўваецца ў гаспадарчы ўзвод.
Але ў гэтай яснасці было столькі крыўднага, што
Алегу падалося, быццам ён нешта недачуў, нешта не
зразумеў, не ўсё спасціг належным чынам.
— У распараджэнне Гонты? — несправядлівасць
апякла, Алег як захліпнуўся ад крыўды, нейкі час стаяў з адкрытым ротам і збянтэжана міргаў, нібыта пыл
трапіў у вочы, потым падаўся наперад, як хацеў лепей
разгледзець Лысюка, абурана выпаліў: — Мяне?
— Цябе, дружа мой. Цябе, — падкрэслена сяброўскім тонам пацвердзіў сваё распараджэнне Лысюк.
Гэта быў загад, і Алег ведаў, што яго трэба не абмяркоўваць, а выконваць. Але крыўда пякла, і ён, усё з той
жа збянтэжанасцю, як бы даводзячы ў першую чаргу
сабе, прамовіў зацята:
— Не маеце права! Не маеце!
Лысюк зноў аніяк не пакрыўдзіўся, разважліва
пагадзіўся:
— Можа, не маю. А можа, маю.
— Я — разведчык! — з горыччу выціснуў з сябе Алег.
— Калі ты сапраўдны разведчык, дык павінен не
пароць гарачку, а спачатку пра ўсё дазнацца: куды
пасланы, навошта, з якой мэтаю. I, дазнаўшыся, загад
выконваць. Загад ты зразумеў?
4 Алесь Савіцкі
— Самі ж усё патлумачылі: бульбу саджаць! Хіба ж
не так?
— Але…
Лысюк пагадзіўся таропка, з паблажліваю ўсмешкаю на твары, нібыта спачуваючы Алегу і просячы
болей не пярэчыць. Ён прыслухоўваўся да франтавой
кананады, водгулле якой цяпер было дужа выразнае.
Учора грымела далёка за Дзвіной, а сёння наблізілася,
бы выкочвалася з лесу па гэты бок ракі, ішла несціханымі грукатлівымі хвалямі.
— Грымі-і-іць… — зазначыў ён усё тым жа радасным
і рахманым голасам, нібыта ўвесь час пра гэта, пра
кананаду, і ішла ў іх размова з Алегам. — Берасцянкі
нават папрыціхалі, слухаюць. Ха-аро-ошую нашы прыкурку фашысту даюць. I мы падкінем яму агню.
З ранейшай, непрыхаванай крыўдай Алег зноў абурыўся:
— А я? Нашы фашысту прыкурку даюць… Атрад
калашмаціць фашыстаў пойдзе… А я?.. З гаспадарнікамі бульбу саджаць?
— А хто ж яе пасадзіць? — шчыра здзівіўся Лысюк.
— Вёскі фашысты папалілі. Цягло ў людзей пазабіралі… Народ на нас, партызанаў, спадзяецца. Правільна спадзяецца?
Паваротка ў гаворцы была такая нечаканая, што
Алег адразу ж і пагадзіўся:
— Правільна.
Лысюк спытаўся з усміхам:
— Чаго ж тады на мяне ціснеш?
— Я не цісну. Я даводжу: зняць мяне з адказнага задання не маеце права!
— Давай… тлумач… мае правы, — прамовіў Лысюк,
з роўнымі інтэрваламі стукаючы цыгарэцінай па трафей-
УЗАРАНАЕ ПОЛЕ 5
ным пачку, які выцягнуў з кішэні мышастага нямецкага фрэнча. — Нешта апошнім часам, пад канец вайны,
ва ўсіх правы вялікія знайшліся. Патлумач ты мне,
з чаго гэта? А я пакуру і паслухаю.
Лысюк зняў фрэнч, кінуў яго на карычневае ігольчатае лісце багуна і сеў, прыхінуўшыся спінаю да сасны. Ён яшчэ больш палагаднеў тварам, быццам начыста закрэсліў усю турботу, моўчкі паказаў рукою на
старую пасохлую асіну, што расла ўнізе, на ўскрайку
балаціны.
Дрэва, на якое паказаў Лысюк, спачатку нічым не
зацікавіла Алега. Вядома, дзеля чаго гэта робіцца!
Выпхнуў яго, Алега, у гаспадарчы ўзвод і зарадаваўся, нібыта дамогся нечага дужа важнага для сябе! I на
старую асіну за балацінаю ён знарок глядзіць, каб ад
яго, Алега, адчапіцца. Не, ён, здаецца, сіваграка цікуе,
што сядзіць на асінавай крывульцы. Дзіўна як, бы зламалася, галіна выпірае ў бок ад усіх, навісае над маладой сасонкаю. I сіваграк нібыта прывязаны да яе,
угрэўся на сонцы, ківаецца.
Алег нечакана астыў і адчуў сорам. Перагнуў ён
палку, пачаўшы спрэчку з камандзірам атраднай разведкі! Ён жа заўсёды дакладна выконваў загады сваіх
камандзіраў. I дзіўна не толькі гэта. Лысюк, які —
увесь жа атрад тое ведае добра! — спрэчак не любіць,
пярэчанняў не церпіць, сёння пярэчанні не толькі выслухаў, але і загадвае працягваць іх, заахвочвае да тых
пярэчанняў!
— Можа, не тое я сказаў… — прамовіў Алег вінаватым голасам і быў у сваім прызнанні шчыры. — Але ж
крыўдна мне. Два гады ў разведцы…
— Адзін, — удакладніў Лысюк.
6 Алесь Савіцкі
— Два! Што вы гаворыце? Два ж гады я ў разведцы!
Лысюк шчыра засмяяўся:
— Хоць ты яму кол на галаве чашы — сваё чаўпе.
Адзін сіваграк, кажу. А ён — гады мне свае. Баішся,
што нехта іх сабе перапіша?
— Я гэтага не баюся. Але хачу, каб было па справядлівасці ўсё…
— Па справядлівасці і ёсць, — сказаў Лысюк, і Алег
чакаў, што крыўдны загад будзе зараз бязлітасна
скасаваны. Але Лысюк дадаў зусім не пра гэта — пра
сіваграка: — I ўчора за ім сачыў. I сёння… Прыляціць
і сядзіць, бы ў жалобе якой. I ўсё — адзін-адзінюткі.
Мабыць, без гняздзечка свайго ўласнага… Зараз паляціць…
Але сіваграк па-ранейшаму быў нерухомы, нікуды
не імкнуўся ляцець, нават ківацца перастаў, і здавалася, што ён нежывы, што нехта прывязаў да асінавай
галінкі-крывулькі прыгожа размаляваную цацку. Нечакана ён зварухнуўся, і яркія сонечныя бліскаўкі пакаціліся зыркімі камячкамі з дзюбкі на тоўсценькую
шыйку і ўспыхнулі агніста, бы ўзарваліся на крыльцах.
— Відаць, другога фашыст падбіў. Памятаеце, як
яны ў Пятроўцах усіх галубоў пастралялі?
— Спачатку людзей яны пастралялі. А галубоў у другі раз, калі наляцелі. I па табе, як па тым галубе, білі…
— Але ж не пацэлілі! Жывы вось!
— Твая зорка шчаслівая. Таму…
У голасе Лысюка гучалі цяпер ноткі прыязнасці
і цеплыні, і гэта расчуліла Алега, і ён, вельмі ўзрадаваны з таго, што камандзір не папракнуў за той недагляд у разведцы пад Пятроўцамі, прызнаўся:
— А мяне ж сіваграком у школе дражнілі. Прыляпілі былі мне мянушку…
УЗАРАНАЕ ПОЛЕ 7
— Ты, здаецца, пра гэта не расказваў. З чаго ж табе
яе прыляпілі?
— Сачыненне ў сёмым пісалі. Перад вайною. Хочаце паслухаць?
— Можна.
— Настаўніца, памятаю, сказала: «Пішам сачыненне
пра тое, як прайшоў у кожнага першы вясновы дзень,
пра тое цікавае, што ў ім здарылася. Можна проста
зрабіць замалёўку прыроды, вясны…»
Прамовіўшы гэта, Алег як наяве ўбачыў сябе ў той
дзень.
…Апошняя прапанова была яму вельмі да душы,
і ён смела вывеў у сваім сшытку назву сачынення —
«Вясновы дзень». Хутка і ўпэўнена напісаў пра тое,
што вясною зелянее трава, расцвітаюць кветкі, свеціць зіхатлівае сонца і вельмі ж хораша на поплаве ля
рэчкі. А пра што пісаць далей, не ведаў.
Перагарнуўшы старонку вучнёўскага сшытка, ён
зірнуў у акно і ад хвалявання моцна сціснуў зубамі
кончык тонкай драўлянай ручкі. Сіваграк! На старым
клёне ў кутку школьнага падворка — сіваграк! Зялёна-блакітны, з рудаватаю спінкаю. Паводзіць сябе
неяк дзіўна, не сядзіць на адным месцы, увесь час
падскоквае ля чорнай плямкі над галінкаю. Цяпер
выцягвае шыю, быццам збіраецца дзяўбці дрэва… О!
Гэта ж не плямка! Гэта ж дупло там!
I другі сіваграк адтуль пырхнуў. Два сядзяць. А можа,
дваіцца гэта ў вачах? Не! Адзін сіваграк даў нырца
ў чорную адтуліну над кляновай галінай. Значыцца,
гняздзечка ў іх там. А ён, Алег, улетку аніякага дупельца не згледзеў, калі ўскараскваўся на дрэва. Летась,
відаць, не было. А цяпер — ёсць. Не, проста ён тады
не заўважыў дупельца. Вось жа не заўважыў зараз, як
8 Алесь Савіцкі
знік і другі сіваграк. Пуста на галіне, толькі адтулінка
чарнее. Відаць, некуды падсілкавацца паляцеў. Цікава,
а што ядуць сівагракі? Трэба запытацца ў настаўніцы.
А навошта? Ён проста напіша ў сваім сачыненні пра
гэтых птушак — якраз пра вясну і будзе.
Час ад часу пазіраючы ў акно, Алег пісаў пра тое,
які прыгожы клён расце на школьным падворку, пра
тое, што ёсць на гэтым дрэве дупло, якога ніхто не
заўважыў. А сівагракі вось знайшлі. Зарадаваліся, відаць, дужа, знайшоўшы гэткае ўтульнае жытло: і ў спякоту не горача, і ў дождж не залье, і вецер не студзіць.
Пісалася незвычайна лёгка, зграбныя, ёмкія словы
нібыта самі беглі і клаліся на паперу. Ажно чатыры
старонкі ўжо! Вось гэта — клас! I сіваграк сядзіць на
галінцы. Значыцца, паснедаў. I, відаць, нешта смачнае
на сняданак знайшоў. Задаволены сядзіць, пёркі чысціць. Зялёныя і блакітныя пёркі ў яго. А на спінцы —
рудаватыя, як падпаленыя. I глядзіць сіваграк сюды,
на школьны будынак.
Можа, адчувае сіваграк, што ён, Алег, піша пра яго
сачыненне…
— Што, Сверын, цікавае адшукалася за акном?
Алег здрыгануўся ад гэтага раптоўнага запытання,
няўцямным позіркам паглядзеў на настаўніцу, якая
стаяла ля яго парты, выгукнуў радасна, быццам зрабіў
дужа важнае і цікавае адкрыццё:
— Сіваграк!
У класе дружна засмяяліся. Усміхнулася і Валянціна
Фёдараўна, але стрымана, краёчкам вуснаў. Узяўшы
Алегаў сшытак, здзівілася:
— Ты гэта ў класе паспеў напісаць?
— Ну… Я пра сіваграка пішу, ён на нашым клёне
жыве. У іх там, мабыць, гняздзечка ў дупле.
УЗАРАНАЕ ПОЛЕ 9
— Ты назіральны. Гэта добра.
Настаўніца ўзялася была чытаць сачыненне. Але тут
зазвінеў званок, і Алегаў сшытак апынуўся ў агульным
стосе. У класе — урок літаратуры быў апошні — адразу ж усчаўся гармідар, усе сыпанулі са школы.
— Гэй, сіваграк! — гукнулі Алегу, калі ён выбег на ганак. — Мы ў лес ляцім, смаржкі збіраць! Давай з намі,
сіваграк! Пойдзеш?
Алег, бы слуп, стаяў на ганку. Мянушку прыляпілі
ўжо! I хто! Віктар Кірчык, найлепшы Алегаў сябар.
Яшчэ і рагоча!
— Не пайду, — пакруціў галавой Алег і тут жа вырашыў, што ён і сапраўды не пойдзе, хоць у лес ісці разам з хлопцамі яму вельмі хочацца. — I калі я сіваграк,
дык ты… ты варона, калі хочаш ведаць!
— Э-ээ! Ён пакрыўдзіўся!
— Было б з чаго! Але ў лес не пайду! Тата казаў, што
бульбу давядзецца саджаць.
— Справяцца і без цябе, — сказаў Віктар. — Гайда!
Э-э, дык ты і сапраўды не хочаш?.. Пашкадуеш… Гэ-эй,
сівагракі! За мною!..
Дзіцячая чарада, гамонячы, неслася да лесу, а ён
стаяў на ганку і глядзеў услед. Ах, як жа яму карцела кінуцца разам з усімі! Але крыўда замінала тады
як след разабрацца ва ўсім, што адбылося. З чаго
крыўда? Мянушку далі? Бяды тэй! Трэба прыняць
усё за жарт, самому пажартаваць. I ў лес табе можна
было пайсці. Не, бегчы ў лес нельга. Сапраўды, бацька
казаў учора, што трэба саджаць бульбу, і зрабіў напамінак сёння ранкам, каб Алег не бавіўся пасля школы і адразу ж імчаў дамоў. Праўда, у гародзе не вельмі
і працы той, і можна было б з сябрамі гайсануць у лес.
Але трэба быць мужчынам: сказаў, што не пойдзе,
10 Алесь Савіцкі
значыцца, не пойдзе. А смаржкі? Няхай падрастуць
смаржкі, па іх можна і заўтра злётаць. I Віктар без яго,
Алега, не дужа-ткі і знойдзе тых смаржкоў. Ён у лесе
як шалёны робіцца: дурэе, галёкае… А грыбы трэба
збіраць спакойна, без тлуму, не спяшаючыся. Так што
заўтра можна будзе ў лес схадзіць. I заўтра тая недарэчная мянушка, напэўна, ужо з галавы Віктаравай
вылеціць…
На другі дзень ён сапраўды пайшоў з сябрамі ў лес
па смаржкі, і вярнуліся яны адтуль з поўнымі кошыкамі грыбоў. Але перад гэтым адбылася падзея неспадзяваная, нечаканая, непрадбачаная і вельмі важная — у класе. Настаўніца прынесла сачыненні, была
вельмі ўзрушаная і першым разгарнула Алегаў сшытак.
— Сверын мяне здзівіў. Вельмі прыемна здзівіў і ўзрадаваў, — сказала яна. — Самае лепшае сачыненне —
у яго. Добрых сачыненняў, праўда, багата гэтым разам. Але самае цудоўнае — ён напісаў. Я вам зараз
пачытаю…
Усе ў класе слухалі ўважна, і ён сам пачаў слухаць
з увагаю, як настаўніца чытала яго сачыненне, і дзівіўся, што сапраўды напісаў дужа ж хораша. Ён глядзеў
у акно на знаёмую галінку клёна, і яму здавалася, што
гэта не ён, Алег, пісаў сачыненне і што настаўніца не
чытае сшытак, а проста расказвае цікавую гісторыю
пра сівагракаў, якія вярнуліся з выраю ў родныя мясціны, знайшлі сваё ўтульнае леташняе жытло на старым клёне…
— Значыцца, сіваграк, — шматзначна сказаў
Лысюк. — А гэты, відаць, без гняздзечка, — паўтарыў
ён і новым, насмешлівым голасам запытаў: — Ты чаго
маўчыш? Я ўжо цыгарэціну дасмаліў, а тлумачэнняў

Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?