Ала Канстанцінаўна Кабаковіч-Тычына нарадзілася 7 сакавіка 1943 г. у вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Канстанцін Карпавіч Кабаковіч, у пошуках заробку ў 1930-я гг. ездзіў у Аргенціну, у ліпені 1942 г. быў расстраляны гітлераўцамі як камуніст і партызан. Маці, Надзея Сяргееўна Замкавец, працавала ў калгасе. Дзяўчынка расла сіратой, была ўражлівай, чулая да людскога болю, удзячная да самага малога выяўлення ўвагі. Ала Кабаковіч у 1959 г. з залатым медалём закончыла Гутаўскую сярэднюю школу. У 1964 г. з адзнакай закончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Два гады працавала ў сістэме Дзяржкамітэта БССР па радыёвяшчанню і тэлебачанню. Як журналістка рыхтавала радыёпастаноўкі паводле твораў М. Танка, У. Караткевіча, А. Вярцінскага, М. Святлова, Я. Еўтушэнкі і інш. У 1966 г. па рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў БССР паступіла ў літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве на перакладчыцкі факультэт, які закончыла ў 1971 г. Першыя яе вершы надрукаваны ў часопісе «Нёман» у 1970 г. Адначасова з вучобай працавала ў рэдакцыі часопіса «Дружба народаў», дзе публікавала свае пераклады з беларускай мовы вершаў У. Караткевіча, А. Вярцінскага.
Пісала вершы на беларускай і рускай мовах, вабіла яе і польская літаратура — добра ведала польскую мову. Як слухачка славістычных курсаў пры Варшаўскім універсітэце ў 1969-1971 гг. А.К. Кабаковіч выязджала ў Польшчу. З 1971 г. Ала Кабаковіч-Тычына працавала навуковым супрацоўнікам інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, Акадэміі навук БССР. За час працы абараніла кандыдацкую дысертацыю, выдала кнігі «Паэзія М. Багдановіча», «Беларускі свабодны верш».
Разам з І. Шпілеўскім і Н. Шукліной была суаўтарам манаграфіі «Паэзія абноўленага свету» (1981), дзе зрабіла панарамны агляд усемагчымых творчых эксперыментаў, на якія была такая багатая беларуская паэзія таго перыяду.
Сапраўдная паляшучка не толькі таму, што нарадзілася і гадавалася ў глушы Палесся, але і натурай (аднакурснікі звалі яе Лесяй — у гонар вядомай гераіні А. Купрына).
Ёй была напісана выдатная навуковая праца «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі», якая пабачыла свет ужо пасля такой раптоўнай смерці Алы Кабаковіч-Тычыны.
Яна азартна штудзіравала вышэйшую матэматыку і сапрамат. Каб яе лёс склаўся інакш, яна магла б стаць добрым кулінарам, мадэльерам, урачом. Спачатку яна стала радыёжурналістам, а потым раптам пачала пісаць вершы. Да лёсу сваіх вершаў адносілася досыць абыякава. Друкавалася рэдка. Найчасцей пісала-запісвала вершы на нейкіх лістках, у блакнотах, пісьмах і забывала пра іх. Сціпласць і павага да роднага слова, дзе працуюць майстры, утрымлівалі яе. Жыццялюбства Алы Канстанцінаўны ўвасобілася перш за ўсё ў любові да Радзімы, да роднага слова, у замілаванні да людзей, сярод якіх узгадавалася.
Яна пайшла назаўсёды, але справу маці працягваюць яе дочкі Кісліцына Ганна Мікалаеўна і Тычына Софія Міхайлаўна.
Дачка А.К. Кабаковіч ад першага мужа, Ганна Мікалаеўна Кісліцына, нарадзілася ў 1967 г. у Драгічыне, стала літаратуразнаўцам, крытыкам, доктарам філалагічных навук. Яе другі муж, Міхаіл Аляксандравіч Тычына, беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, доктар філалагічных навук, аўтар манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцяў, апавяданняў, адзін з аўтараў падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. Іх дачка, Сафія Міхайлаўна Тычына, нарадзілася ў 1982 г., таксама стала літаратуразнаўцам, пісьменніцай, кандыдатам філалагічных навук.
А.К. Кабаковіч-Тычына заўчасна памерла 11 лютага 1985 г. Пахавана на Паўночных могілках г. Мінска.
Ужо пасля смерці выйшла з друку яе навуковая праца «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі» (1989). У кнізе выбранага А.К. Кабаковіч-Тычына «Пасеянае ўзыдзе» (1991) апублікаваны вершы, пераклады і шматлікія артыкулы і рэцэнзіі, у якіх даследуецца творчасць многіх нашых паэтаў: М. Танка, Я. Стакова, М. Стральцова, Р. Барадуліна, Р. Баравіковай, П. Макаля і інш.