У ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі 16 ліпеня вызвалены Антопальскі раён воінамі 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі 9-га гвардзейскага стралковага корпусу 61-й арміі 1-га Беларускага фронту. У ноч з 16 на 17 ліпеня 1944 г. войскі 61-й арміі ўвайшлі на тэрыторыю Драгічыншчыны.
Найбольш значнай падзеяй вызвалення Драгічынскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з’яўляецца бой за горад Драгічын. Райцэнтр быў вызвалены ад акупантаў байцамі 669-га стралковага палка 212-й Крычаўскай ордэнаў Суворава і Кутузава Чырванасцяжнай дывізіі пад камандаваннем намесніка камандзіра палка Андрэя Іванавіча Дзеравянкі, які выконваў абавязкі камандуючага палка.
Раніцай 17 ліпеня, калі толькі пачало світаць, разведгруппы і сапёры палкоў пачалі прабірацца праз пасевы жыта да ўскраін горада. Але рух іх быў спынены моцным кулямётным агнём, варожую пяхоту падтрымалі артылерыя з пазіцый у Бронным і ў Сёманаўшчыне. Таму лугавіны, балоты і збажына паміж Ліпнікамі і Драгічынам з абодвух бакоў ад шашы шчыльна прастрэльваліся. Па ўсяму было відаць, што немцы пакінулі ў Драгічыне моцны заслон, гатовы сустрэць нашы перадавыя часці.
Атрымаўшы дадзеныя аб арганізаванай абароне праціўніка на подступах да Драгічына, камандаванне 212-й гвардзейскай стралковай дывізіі загадзя запрасіла авіападтрымку. Увесь агонь артылерыі дывізіі і артпалкоў быў сканцэнтраваны на ўскраіны горада. Па ўспамінах ліпніцкіх жыхароў, раніцаю ў бок Драгічына пачалася артпадрыхтоўка, якую падтрымаў налёт авіацыі. Здалёк былі бачны моцныя выбухі снарадаў і бомбаў.
Напалоханы савецкім агнявым націскам, праціўнік пакінуў рубеж абароны і адышоў у Драгічын. У гэты час з боку Ліпнік ланцугамі па жыце пачалі імкліва ісці батальёны 669-га стралковага палка падпалкоўніка Б. І. Гальперына. Па ўспамінах намесніка камандзіра палка А. І. Дзеравянкі, наступленне на Драгічын адбывалася з поўначы ад шашы батальёнам маёра Жукава, з поўдня ад дарогі – сіламі батальёна маёра Гурмана. Трэці батальён для прыкрыцця рухаўся воддаль ад перадавых.
Выкарыстаўшы панічнае адступленне гітлераўцаў з пакінутых рубяжоў абароны, чырвонаармейцы паспяхова наблізіліся да Драгічына і выбілі акупантаў з горада. Першым у горад уварваўся радавы Пётр Паўлавіч Скляр, у вулічным баю знішчыў двух салдат праціўніка. Усё што заставалася нямецкім войскам – адступіць і пакінуць тэрыторыю Драгічынскага раёна. На самай жа справе бой за горад быў не вельмі доўгім, але цяжкім. Па афіцыйных звестках, у баю загінулі 4 савецкія салдаты і 15 атрымалі раненні.
Драгічынскі раён вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 17 ліпеня 1944 г. палкамі 212-й стралковай Крычаўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі 61-й арміі генерал-лейтэнанта Героя Савецкага Саюза Паўла Аляксеевіча Бялова. У баях за вызваленне Драгічынскага раёна ў сучасных межах загінулі 275 савецкіх воінаў і партызан.
За вызваленне Драгічына ардэнамі і медалямі былі ўзнагароджаны больш за 20 салдат і афіцэраў 212-й гвардзейскай стралковай дывізіі. На гарадскіх могілках і ў гарадскім скверы ў брацкіх магілах пахаваны воіны і партызаны, якія загінулі ў баях з нямецка-фашыскімі захопнікамі. Адна з вуліц райцэнтра носіць назву ў гонар вызвалення – «вуліца 17 ліпеня». У 1965 г. на будынку Драгічынскага райвыканкама ўстаноўлена мемарыяльная дошка воінам-вызваліцелям і партызанам. Аб гераізме партызан і чырвонаармейцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны апавядае экспазіцыя Драгічынскага ваенна-гістарычнага музея імя Д. К. Удовікава.















